COVID-19: расслабляцца рана. Вынікі «прамой лініі» ў рэдакцыі «НЖ» з Марынай Фісенка

COVID-19: расслабляцца рана. Вынікі «прамой лініі» ў рэдакцыі «НЖ» з Марынай Фісенка

COVID-19: расслабляцца рана. Вынікі «прамой лініі» ў рэдакцыі «НЖ» з Марынай Фісенка

28 ноября 2020 2288

Як і прагназавалася, восень пачалася з другой хвалі распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. На старонках газеты мы неаднаразова расказвалі чытачам аб рабоце ўсіх падраздзяленняў раённай бальніцы падчас пандэміі каронавіруса, у тым ліку і амбулаторна-паліклінічнага звяна.

Для зваротнай сувязі мы прапанавалі намесніку галоўнага ўрача па паліклінічнай рабоце УАЗ «Навагрудская ЦРБ» Марыне Фісенка правесці ў рэдакцыі газеты «прамую лінію» з жыхарамі горада і раёна, якая адбылася 25 лістапада. Амаль усе пытанні так ці інакш былі звязаны з каронавіруснай інфекцыяй. 


Жыхарка г. Навагрудка Зінаіда Аляксандраўна з’яўлялася кантактам першага ўзроўню, а калі ёй зрабілі тэст, то былі выяўлены антыцелы. Ці патрэбна ў такім выпадку рабіць кантрольны здымак лёгкіх? Калі ў паліклініцы будзе зноў працаваць флюараграфічны кабінет?

 – На каронавірус жанчына хварэла бессімптомна, – заўважыла Марына Аляксандраўна. – Калі на сённяшні дзень самаадчуванне добрае і няма ніякіх скаргаў, то здымак рабіць не абавязкова.

Што тычыцца працы флюараграфічнага кабінета ў паліклініцы, то пакуль невядома, калі ён адновіць сваю работу. Стары апарат спісаны, а пакупка новага залежыць ад наяўнасці фінансавання.  

Нэлі Паўлаўна паведаміла, што хварэла яшчэ ў ліпені і на рукі атрымала толькі даведку аб перанесеным захворванні. Чаму ў амбулаторную картачку пацыентаў, якія перахварэлі на каронавірус, не ўносіцца адпаведны запіс?

– Улік хворых на COVID-19 вядзецца асобна, – падкрэсліла Марына Фісенка. – Заводзіцца картачка на кожнага пацыента, а пасля выздараўлення выпісваецца даведка. У далейшым звесткі аб захворванні каронавіруснай інфекцыяй будуць перанесены ў амбулаторныя картачкі пацыентаў паліклінікі.

 Антаніна Іванаўна перахварэла каронавіруснай інфекцыяй з пнеўманіяй, нават знаходзілася на лячэнні ў інфекцыйным аддзяленні раённай бальніцы. Яе хвалююць пытанні, ці можна бываць на свежым паветры, ці патрэбна ахоўная маска на вуліцы? Праз які час пасля хваробы трэба рабіць кантрольны здымак і дзе яго можна зрабіць?

– Бываць на свежым паветры трэба абавязкова, а маску патрэбна насіць толькі пры наведванні грамадскіх месц: магазіна, аптэкі і г.д., – адзначыла Марына Аляксандраўна. – На сённяшні дзень для амбулаторных пацыентаў у ЦРБ працуюць два рэнтгенапараты і ўмоўна іх работа падзелена на «чыстую зону» і «забруджаную зону». У хірургічным корпусе бальніцы пры неабходнасці робяць здымкі пацыентам з сімптомамі ВРІ, хворым на COVID-19 і кантактам першага ўзроўню. А ў каб. №51  паліклінікі можна зрабіць здымак па накіраванні ўрача ўсім астатнім пацыентам паліклінікі.

Ірына Віктараўна знаходзіцца на каранціне як кантакт першага ўзроўню. Яе цікавіла, з якога часу наступае перыяд самаізаляцыі, колькі часу ён працягваецца, бо ў сям’і захварэлі ўсе – муж, дачка і сын?

– Перыяд самаізаляцыі пачынаецца ад даты кантакту з пацыентам, хворым на каронавірус. Датай кантакту ў сямейным ачагу з’яўляецца дзень забору біялагічнага матэрыялу на COVID-19 у хворага. На сённяшні дзень перыяд самаізаляцыі для кантактаў першага ўзроўню працягваецца 10 дзен.

Абследаванне кантактаў першага ўзроўню, калі няма скаргаў, цяпер не праводзіцца. Калі ў кантакту першага ўзроўню ёсць сімптомы ВРІ, абследаванне праводзіцца на 7 суткі (мазок) або на 9 суткі (экспрэс-тэст). Перыяд ізаляцыі ў такім выпадку залежыць ад выніку даследаванняў і стану здароўя пацыента.


Людміла Яўгеньеўна знаходзілася на лячэнні ў абласной бальніцы. Перад выпіскай ёй зрабілі тэст на наяўнасць каронавіруснай інфекцыі – захворванне пацвердзілася. Зараз яна ўжо дома, што ёй рабіць далей?

– Так, звесткі ў раённую паліклініку з Гродна ўжо паступілі, –  адказала Марына Аляксандраўна і дадала, што сёння да жанчыны ўжо накіравана брыгада для агляду. Яна будзе ўзята на ўлік, і калі яе стан здароўя не будзе выклікаць небяспекі, то лячэнне будзе праходзіць амбулаторна. 

Валянціна Уладзіміраўна з аг. Нягневічы падзякавала работнікам неўралагічнага аддзялення раённай бальніцы за вельмі добрае стаўленне да пацыентаў, яна ў мінулым годзе праходзіла там планавае лячэнне. І пацікавілася, ці працуе зараз неўралагічнае аддзяленне і як атрымаць планавую медыцынскую дапамогу? 

– Неўралагічнае аддзяленне працуе ў штатным рэжыме, але ў сувязі з эпідэмічнай сітуацый планавае лячэнне лепш адкласці і правесці яго амбулаторна, – параіла Марына Фісенка. – Зразумела, пры ўмове, што стан здароўя  жанчыны здавальняючы. Рызыка падхапіць каронавірусную інфекцыю яшчэ вельмі вялікая.


Ліра Мікалаеўна з г. Навагрудка, якой ужо за 80 гадоў, цікавілася, ці патрэбна ёй кожны год рабіць флюараграфію і наведваць гінеколага? Хутка ў яе зыходзіць тэрмін гэтых абследаванняў, а пры планавым наведванні ўрача паліклінікі талон да доктара не выдаюць.

– Жанчынам пажылога ўзросту  агляд гінеколага можна ажыццяўляць 1 раз у 2-3 гады. Планавую флюараграфію, калі няма скаргаў, патрэбна адкласці. Талон да ўрача пацыенту выдадуць без гэтых абследванняў. А вось планавае наведванне паліклінікі, калі няма вострай неабходнасці па стане здароўя, лепш адкласці на больш позні тэрмін, – адзначыла М. Фісенка.

Пасля перанесенага інсульту жыхарку горада Аляксандру Аляксандраўну суправаджаюць пастаянныя галаўныя болі. Жанчына знаходзіцца на ўліку ў неўролага, а ісці ў паліклініку боязна. Як выпісаць лякарствы?

– Пажылым людзям з хранічнымі захворваннямі мы не рэкамендуем наведваць паліклініку. Для выпіскі рэцэпта (у тым ліку электроннага) на лекавыя сродкі для пастаяннага прыёму, якія раней былі прызначаныя доктарам, неабходна патэлефанаваць у рэгістратуру па нумарах 2-13-31 альбо 2-56-12. Пакінуць свае кантакты (імя, прозвішча, адрас, тэлефон), пазней з вамі звяжацца медыцынскі работнік, які арганізуе выпіску лякарстваў. Рэцэпт на дом прынясуць медыцынскія работнікі ці валанцёры ГА «БРСМ».


А вось у дадзеным выпадку Марына Аляксандраўна прапанавала жанчыне выклікаць урача на дом. Пасля агляду і будзе прынята рашэнне па далейшым лячэнні.

Жыхарка г. Навагрудка Мая Міхайлаўна пацікавілася, калі і дзе ў бальніцы будзе ўстаноўлены камп’ютарны тамограф?

–  Камп’ютарны тамограф будзе ўстаноўнены ў хірургічным корпусе бальніцы, памяшканне ўжо падрыхтавана. Плануецца, што апарат паступіць у студзені 2021 года.


Найбольш важнай мерай па недапушчэнні распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі з’яўляецца размежаванне патокаў хворых і здаровых людзей. Таму без асаблівай патрэбы неабходна скараціць наведванні да ўрача ў паліклініцы, асабліва пажылым пацыентам, да стабілізацыі эпідэмічнай сітуацыі, – падвяла вынік Марына Фісенка. – Пры неабходнасці можна выклікаць урача на дом.

Безумоўна, нельга грэбаваць рэкамендацыямі медыкаў па выкананні элементарных прафілактычных мер засцярогі ад COVID-19. Гэтым мы дапаможам не толькі сабе, але і медыцынскім работнікам, якія штодня пры неверагодных нагрузках вядуць барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй.

Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»
Фота з архіва рэдакцыі