Хрысціянскі фестываль «Novafest» прайшоў ва Уселюбе

Хрысціянскі фестываль «Novafest» прайшоў ва Уселюбе

Хрысціянскі фестываль «Novafest» прайшоў ва Уселюбе

21 августа 2021 2170
21 жніўня пры касцёле святога Казіміра ва Уселюбе прайшоў першы хрысціянскі фестываль «Novafest». У свяце, якое арганізавала мясцовая парафія, удзел прынялі больш за 300 чалавек. Сярод іх не толькі навагрудчане, але і жыхары іншых рэгіёнаў.

Гэта не першы фестываль, які праходзіць на тэрыторыі касцёла. У 2019 годзе жыхароў і гасцей Навагрудчыны аб'яднаў Казіміраўскі фэст #РАЗАМ. Нягледзячы на пандэмію, сёлета фестываль не менш масштабны, чым у мінулы раз.

Касцёл святога Казіміра ва Уселюбе – месца незвычайнай прыгажосці.


Гэта самы старажытны касцёл у Беларусі (1433), які захаваўся ў першапачатковым выглядзе. Архітэктурны стыль – скандынаўская готыка.

Касцёл пабудаваны на сродкі магнатаў Неміровічаў, якія самааддана служылі Ягелонам (бацькам і братам святога Казіміра).

Жамчужынай уселюбскага касцёла з’яўляецца цудоўная фігура Маці Божай Новага Жыцця, якая з’явілася тут у 2019 годзе і ўжо адзначана цудамі. Вернiкi прыязджаюць  сюды прасіць Бога аб дары патомства і аздараўлення душы і цела праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.


Пры касцёле дзейнічае школа малітвы «Natus Est», на працягу года праводзяцца тэматычныя малітоўныя рэкалекцыі.

На тэрыторыі касцёла усталявана Крыжовая дарога (зроблена з блакітных крыжоў), ёсць маляўнічыя месцы для прыватнай малітвы ў даліне «Крыніца вінаградніка», дзейнічае Дом Пілігрыма, кавярня, крама, галерэя, музей.   Настаяцель парафіі Святога Казіміра ксёндз Віталій Цыбульскі падкрэсліў, што яны робяць усё, каб кожнаму было  камфортна тут. Святар, які з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і асноўным арганізатарам фестывалю, адзначыў, што мерапрыемства ладзіцца для таго, каб аб’яднаць людзей розных узростаў, прафесій, з рознымі захапленнямі і талентамі ў агульным імкненні  праславіць Бога так, як Ён таго заслугоўвае. А таксама даць магчымасць кожнаму ўдзельніку свята знайсці сабе занятак па душы, адпачыць цікава і карысна. Падчас мерапрыемства прысутныя атрымалі магчымасць сустрэцца з Жывым Богам праз пакаянне і навяртанне, праз сведчанні іншых людзей пра тое, як Бог дзейнічае ў іх жыцці, а таксама праз праслаўленне Бога спевам і малітвамі.На тэрыторыі касцёла былі абуладкаваны некалькі тэматычных зон – гульнявая, творчая, танцавальная, фотазона і іншыя. Праходзілі майстар-класы  працавалі выстаўкі-продажы, летнія кафэ.

Таццяна Сазановіч, «НЖ»