Андрэй Маркушэўскі: «Быць прафесіяналам і паважаць людзей»

Андрэй Маркушэўскі: «Быць прафесіяналам і паважаць людзей»

01 мая 2019 787
Мэтанакіраванасць, кампетэнтнасць, добразычлівасць – гэта тое, што ўласціва маладому намесніку начальніка інструментальнага цэха Андрэю Маркушэўскаму. У 22 гады ён прыйшоў працаваць рабочым на ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры», а праз пяць гадоў ужо заняў кіруючую пасаду. У гэтым годзе яго імя занесена на раённую Дошку гонару. Нягледзячы на тое, што намеснікам начальніка цэха Андрэй Віктаравіч працуе толькі пяць гадоў, карыстаецца заслужанай павагай у калектыве і дасягае добрых вынікаў. Ён старанна выконвае свае абавязкі, а яго ініцыятыва і інжынерная думка накіраваны на пошук аптымальнага рашэння любой вытворчай задачы. – На заводзе працавала мама, зараз вадзіцелем працуе бацька, – падзяліўся Андрэй Віктаравіч. – Ужо падчас работы на прадпрыемстве я завочна закончыў факультэт інавацыйных тэхналогій у машынабудаванні Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З першых дзён мне было важна не толькі дакладна выканаць сваю работу, але і разабрацца ў вытворчым працэсе. Інструментальны цэх – дапаможная вытворчасць завода,  дзе вырабляецца і рамантуецца тэхналагічная аснастка, дапаможны і рэжучы інструмент. Зараз у цэху працуе больш за шэсцьдзясят чалавек, аднак вялікая адказнасць за людзей і вытворчы працэс Андрэя Маркушэўскага не палохаюць. Упэўненасці надаюць трывалыя веды і ўменне ладзіць з людзьмі. – Калектыў цэха ў большасці сваёй вопытны і адказны, многія працуюць дзясяткі гадоў, так што працаваць зусім нескладана. Галоўнае – пава­жаць лю­дзей,  разумець патрэбы кожнага работніка, – перакананы Андрэй Маркушэўскі. – Сфера маіх абавязкаў – арганізацыя работы па вырабу тэхналагічнай аснасткі. Мне падабаецца, што работа цікавая і разнастайная, а кожны дзень не падобны на другія. Малады кіраўнік высока цэніць прафесіяналізм і сумленнасць работнікаў цэха, адзначаючы што гэта майстры сваёй справы, здольныя справіцца з любой задачай. Андрэй Віктаравіч падкрэслівае, што інструментальны цэх не стаіць на месцы: набываецца новае абсталяванне, удасканальваецца вытворчасць. З гонарам паказ­вае станкі з праграмным кіраваннем. Да слова, на адным з іх вырабляліся нарыхтоўкі для факелаў ІІ Еўрапейскіх гульняў. Андрэй Маркушэўскі перакананы, што на заводзе ў родным горадзе спецыялісту прасцей раскрыць свой патэнцыял. Неабходна толькі пастаяннае імкненне да самаўдасканалення і разуменне асабістай адказнасці за справу, без якіх немагчыма быць добрым кіраўніком і высакакласным спецыялістам. Да таго ж  Андрэй Віктаравіч шматдзетны бацька, разам з жонкай яны выхоўваюць сына і  дачушак-двайняшак. Алена Ганцэвіч, «НЖ» Варта пачытаць: Ніна Кавальчук: «Кандытар – прафесія «смачная» Таццяна Яроцкая: «Сацыяльная работа – маё прызванне»