Гісторыя аднаго фотаздымка

Гісторыя аднаго фотаздымка

10 мая 2019 1290
У маёй пошукава-даследчай рабоце па «партызанцы» здараюцца і сапраўдныя падарункі лёсу: напрыклад, знаёмства з ветэранам вайны, партызанам-падрыўніком Леанідам Лазаравічам Скварцовым.

Ветэран жыве ў Навагрудку. Нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Двор Татэмскага раёна Валагодскай вобласці. Бацькі – Лазар Аляксеевіч і Пелагея Паўлаўна – з сялян, малодшы брат Мікалай Скварцоў, старшы сяржант, загінуў у 1944 годзе. Леанід Лазаравіч мае два раненні, адзначаны баявым ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, іншымі медалямі і ўзнагародамі.

Вядома, у яго паважаным узросце шмат праблем са здароўем, але ветэран бадзёры духам, ад прыроды на­дзелены моцнай памяццю, ёмкім розумам, яго ўспаміны жывыя і поўныя дэталяў партызанскага жыцця. Сам ён пра сябе жартуе: «Я нара­дзіўся яшчэ пры цару Мікалаю II».

На старой фатаграфіі (люты 1943 г.) – група мінёраў-падрыўнікоў. Здымак пастановачны, партызаны падрыхтаваліся, фатограф ўсім загадаў на секунду замерці – знята! На абароце подпіс: «Група адважных партызан дыверсантаў-падрыўнікоў, якая спусціла пад адхон 7 варожых эшалонаў. 1. Злева Добрын (загінуў) 2. Перавоскін 3. Скварцоў Л.Л. – камандзір 4. Мальцаў Віктар Нікіціч (загінуў) 5. Дземіхаў Фёдар 6. Сведзінскі Фёдар 7. Іваноў Сяргей Міхайлавіч Фатаграфаваліся ў 1943 г.  Атрад ім. Кірава».
Былы партызан Леанід Лазаравіч Скварцоў расказвае: – У вёсцы Крышылоўшчына Карэліцкага раёна жыў фатограф, да яго мы і прыйшлі зрабіць здымак на памяць. На ўсіх боты – з імі была бяда – даставалі, хто як мог. А мой зямляк Сяргей Іваноў у валёнках: звычка, дома ў Валагодскіх лясах хадзіў у валёнках, так усю вайну зімой і прабыў у іх. Кубанкі з аўчыны нам пашыў мясцовы майстар, на аўчынных папахах чырвонаармейскія зорачкі. Ва ўсіх байцоў штаны-галіфэ, у мяне аднаго мешкаватыя штаны. На левым рукаве дзве нашыўкі, якія пацвярджалі маё званне лейтэнанта. Зброя ў многіх трафейная, у мяне ў руках пісталет ТТ: імі ўзбройвалі лётчыкаў, танкістаў. У астатніх рэвальверы сістэмы наган. На каўнерыках гімнасцёрак чырвонаармейскія зорачкі. У крайняга злева байца кашуля відавочна не па памеры: малая, кароткія рукавы. Добрын – мясцовы хлопец, з пасёлка Мір. Перавоскін з Гарадка, што пад Маладзечна. Віктар Мальцаў і яго старэйшы брат Анатоль з вёскі Далматаўшчына: брат Анатоль быў настаўнікам, а Віктар да вайны арандаваў зямлю ў пані Карчэўскай, абодва загінулі маладымі. Іх бацька – царскі палкоўнік Мікіта Сярге­евіч Мальцаў – пасля рэвалюцыі апынуўся ў Польшчы. Усе Мальцавы пайшлі ў партызаны, бацька ў атрадзе быў конюхам. Радавога Фёдара Дземіхава прыслалі ў 1943 годзе з Масквы, у яго была вінтоўка з глушыцелем, па тых часах навінка. Калі ішлі на заданне, снайпер Фёдар Дземіхаў бясшумна страляў па ахове. Памятаю, як трапілі ў атрад Стралкова, за гэтую глушылку давалі тры аўтаматы. Фёдар Сведзінскі – мясцовы. Сяргей Іваноў – сібірак. Дысцыпліна – як у войску.
– На здымку ўсе партызаны голеныя. Спецыяльна рыхтаваліся, каб лепш выглядаць. І як можна было адрозніць у лясных умовах хто сапраўдны партызан, а хто не? – пытаю ў Леаніда Лазаравіча.
– У атрадах была жалезная дысцыпліна, з парушальнікамі распраўляліся хутка, па законе ваеннага часу, – гаворыць Скварцоў. – Памятаю, як аднойчы баец забраў у гаспадара хутара кішэнны гадзіннік. Па прыгаворы савета штаба, а ў кожнай брыгадзе быў штаб, яго расстралялі. Дык вось, партызан абавязкова павінен быць паголены, як па статуце ў войску. Галіліся шклом, вострым нажом. Калі барадаты – не партызан, гэта дакладна. І ў брыгадзе імя Чкалава, і ў брыгадзе «За Савецкую Беларусь», дзе я быў да канца вайны, у партызаны траплялі ў асноўным акружэнцы Чырвонай арміі, мы стараліся захаваць элементы савецкай ваеннай формы: скураныя рамяні са спражкамі, тыя ж зорачкі на кубанцы. Форма хутка зношвалася, споднюю бялізну шылі з парашутнай тканіны. Гэта ў рэгулярнай арміі абед па раскладзе, лазня, боты.
Якая у партызан форма? У атрадзе часта жартавалі: «Наша форма нумар восем, што дасталі, тое і носім». На сайце «Партызанскі рух Баранавіцкай вобласці БССР» не значацца прозвішчы партызан з асабістага архіва Л.Л.Скварцова. Асабовы склад атрада імя С.М. Кірава прадстаўлены наступнымі імёнамі: Грыщук Іван Фёдаравіч, камандзір атрада ў 1943-44 гг.; Разнатоўскі Дзмітрый Мітрафанавіч, камандзір атрада ў 1944 г.; Бабеко Міхаіл Давыдавіч, камісар ў 1943-44 гг.; Марчанка Аляксандр Кузьміч, камісар ў 1944 г.; Шэмецька Тарас Ігнатавіч, начальнік штаба ў 1943-44 гг., загінуў; Самойленка Іван Мікалаевіч, начальнік штаба ў 1944 г.; Цывілеў Максім Фёдаравіч, начальнік штаба ў 1944 г.; Клінцэвіч Мікалай Аляксандравіч 1906 г.н., ураджэнец в. Трабы Юрацішкаўскага раёна былой Баранавіцкай вобласці.
Збор інфармацыі – вялікая пошукавая работа, яе вядуць адданыя справе энтузіясты. Расказ аб баявых таварышах ветэрана вайны Л.Л. Скварцова дапоўніў недастаючыя звесткі.
І. Шатыронак, пісьменніца, г. Гродна