Этнашкола запрашае. Педагогі Ладзеніцкай школы старанна захоўваюць традыцыі этнапедагогікі

Этнашкола запрашае. Педагогі Ладзеніцкай школы старанна захоўваюць традыцыі этнапедагогікі

Этнашкола запрашае. Педагогі Ладзеніцкай школы старанна захоўваюць традыцыі этнапедагогікі

17 мая 2020 1629

Амаль 20 гадоў таму наша ўстанова адукацыі далучылася да рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Этнашкола». За гэты час настаўнікі школы навучылі не адно пакаленне беларусаў любіць сваю Радзіму, ганарыцца ёю, шанаваць спадчыну – вялікі дар, які пакінулі нам продкі.


Здабыткі традыцыйнай культуры беларусаў – фальклорнае мастацтва, нацыянальнае адзенне, рамесныя вырабы – паступова знікаюць з паўсядзённага жыцця сучаснага «цывілізаванага» чалавека. Многія беларусы сталі забываць прыгожую, мілагучную, родную мову. Нельга не пагадзіцца з педагогамі нашай школы, якія странна захоўваюць традыцыі этнапедагогікі: пачуццё нацыянальнай прыналежнасці, нацыянальнай годнасці патрэбна выхоўваць змалку.


У нашай школе на ўсіх уроках, без выключэння, праводзяцца фальклорныя паўзы і размінкі, пасля якіх настрой ва ўсіх вучняў адразу паляпшаецца. Што датычыцца загадак, прыказак, казак, то мы самі знахо­дзім цікавы фальклорны матэрыял і прыносім у куфэрачак, дзе ёсць скарбонка твораў вуснай народнай творчасці. Настаўнікі часта просяць нас творча растлумачыць, а іншы раз і паспрачацца над значэннем той ці іншай прымаўкі. Бывае разыгрываем жарты па ролях.


Песенны фальклор, народныя танцы, ужытковае мастацтва нашай мясцовасці вывучаем падчас факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах, пазакласнай работы па вучэбных прадметах і інш. Такія мерапрыемствы праходзяць у пакоі школьнага краязнаўчага музея, прадметна-развіваючым асяроддзі «Утульная хатка» (гэта фрагмент вясковай хаткі з печчу, лавай, чырвоным кутом, люлькай, прыладамі для апарацоўкі льну, керамічнымі прадметамі, куфрамі і інш.). Выкарыстоўваем і «Гадавое кола свят» (сістэма святкавання жыхарамі нашай мясцовасці народных свят па порах года – Багач, Дзяды, Каляды, Масленіца, Саракі, Вялікдзень).


Такім чынам у нашай школе створана такая адукацыйная прастора, дзе на роднай мове цікавым і эфектыўным для ўсіх становіцца вывучэнне песеннага фальклору, народнага танца, ужытковага мастацтва той мясцовасці, дзе мы нарадзіліся і жывём.


Калі вы зацікавіліся, запрашаем завітаць да нас у госці. Будзем рады!

Вераніка Снесар,

вучаніца 9 класа Ладзеніцкага дз/с-БШ