«Краіна маленства». Пабывалі ў яслях-саду №11 г. Навагрудка – невялікай, але вельмі ўтульнай і па-хатняму цёплай установе дашкольнай адукацыі

«Краіна маленства». Пабывалі ў яслях-саду №11 г. Навагрудка – невялікай, але вельмі ўтульнай і па-хатняму цёплай установе дашкольнай адукацыі

«Краіна маленства». Пабывалі ў яслях-саду №11 г. Навагрудка – невялікай, але вельмі ўтульнай і па-хатняму цёплай установе дашкольнай адукацыі

16 Ноября 2020 491

Працягваем знаёмства з установамі дашкольнай адукацыі раёна. Зазірнулі ў яслі-сад №11. Гэта невялікая, але вельмі ўтульная і па-хатняму цёплая ўстанова адукацыі, стала для дзяцей сапраўдным другім домам. Надвор'е ў гэтым доме стварае добразычлівы, творчы педагагічны калектыў. Адміністрацыя і выхавальнікі разумеюць дзіцячыя клопаты і патрэбы, кожны дзень разам са сваімі выхаванцамі радуюцца жыццю, вучаць іх сябраваць, дапамагаюць спраўляцца з цяжкасцямі і пераадольваць няўдачы.


– Наш дзіцячы сад – гэта тэрыторыя шчасця і псіхалагічнага дабрабыту для кожнага дзіцяці. Наш дзіцячы сад – гэта тэрыторыя цікавых спраў, якія разам з дзецьмі прыдумваюць і рэалізоўваюць дарослыя, – адзначае загадчык установы Таццяна Піута. – Прадуманы рацыён харчавання, камфортны сон, бяспечнае прадметна-развіваючае асяроддзе, пазнавальныя гульні і віктарыны, займальныя заняткі – вопытныя педагогі ператварылі жыццё дашкольніка ў казачную краіну дзяцінства. Кожны з нас імкнецца глядзець на свет вачыма дзяцей, быць ім сябрам, партнёрам, клапатлівай мамай і мудрым настаўнікам. Знайсці падыход да кожнага дзіцяці дапамагае цеснае супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў, актыўнае іх уключэнне ў адукацыйны працэс і абсталяванне прадметна-развіваючага асяроддзя, удзел у сумесных святах, забавах, конкурсах, выстаўках і інш.

Яслі-сад № 11 – сучасная ўстанова дашкольнай адукацыі, у якой гарманічна спалучаюцца інавацыі і традыцыі.



– Новыя ідэі і выпрацаваныя гадамі традыцыі – важныя складнікі жыцця дзіцячага сада. Укараненне ў адукацыйны працэс дашкольнікаў здароўезберагальных, інфармацыйна-камунікатыўных, новых гульнявых тэхналогій дапамагае нам развіваць дзіцячую самастойнасць, крэатыўнасць і ініцыятыўнасць, – расказвае Таццяна Аляксандраўна. – А сістэма традыцый і звычаяў стала эфектыўным сродкам выхавання дзяцей. З нецярпеннем чакаюць нашы выхаванцы, калі іх будуць віншаваць з днём нараджэння, з задавальненнем майструюць вырабы і сувеніры сваім родным на святы, з гонарам дэманструюць на выстаўках творчыя работы, якія стварылі сумесна з бацькамі, старанна наводзяць парадак на тэрыторыі дзіцячага сада падчас суботнікаў... Гэтыя і многія іншыя традыцыі знайшлі водгук у сэрцах не аднаго пакалення выхаванцаў, сталі часткай жыцця ўстановы. Упэўнена: наперадзе нас чакае нямала цікавых адкрыццяў і задач, якія мы будзем вырашаць сумесна з нашымі выхаванцамі і іх бацькамі.


Розныя, але разам

Яслі-сад № 11 – установа дашкольнай адукацыі, якая мае вялікі вопыт работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ва ўстанове функцыянуюць дзве групы інтэграванага навучання і выхавання і дзве спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы.

– У нашай установе кожнае дзіця, нягледзячы на існуючыя фізічныя, інтэлектуальныя, сацыяльныя, эмацыйныя, моўныя і іншыя асаблівасці, уключана ў адзіны адукацыйны працэс, – расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Кветка. – Гэта дазваляе «асаблівым» дзеткам адчуваць сябе раўнапраўнымі членамі грамадства, павышае ўзровень іх сацыялізацыі і камунікатыўных навыкаў. Дапамога аднагодкам з абмежаванымі магчымасцямі спрыяе выхаванню ў астатніх дзяцей уважлівасці, спагадлівасці, гатоўнасці прыйсці на дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу.


Вялікая работа ў дзіцячым садзе праводзіцца і па карэкцыі моўных расстройстваў дашкольнікаў. Дзякуючы рабоце вопытных настаўнікаў-дэфектолагаў, большасць выхаванцаў у школу прыходзяць з правільнай, прыгожай, выразнай мовай.


– Абавязковай умовай поспеху ў працы настаўніка-дэфектолага з'яўляецца ўключэнне бацькоў у працэс навучання. Гэта дазваляе значна павысіць эфектыўнасць заняткаў, стварыць адзіную прастору маўленчага развіцця дзіцяці, – адзначае настаўнік-дэфектолаг Іна Савіцкая. – Вучыць весела і лёгка, даць магчымасць кожнаму паверыць у свае сілы, раскрыць свае таленты, акцэнтаваць увагу на поспехах  – вось галоўная задача творчага педагога.

Вуснамі дзяцей

Не маглі не спытаць у выхаванцаў установы, за што яны любяць свой дзіцячы сад.


– Мяне ў дзіцячым садзе навучылі лічыць да дваццаці, – гаворыць Паліна. – А яшчэ мне падабаецца рабіць аплікацыі на занятках.

– У мяне тут шмат сяброў, мы гуляем у машынкі, – дадаў Уладзіслаў.

– У нашым дзіцячым садзе вельмі смачны амлет і добрыя выхавальнікі, –  падкрэсліла Ангеліна.

– Тут весела, асабліва на святы, – адзначыла Яна.

Формула бяспекі

Фарміраванне асноў бяспекі жыццядзейнасці ў выхаванцаў – адзін з прыярытэтных напрамкаў у рабоце педагогаў установы адукацыі.


– Сёння наш дзіцячы сад імкнецца забяспечыць дзецям высокі ўзровень агульнай культуры, у тым ліку і культуры бяспечных паводзін у грамадстве, – падкрэслівае выхавальнік Алена Грыц. – Сістэматычная работа педагогаў па фарміраванні ў выхаванцаў навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці, цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі, станоўчы прыклад дарослых – вось што дапамагае дашкольнікам вывесці сваю формулу бяспекі.

Экасцежка запрашае

Пазнанне роднай прыроды – крыніца першых ведаў дзяцей аб навакольным свеце. У займальнае падарожжа запрашае выхаванцаў ясляў-сада № 11 экалагічная сцежка, якая была закладзена летам педагогамі ўстановы.


– Разам з гаспадаром экасцежкі Экошай на станцыях «Туі», «Пянёк», «Рабіна», «Куток адпачынку», «Лясная паляна», «Бяроза», «Домік эльфаў», «Птушыны гарадок» і «Кветнік» дашкольнікаў чакаюць розныя эксперыменты. Акрамя таго, выхаванцы вучацца назіраць за прыродай, арыентавацца на мясцовасці, рабіць замалёўкі і іншае. Пазнавальная дзейнасць развівае ў дзяцей пачуццё прыгожага, выхоўвае любоў да прыроды, жаданне яе берагчы і захоўваць, – гаворыць Таццяна Кветка.

Слова бацькам


Ірына Каратай:

– Наша Полюшка ў гэтым годзе будзе развітвацца з дзіцячым садам. А здаецца, што зусім нядаўна мы яе першы раз прывялі сюды. Удзячныя лёсу за тое, што менавіта гэту ўстанову адукацыі наведвае дачка. Тут працуюць цудоўныя выхавальнікі, якія ўмеюць падабраць ключык да сэрца кожнага дзіцяці. Прыемна бачыць, з якім жаданнем дачка спяшаецца раніцай у сваю групу. Вядома, тут яе любяць і чакаюць. Вельмі радуе, што, акрамя душэўнага цяпла і добрага догляду, педагогі ясляў-сада даюць дзецям і трывалыя веды. Упэўнена: у школу мы пойдзем без праблем і добра падрыхтаванымі.


Таццяна Мароз:

–  Для маёй дачкі яслі-сад № 11 – гэта не проста ўстанова адукацыі. Гэта другі дом, які дзіця ўвечары не хоча пакі­даць. Сімвалічна тое, што калісьці і я наведвала гэты дзіцячы сад. Таксама сумавала па сваіх сябрах і выхавальніках. Лілія Яўгеньеўна Барэйка шмат гадоў была для мяне «другой мамай», а цяпер яе добрыя ласкавыя рукі абдымаюць маю дачку. Вялікі дзякуй вам, Лілія Яўгеньеўна і Наталля Алегаўна, (выхавальнік Н. Лучкіна - заўв. рэд) за цеплыню і ласку, якімі вы атуляеце дзяцей. Удзячна і адміністрацыі ўстановы, якая заўсёды ідзе насустрач бацькам. У нас самы лепшы дзіцячы сад!

Таццяна  Сазановіч, «НЖ»