І будзе гучаць беларускае слова… У Навагрудку праходзіць набор у беларускамоўныя класы

І будзе гучаць беларускае слова… У Навагрудку праходзіць набор у беларускамоўныя класы

І будзе гучаць беларускае слова… У Навагрудку праходзіць набор у беларускамоўныя класы

23 Августа 2019 252

А ці задумваліся вы калі-небудзь, чаму ў паўсядзённым жыцці так мала беларусаў размаўляе на роднай мове. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але ці з'яўляецца нормай тое, што руская дамінуе практычна ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку і ў адукацыі? У Навагрудку 14 беларускамоўных класаў (у СШ № 3, 4, 5, 7), у іх 107 хлопчыкаў і дзяўчынак размаўляюць на роднай мове нават на перапынках.  Мы наведалі сярэднюю школу № 4, дзе ў гэты час праходзіць набор у 1-ы клас з беларускай мовай навучання.

– Мова ўяўляе сабой падмурак, на якім асноўваецца нацыянальная самабытнасць. Немагчыма пераацаніць важнасць навучання дзяцей на роднай мове, – гаворыць дырэктар установы Ірына Скобля.  – У нашай школе першы беларускамоўны клас з'явіўся 30 гадоў таму, у 1989 годзе. На дадзены момант ва ўстанове тры такія класы – 2 «Г», 5 «В», 6 «Г», фарміруецца яшчэ адзін з будучых першакласнікаў. Бацькі самі выбіраюць, на якой мове іх дзіця будзе атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю. Калі выбар спыняецца на беларускай, неабходна проста адзначыць гэта ў заяве аб прыёме ў школу.

Сярод членаў прыёмнай камісіі – настаўніца пачатковых класаў Вольга Кічкайла. У гэтым годзе яна трэці раз за сваю шматгадовую працу выпусціла беларускамоўны клас (зараз гэта 5 «В») і зноў набірае першакласнікаў, з якімі навучанне будзе весці выключна на роднай мове.

– Магу адзначыць, што вучоба ў беларускамоўных класах мае шэраг пераваг: яны невялікія, ёсць магчымасць удзяліць максімум увагі кожнаму вучню, – тлумачыць Вольга Васільеўна. – У невялікім класе лягчэй праходзіць перыяд адаптацыі першакласнікаў. На ўроках пануе атмасфера спакою і эмацыянальнага камфорту. Да таго ж дзеці больш дасканала вывучаюць гісторыю, культуру, звычаі і традыцыі сваёй Радзімы, свайго народа.

– Наш клас у школе лічаць «маленькай сям'ёй» (у ім усяго 10 вучняў). Я вельмі люблю сваіх аднакласнікаў. Мы ўсё ведаем адзін пра аднаго, нам заўсёды ёсць аб чым пагаварыць. Вольны час мы таксама часта праводзім разам. Больш таго, і нашы бацькі сталі добрымі сябрамі, – адзначае вучаніца 5 «В» класа Паліна Борыс.

Сафія Аганоўская наведвала беларускамоўную групу ў дзіцячым садзе. Сёння яна з мамай Аленай прыйшла ў школу, каб падаць дакументы ў клас з беларускай мовай навучання.

– Цяпер для многіх дзяцей беларуская мова падобна да замежнай. Такая сітуацыя апрыёры не можа лічыцца нормай, – канстатуе Алена Міхайлаўна. – Я і мой муж вучыліся ў беларускамоўным класе, дзякуючы чаму мы свабодна валодаем як рускай, так і беларускай мовамі. Вельмі хочам, каб і нашы дзеці добра ведалі родную мову.

– Я люблю беларускую мову, на ёй размаўляюць мае бацькі, дзядуля з бабуляй, а яшчэ – яна родная, ласкавая, – падзялілася будучая першакласніца Сафія.


Лічыцца, што мова – гэта душа народа. А наша мова, сапраўды, вельмі прыгожая. Шмат беларускіх паэтаў з любоўю гавораць аб гэтым у сваіх творах. Давайце разам узгадаем радкі з верша Д. Бічэль-Загнетавай «Роднае слова» і ўслухаемся ў іх гучанне: «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, маё, беларускае, роднае, кроўнае, такое раптоўнае, такое чароўнае. Такое ласкавае, цёплае, чыстае, як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае, як казка, быліна, як песня, жаданае, дагэтуль зусім у жыцці не спазнанае, вясновае слова ад шчырага сэрца...»

Няхай з вуснаў нашых дзяцей часцей гучаць мілагучныя беларускія словы і льюцца звонкія народныя песні!



Таццяна Сазановіч, «НЖ»