Іерэй Ігар Пірог: «Адно – верыць у Бога, і зусім іншае – жыць з Богам»

 Іерэй Ігар Пірог: «Адно – верыць у Бога, і зусім іншае – жыць з Богам»

Іерэй Ігар Пірог: «Адно – верыць у Бога, і зусім іншае – жыць з Богам»

19 апреля 2020 2723

У цяперашні бурны час прагрэсу, мітусні, спакус і падману храм з’яўляецца ціхім прытулкам для супакаення, размовы з Госпадам і з самім сабой. Многія навагрудчане такі прытулак знайшлі ў храме Святых роўнаапостальных князёў Барыса і Глеба. Тут амаль 12 гадоў нясе сваё пастырскае служэнне іерэй Ігар Пірог. Напярэдадні свята Уваскрэсення Хрыстова мы папрасілі айца Ігара расказаць пра сябе і не толькі.

 

Айцец Ігар выхоўваўся ў веры, разам з бацькамі наведваў храм, дапамагаў пры алтары, але і падумаць не мог, што яго лёс – гэта жыццё святара. 

– Вырас я ў вёсцы Чарэсы (Міёрскі р-н, Віцебская вобл.). Таму і дзяцінства ў мяне было звычайнае, сельскае, – успамінае айцец Ігар. – Тата шмат гадоў працаваў у калгасе ветэрынарным урачом, а матуля – заатэхнікам. Такія сем’і, як наша, у той час жартоўна называлі вясковай элітай.

– Усёй сям’ёй наведвалі богаслужэнні і адзначалі ўсе праваслаўныя святы. Бацькі, канешне, выконвалі пасты, тата таксама быў у храме панамаром, а мама спявала ў царкоўным хоры, – расказвае бацюшка. – Наш вясковы храм у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы. Ведаеце, што Віцебшчына – азёрны край. І так атрымалася, што храм узведзены як быццам на паўвостраве.

Завяршалася навучанне ў сярэдняй школе, але з будучай прафесіяй айцец Ігар так і не вызначыўся. Паступаць проста так, дзеля атрымання хоць нейкай адукацыі, не стаў. Каля паўгода дапамагаў бацькам па хатняй гаспадарцы, а потым быў прызваны ў армію.

– Ва Узброеных Сілах застаў пераход у новы міленіум (тысячагоддзе – Рэд.). Так і запомніў гэта слова, – усміхаецца святар. – Якраз у 1999-2001 гг. служыў у войсках сувязі ў Полацкім раёне.

– Ужо пасля арміі настаяцель нашага храма айцец Сергій Кавальскі (я працягваў дапамагаць пры алтары) параіў мне паступаць у духоўную семінарыю. Не магу сказаць, што яго прапанова мяне здзівіла. Магчыма, недзе глыбока ў душы я адчуваў, што мой лёс – гэта шлях з Богам, – дзеліцца бацюшка. – Яго благаславенне і вера ў мяне бацькоў надалі ўпэўненасці, і ў 2002 г. я стаў семінарыстам. Думак аб тым, што гэта было неабдуманае рашэнне, ні разу не ўзнікала. Я ўпэўнены: служэнне Богу і людзям – гэта менавіта тое, дзеля чаго я з’явіўся на гэты свет.


Пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі восенню 2007 г. архіепіскап Гурый праз свяціцельскае пасвячэнне рукапаклаў айца Ігара ў дыяканы, а пазней праз таінства хіратоніі бацюшка атрымаў сан свяшчэнна­служыцеля. Пасля гэтага айцу Ігару было даручана несці пастырскае служэнне ў Слоніме – спачатку ў храме Прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага, а потым у храмах Свята-Благавешчанскага манастыра. Затым бацюшка быў накіраваны на Навагрудчыну, у в. Ваўковічы. Праслужыў там зусім кароткі час і быў пераведзены ў храм Святых роўна­апостальных князёў Барыса і Глеба.


– Свяшчэннаслужыцелі як прадстаўнікі сілавых структур, – куды накіравалі, там і служаць. Навагрудак стаў для нас другім домам і, канешне, хацелася б тут і застацца. Але на ўсё воля Божая, – гаворыць айцец Ігар. – Да слова, сярод родных я не адзіны святар. Мой стрыечны дзядзька архімандрыт Барыс Пірог, які таксама з’яўляецца маім хросным, шмат гадоў нясе сваё служэнне ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры. Сустракаліся мы не часта, але ў сям’і пра архімандрыта Барыса заўсёды гаварылі з вялікай павагай. А яго адданае служэнне Богу – для мяне прыклад таго, якім павінен быць прадстаўнік Царквы.


Іейрэй Ігар Пірог: «Задача сучаснага святара не толькі праводзіць богаслужэнні, а «гарэць» духам за свой прыход і кожнага чалавека. Умець размаўляць і слухаць людзей, у споведзі браць цяжар бед вернікаў на сябе, а для неўцаркаўлёных людзей быць правадніком да Бога. Дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, вучыць пакоры і любові. Заўсёды знаходзіцца ў гушчы жыцця прыхода і пры гэтым ніколі не стамляцца»

Клірык храма, ці, як у народзе кажуць, другі святар, – першы памочнік настаяцеля. Крыху больш за шэсць гадоў бацюшка служыў разам з протаіерэем Мікалаем Орсам. З мая 2014 года настаяцель храма – протаіерэй Мікалай Касяк.

Увесь цяжар пастырскага служэння з іерэем Ігарам Пірагом раздзяляе матушка Людміла.


– Пазнаёміліся яшчэ ў першы год маёй вучобы ў семінарыі, калі матушка вучылася ў Жыровічах у рэгенцкай школе, – працягвае размову айцец Ігар. – Сама яна родам з г. Іванава Брэсцкай вобл. Пасля заканчэння вучобы пажаніліся і прынялі таінства вянчання. Выхоўваем траіх дзетак. Старэйшыя вучацца ў сярэдняй школе № 4 – Дар’я ў 5 класе, Мікалай – першакласнік. Самаму маленькаму сыну Максіму ўсяго тры месяцы.



І сваім дзяцям, і падчас сустрэч ва ўстановах адукацыі айцец Ігар пастаянна гаворыць аб тым, як у сучасны век тэхналогій важна мець жывыя зносіны адзін з адным.

– Калі выязджаем на епархіяльныя маладзёжныя злёты, адразу відаць, хто з юнакоў і дзяўчат не залежны ад гаджэтаў, а каму без іх складана, – дадае айцец Ігар. – Але праз некалькі дзён пра тэлефоны і планшэты забываюць усе. А чаму б і ў паўсядзённым жыцці інтэрнэт не замяніць футболам, валейболам, настольнымі гульнямі ці іншымі забавамі, якія будуць намнога больш карысныя, чым перапіска ў сацыяльных сетках.

Ёсць у айца Ігара і захапленне – гэта рыбалка. З’яўленне яго бацюшка лічыць заканамернасцю.

– Што яшчэ я мог палюбіць, калі ўсё маё дзяцінства прайшло на блакітнай Віцебшчыне? Але ў адрозненне ад многіх людзей для мяне ўлоў не мае ніякага значэння. Я люблю проста рыбачыць – сядзець з вудай на беразе ракі ці возера, любавацца хараством беларускіх мясцін, заставацца сам-насам са сваімі думкамі, – падзяліўся святар.


Гаварылі мы з айцом Ігарам доўга. Пра сямейнае выхаванне на аснове хрысціянскіх традыцый, аб адносінах людзей да таінстваў хрышчэння і вянчання і інш. А яшчэ пра тое, як праходзіла адраджэнне нашай епархіі і складваліся «ўзаемаадносіны» паміж духавенствам і свецкімі ўстановамі. 

– У свяшчэннаслужыцеляў з’явілася магчымасць размаўляць з людзьмі не толькі падчас пропаведзі ў храме. Але спачатку гэта асабіста ў мяне выклікала пэўныя цяжкасці, – шчыра кажа бацюшка. – Адно – калі чалавек сам прыйшоў у храм і, значыць, ён гатовы да таго, каб слухаць слова Божае. І зусім іншае, калі табе трэба нешта расказваць моладзі ці дарослым, якія зага­дзя на сустрэчу са святаром не настроены. Прыйшлося вучыцца знаходзіць да людзей падыход. Я імкнуся гаварыць проста, часам нават з гумарам, каб людзі зразумелі сэнс таго, што я хачу ім данесці.

– Размаўляць даводзіцца на розныя тэмы, – дадае айцец Ігар. – Але для мяне, як для святара, важна, каб вернікі зразумелі розніцу паміж словамі: «Верыць у Бога» і «Жыць з Богам». Згадзіцеся, гэта зусім розныя рэчы…


Са святам!

– Сёння мы святкуем жаданае, выратавальнае свята для ўсіх нас – дзень Уваскрэсення Госпада нашага Ісуса Хрыста. Гэта свята ёсць залог свету, крыніца прымірэння і разбурэння смерці, – звяртаецца да хрысціян Навагрудчыны іерэй Ігар Пірог. – Няхай уваскрэслы Гасподзь даруе ўсім нам з карысцю для душы працягваць зямное вандраванне, памятаючы аб высокай хрысціянскай адказнасці і пакліканні ствараць у сабе і навакольных цвёрдую веру, шчырую любоў і непахісную надзею. Няхай радасць Вялікадня ўмацоўвае і натхняе нас на здзяйсненне добрых спраў, дае нам мужнасць і сілы захоўваць спакой і супрацьстаяць спакусам. Усім міру, любові і Божай ласкі!

Анастасія Пятрова, «НЖ»