Ларыса Касцюк: «Я знайшла любімую справу жыцця»

Ларыса Касцюк: «Я знайшла любімую справу жыцця»

Ларыса Касцюк: «Я знайшла любімую справу жыцця»

15 Сентября 2021 543

Чалавек без любімай справы, што птушка без крылаў. І прыемна, калі чалавек знаходзіць сваю любімую справу жыцця, сваё прызванне. Захоплена сваёй прафесіяй загадчыца бібліятэкі сямейнага чытання Ларыса Касцюк.

Як жа трэба любіць кнігу, каб выбраць яе сваёй прафесіяй, я пацікавілася ў Ларысы Львоўны падчас нашай сустрэчы.

– Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы Масцішча. Настаўніцай і школьным бібліятэкарам працавала бабуля Ганна Паўлаўна Бузюк. Наведванне бібліятэкі мне заўсёды здавалася нейкім чараўніцтвам, у бібліятэцы своеасаблівая атмасфера. Я з таго часу нават памятаю, на якой старонцы ставіцца штамп – на 1 і 17. А яшчэ ў бібліятэцы стаяла фартэпіяна, гучала музыка, – расказвае мая суразмоўца. – І пазней, ужо падчас вучобы ў Пятрэвіцкай сярэдняй школе, я часта хадзіла ў бібліятэку, шмат чытала, марыла стаць настаўніцай. Аднак па парадзе бацькоў атрымала эканамічную адукацыю, закончыла Беларускі камерцыйны ўніверсітэт упраўлення. І нават працавала па спецыяльнасці ў сферы гандлю. Але творчая жылка ў сэрцы, любоў да кніг падштурхнулі да змены прафесіі. У 2006 годзе я прыйшла на працу бібліятэкарам у гарадскую бібліятэку. Ужо працуючы ў бібліятэцы, завочна закончыла ўніверсітэт культуры.

У 2017 годзе Ларыса Львоўна ўзначаліла гарадскую бібліятэку, якая праз два гады была рэарганізавана ў бібліятэку сямейнага чытання і змяніла свой адрас. Сёння бібліятэка сямейнага чытання знаходзіцца па вул. Чырвонаармейскай, дзе гасцінна сустракае сваіх дарагіх чытачоў – як маленькіх, так і дарослых.

Творчая, неабыякавая, захопленая сваёй любімай справай Ларыса Касцюк – любімая жонка, дачка, матуля. Яна заўсёды з усмешкаю, заўсёды з пазітывам адносіцца да людзей, таму ніколі ціха і пуста ў бібліятэцы сямейнага чытання не бывае. Наогул, калектыў бібліятэкі вельмі ветлівы і добразычлівы, уважлівы. У бібліятэцы сямейнага чытання працуюць адданыя справе людзі.


Дзеці – частыя госці ў бібліятэцы. Яны прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, творчых майстэрнях, любяць паглядзець лялечныя пастаноўкі і самі часта выступаюць у ролі акцёраў. А многія дарослыя сюды прыходзяць не толькі па кнігі, а проста пагаварыць, параіцца, падзяліцца сваімі радасцямі. У сценах бібліятэкі право­дзяцца выстаўкі, разнастайныя мерапрыемствы, цікавыя сустрэчы, наладжана сувязь са школамі і праваслаўным сястрынствам.

Для Ларысы Касцюк бібліятэка – гэта другі дом. Тут яе любімыя чытачы і кнігі.

Вольга Пісар, «НЖ»