Беларускае лета – няма цудоўней за гэта! У Шчорсаўскай школе арганізавана работа чатырох летніх лагераў

Беларускае лета – няма цудоўней за гэта! У Шчорсаўскай школе арганізавана работа чатырох летніх лагераў

16 июля 2019 1600

“Беларускае лета – няма цудоўней за гэта!” Гэтыя словы сталі своеасаблівым дэвізам пры арганізацыі летняй кампаніі 2019 года ў Шчорсаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Сёлета ва ўстанове арганізавана работа чатырох летніх лагераў і кожны з іх мае нацыянальны каларыт, дэманструе сваю “беларускасць”.

4.jpg

З 1 па 26 чэрвеня для школьнікаў адчыніў свае дзверы аздараўленчы лагер “Беларусавічок”, у якім тэма нашай адметнасці і непаўторнасці, самабытнасці беларускага краю стала галоўнай. Кожны дзень у лагеры быў своеасаблівым падарожжам у свет беларускай культуры і традыцый.




У жніўні рыхтуецца да працы яшчэ адзін аздараўленчы лагер – “Васількі”. Нават назва лагера гаворыць сама за сябе. Мы будзем працягваць знаёміць нашых вучняў з цудамі сваёй Радзімы, дзівіцца яе прыгажосцю, пазнаваць яе таямніцы і загадкі.

З 1 ліпеня ва ўстанове распачаў сваю дзейнасць лагер працы і адпачынку “Арыенцір”. Наведвальнікі лагера, акрамя плённай працы, таксама паспяваюць цудоўна адпачыць і даведацца многа новага пра культурныя традыцыі роднага краю.

Так, нядаўна ў лагеры незабыўна прайшла “Сяброўская сустрэча па-беларуску!”. Вучні спявалі мілагучныя беларускія песні, чыталі прыгожыя вершы, успаміналі цікавыя беларускія традыцыі, ужывалі “сакавітыя” беларускія прымаўкі і прыказкі, “смачныя” беларускія словы. Дзяўчаты і хлопцы з вялікім задавальненнем апраналі нацыянальныя касцюмы, стварылі сапраўдную атмасферу народнага жыцця. У канцы сустрэчы вучні падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства і выказалі самыя цёплыя словы любві і павагі да сваёй Радзімы.

Згадзіцеся, як прыемна бачыць сённяшнюю моладзь, якая цягнецца да сваіх каранёў, імкнецца пазнаць свае вытокі. Радуецца сэрца, што нашы дзеці не толькі палоннікі сучаснага камп’ютарнага свету, але і “чыстыя”, сумленныя, шчырыя беларусы, якія могуць весяліцца ад душы, працаваць з азартам, любіць прыроду, бачыць яе прыгажосць.

Вераніка Аляшкевіч,

намеснік дырэктара па ВР Шчорсаўскага дз/с-СШ