Лапікавае шыццё – прыгажосць у дэталях. У Навагрудскім цэнтры рамёстваў адкрылася выстаўка рукадзелля Іны Анікевіч і яе вучаніц

Лапікавае шыццё – прыгажосць у дэталях. У Навагрудскім цэнтры рамёстваў адкрылася выстаўка рукадзелля Іны Анікевіч і яе вучаніц

Лапікавае шыццё – прыгажосць у дэталях. У Навагрудскім цэнтры рамёстваў адкрылася выстаўка рукадзелля Іны Анікевіч і яе вучаніц

05 Февраля 2020 357

Вельмі папулярным у апошні час стаў такі від рукадзелля, як пэчворк або лапікавае шыццё. З дапамогай звычайнай іголкі, ніткі і тканіны майстрыхі ствараюць сапраўдныя шэдэўры лапікавага шыцця. У нашым горадзе таксама ёсць такая рукадзельніца Іна Анікевіч. Выстаўка работ у тэхніцы лапікавага шыцця «Лапічак да лапічка», на якой прадстаўлены работы майстрыхі і яе вучняў, адкрылася ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў.

Навагрудчанка Іна Анатольеўна Анікевіч рукадзеллем займаецца з дзяцінства. Вязала на спіцах і кручком, шыла, а лапікавым шыццём захапілася пасля таго, як матуля падарыла швейную машынку. Самастойна жанчына асвоіла розныя тэхнікі лапікавага шыцця (пэчворк, квілт, аплікацыя). Яе майстэрства з кожным годам удасканальвалася. З 2011 года Іна Анікевіч працуе метадыстам народных промыслаў і рамёстваў раённага Цэнтра рамёстваў, яна кіраўнік дзіцячага гуртка лапікавага шыцця «Вясёлка», таксама навучае шыццю жадаючых на паскораных курсах. Майстар актыўна ўдзельнічае ў выстаўках, майстар-класах, працуе над стварэннем калекцыі аўтарскіх работ. Іна Анікевіч дыпламант абласных і рэспубліканскіх конкурсаў: Лаурэат ІІ ступені абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Велікодны падарунак» у 2017 і 2019 гг., а таксама з’яўляецца дыпламантам конкурсу майстроў лапікавага шыцця «Віцебская мазаіка-2019» у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».







Разглядаючы гатовыя вырабы, выкананыя майстрыхай, міжволі здзіўляешся таму, якая вялікая работа, колькі цярпення ўкладзена ў кожны выраб. Каб ўвасобіць задуманае, аўтару неабходна сабраць усе наяўныя рэшткі і абрэзкі тканін, затым пасарціраваць па фактуры і колеры, стварыць эскіз і, нарэшце, злучыць кавалачкі тканіны ў суцэльнае палатно. Аказваецца, у такой тэхніцы можна ствараць не толькі карціны, але і прыгожыя пакрывалы, коўдры, сумачкі, а таксама і адзенне. Уласна пашыты касцюм прадэмантравала майстрыха падчас прэзентацыі выстаўкі.

– На першы погляд, тэхналогія сшывання лапікаў тканіны простая: выразаў і сшывай, увасабляючы ў жыццё сваю задумку. А на самай жа справе лапікавае шыццё патрабуе мастацкага густу, уседлівасці, акуратнасці, умення шыць, але галоўнае – трэба любіць рукадзелле, – дзеліцца сваімі думкамі пра пэчворк Іна Анікевіч. – Галоўнае, не баяцца эксперыментаваць з рознакаляровымі кусочкамі тканіны, якія потым доўга яшчэ захоўваюць цяпло жаночых рук і дораць яго навакольным. Калі я шыю, то забываюся пра ўсё, пэчворк – гэта маё жыццё. Існуе мноства відаў і тэхнік работы, якія я паступова спасцігаю, з гадамі прыходзіць вопыт. Рада таму, што гэты від рукадзелля падабаецца многім, а ў мінулым годзе пэчворкам зацікавілася Таісія Крупіца. Ужо чацвёрты год наведваюць гурток лапікавага шыцця «Вясёлка» юныя рукадзельніцы Аляксандра і Кацярына Ласкевічы. Свае работы – мяккія цацкі – дзяўчынкі дэманстравалі на раённым дзіцячым форуме, а таксама дораць іх малодшым братам.

Работы майстра народнай творчасці, члена народнага аматраскага калектыву «Клуб майстроў народнай творчасці «Каляровая альтанка» Таісіі Сямёнаўны Крупіцы таксама прадстаўлены на выстаўцы. Асабліва захапіла Таісію Сямёнаўну шыццё коўдраў з рознакаляровых лапікаў ў тэхніцы «квілт». Рукадзеллем жанчына займаеца ўсё жыццё. Яна майстарскі вяжа абрусы, сурвэткі, вышывае бісерам.








Пэчворк дае неабмежаваныя магчымасці для творчасці, што і прадэманстравалі ўдзельніцы выстаўкі. Лапікавыя карціны і пано былі настолькі незвычайнымі, што побач з некаторымі з іх публіка падоўгу затрымлівалася, спрабуючы разгадаць таямніцы шыцця, што чароўным чынам злучылі кавалачкі тканіны.

Падчас прэзентацыі выстаўкі майстрыхі правялі майстар-клас для ўсіх жадаючых. Разам стваралі невялікае пано.

Выстаўка ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў будзе працаваць да 1 сакавіка.

 

Вольга Пісар, «НЖ»