Дэлегацыя Навагрудскага раёна прыняла ўдзел у Свяце Хлеба ў польскім горадзе Эльблонгу

Дэлегацыя Навагрудскага раёна прыняла ўдзел у Свяце Хлеба ў польскім горадзе Эльблонгу

10 сентября 2019 1838

З 30 жніўня па 1 верасня ў горадзе Эльблонгу (Рэспубліка Польшча) прайшло штогадовае Свята Хлеба. Па існуючай добрасуседскай традыцыі разам з іншымі замежнымі гарадамі-пабрацімамі ў ім прыняла ўдзел дэлегацыя Навагрудскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Каралько.

Свята Хлеба ў Эльблонгу – гэта, перш за ўсё, вялікі кірмаш хлебнай выпечкі, прысмакаў, сыроў, каўбас, мёду, нацыянальных страў, а таксама вырабаў прыкладной народнай творчасці. Аднак цэнтрам прыцягнення для гасцей становяцца не толькі гандлёвыя рады. На працягу трох дзён тут можна ўбачыць відовішчныя рыцарскія баі, вогненныя шоу і вулічныя тэатры, атрымаць задавальненне ад выступленняў творчых калектываў. Традыцыйна ў святочных мерапрыемствах прымаюць удзел гарады-пабрацімы з Расіі, Беларусі, Украіны, Эстоніі, Малдовы, Францыі, Нарвегіі, Італіі, Латвіі, Вялікабрытаніі.

Навагрудак і Эльблонг звязваюць шматгадовыя сяброўскія сувязі. Навагруд­чане прыязджаюць на Свята Хлеба не толькі як жаданыя госці, але і як актыўныя ўдзельнікі. Жыхары Эльблонга ўжо ведаюць смак навагрудскага хлеба і не раз апладзіравалі артыстам ансамбля танца «Свіцязь».



– У гэтым годзе мы прадстаўлялі ў Эльблонгу не толькі культурны, але і эканамічны і турыстычны патэнцыял Навагрудчыны, – адзначыла Святлана Каралько. – Праграма святочных мерапрыемстваў была вельмі насычанай і цікавай. Адна з цэнтральных падзей – сустрэча з дэлегацыямі гарадоў-партнёраў і прэзідэнтам Эльблонга Вітольдам Урублеўскім. Ён адзначыў, што ўзаемадзеянне паміж гарадамі-пабрацімамі павінна ісці не толькі ў культурнай сферы, неабходна актыўней развіваць эканамічныя сувязі. Прэзідэнт Эльблонга таксама падзякаваў навагрудчанам за добрасуседскія адносіны, імкненне развіваць і пашыраць супрацоўніцтва.

Таксама ў рамках Свята Хлеба наша дэлегацыя прымала ўдзел у правя­дзенні выстаўкі-прэзентацыі. Сваю прадукцыю на ёй прадставілі філіял Навагрудскі хлебазавод ААТ «Гроднахлебпрам», «Навагрудскія Дары» філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», філіял «Навагрудскі вінзавод» ААТ «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь».

– Нашы сыры, хлеб, напіткі на аснове рысавага грыба спадабаліся не толькі палякам, але і гасцям з іншых краін, – падкрэсліла Святлана Мікалаеўна. – Людзі адзначалі смак, прыемны пах, высокую якасць і натуральнасць вырабаў. Мы пераканаліся, што прадукцыя навагрудскіх прадпрыемстваў карыстаецца попытам у замежных спажыўцоў і можа быць канкурэнтаздольнай. Хачу падкрэсліць, што пры ўсім багацці хлебабулачных вырабаў, такога хлеба, як наш «кірпічык», у Польшчы не вырабляюць. Таму ў наступным годзе мы плануем на Свяце Хлеба арганізаваць ужо выстаўку-продаж нашай прадукцыі.


На пляцоўках свята прайшла выстаўка-прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Навагрудчыны і выступленне ансамбля танца «Свіцязь».

– Мы бачылі, як жыхары Эльблонга захоўваюць гісторыю і культуру свайго горада, вучаць маладое пакаленне паважаць і любіць сваю зямлю, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама. – Цікавасць польскага боку да наладжвання кантактаў з Навагрудкам вялікая. Ужо 5 кастрычніка дэлегацыя Эльблонга прыме ўдзел у святкаванні 975-годдзя Навагрудка. Да нас прыедуць не толькі кіраўніцтва горада, але і два творчыя калектывы, якія парадуюць гасцей свята канцэртнымі праграмамі. А ў наступным годзе Свята Хлеба ў Эльблонгу пройдзе пад знакам 25-годдзя супрацоўніцтва нашых гарадоў-пабрацімаў. Упэўнена, што Навагрудак і Эльблонг будуць і надалей пашыраць і развіваць супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях.



Алена Ганцэвіч, "НЖ"