Аксана Гарэлік: «Галоўнае – заставацца чалавекам, каб перадаць гэта тым, за каго адказваеш»

Аксана Гарэлік: «Галоўнае – заставацца чалавекам, каб перадаць гэта тым, за каго адказваеш»

Аксана Гарэлік: «Галоўнае – заставацца чалавекам, каб перадаць гэта тым, за каго адказваеш»

21 января 2020 2728

Настаўнік, педагог, выхавацель... З даўніх часоў няма ў свеце больш адказнай і важнай справы, чым дапамагаць дзецям спасцігаць краіну ведаў і выхоўваць асобу. Аднак па сілах яна толькі тым, для каго прафесія стала сапраўдным прызваннем. Дырэктар Кашалеўскага ВПК дзіцячы сад-базавая школа Аксана Генадзьеўна Гарэлік – з тых педагогаў, сэнсам жыцця якіх стала служэнне высакароднай справе адукацыі і выхавання.

 Мае вытокі

Вёска Зенявічы – месца асаблівае для Аксаны Гарэлік. Прыгожыя родныя краявіды, звілістая і тады яшчэ глыбакаводная рака Пліса, у якой і сёння можна зла­віць фарэль, неабсяжны бор, які, нібыта сцяна, абступае вёсачку, – тут прайшло дзяцінства, адсюль вытокі вялікай павагі да людзей і прафесіі настаўніка.


– Людзі ў нашай вёсцы асаблівыя, яны вельмі цанілі веды і імкнуліся даць вышэйшую адукацыю сваім дзецям,
– успамінае Аксана Гена­дзьеўна. – Таму, напэўна, самымі паважанымі людзьмі ў вёсцы былі настаўнікі школы. Дружны педагагічны калектыў (у які ўваходзіла і мая мама Гарэлік Еўдакія Сяргееўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры, пазней завуч) быў заўсёды ў цэнтры ўвагі. Без настаўнікаў не праходзіла ні адно мерапрыемства ў вёсцы. Гэта была тая самая савецкая настаўніцкая інтэлігэнцыя – з павагай і культурай зносін, адданасцю прафесіі і ўсведамленнем уласнай адказнасці за лёс вучняў, шчырым сяброўствам і атмасферай адзінства.

Ад школьнага парога

Школа ў жыцці Аксаны Генадзьеўны прысутнічала з дзяцінства. Маленькай дзяўчынкай яна ся­дзела за партай на ўроках у мамы і малявала, потым кожную раніцу спяшалася да сціплага, але любімага на ўсё жыццё драўлянага школьнага будынка з пячным ацяпленнем. Выдатніца, сакратар камсамольскай арганізацыі школы, арганізатар і актыўная ўдзельніца школьных мерапрыемстваў, на якіх яна спявала, танцавала, выступала, – бурлівыя школьныя гады праляцелі як адно імгненне. Але пакінулі ў сэрцы маёй гераіні глыбокі і шчымліва-непаўторны след.

– Клас у нас быў вельмі дружны, а я заўсёды была ў цэнтры ўсіх падзей. Ніколі не забываюцца самыя яркія моманты: радыёла ў адчыненым акне, пласцінка з песняй «Вучаць у школе», першы званок, першая настаўніца Марыя Андрэеўна Кокала. А потым – лепшыя настаўнікі, лепшыя ўрокі, бульба ў калгасе, вечары, якія мы самі рыхтавалі з любімым класным кіраўніком Юрыем Пятровічам Хамянковым, экзамены і незабыўны выпускны вечар, – усхвалявана гаворыць мая суразмоўца.

Вучачыся ў такой школе, нельга было не абраць прафесію педагога. Хаця, прызнаецца Аксана Генадзьеўна, была думка стаць журналістам, аднак аўтарытэтнае слова мамы стала рашаючым. А захапленне літаратурай, любоў да мастацкага слова (прачытала амаль усе кнігі ў сельскай і школьнай бібліятэках) вызначылі напрамак – настаўнік рускай мовы і літаратуры.

– Ніколі не пашкадавала, што звязала сваё жыццё з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам, дзе атрымала той дастатковы багаж ведаў, які заўсёды дапамагаў у прафесійнай дзейнасці, – шчыра прызнаеццца Аксана Гена­дзь­еўна. – Калі ты хацеў вучыцца, то ў цябе былі ўсе магчымасці: лепшыя выкладчыкі, практыка ў заслужанага настаўніка БССР В.А. Шчокінай, навуковая работа па тэме, якая табе блізкая, і самае галоўнае – важкая падтрымка ў цяжкія хвіліны жыцця.




«Вучацца ў тых, каго любяць»

Гэтыя словы вялікага Гётэ сталі для маладой настаўніцы своеасаблівым педагагічным крэда. Яна старалася ў першую чаргу стаць сябрам для сваіх вучняў, заслужыць іх павагу, бо пераканана, што толькі тады працэс навучання і выхавання становіцца эфектыўным.

– Прайшоўшы практыку ў самай прэстыжнай школе г. Гродна, я набыла ўпэўненасць у сваіх сілах і без страху ўвайшла ў клас Ацмінаўскай сярэдняй школы, дзе пачыналася мая педагагічная дзей­насць. Будучы чалавекам творчым і нераўнадушным, адразу з захапленнем акунулася ў школьнае жыццё, а праз два гады стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Назаўжды запомніліся нашы «Святы сям’і», таленавітыя тэатральныя пастаноўкі, паездкі на аздараўленне цэлымі групамі – больш цеснага і творчага супрацоўніцтва ў соцыуме я ніколі не сустракала.

Сярэдняя школа № 4, гімназія № 2, сярэдняя школа № 7, Кашалеўская школа – не адно пакаленне вучняў з павагай і цеплынёй гаворыць пра сваю настаўніцу, завуча, дырэктара Аксану Гарэлік. Перагортваючы старонкі сваёй педагагічнай біяграфіі, яна з вялікай удзячнасцю ўспамінае работу пад кіраўніцтвам Галіны Уладзіміраўны Тамко ў сярэдняй школа № 4, дзе набыла бясцэнны вопыт прафесійнай дзейнасці.

– У той час у чацвёртай школе марыў працаваць кожны настаўнік, таму, вядома, хвалявалася. Ці атрымаецца? Як спраўлюся? – успамінае мая суразмоўца. – Аднак мне заўсёды шанцавала з калектывамі. А тут я сустрэла не толькі таленавітых настаўнікаў, але і выдатных людзей, якія аказалі мне падтрымку, аднесліся з разуменнем. Першыя ліцэйскія і гімназічныя класы, класы з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, сістэма развіваючага навучання Д.Б. Эльконіна-У.В. Давыдава, «Школа 2100 - Беларусь» – далёка не ўвесь пералік інавацый, якія развіваліся ў мяне на вачах і да якіх я мела дачыненне.




«Маленькая краіна»

Месцам незвычайнай творчасці і стваральнай працы стала для Аксаны Гена­дзь­еўны гімназія № 2. Дзевяць гадоў, праведзеныя ў руля гэтай установы, – гэта той адрэзак часу, якім яна асабліва ганарыцца.

– Мне давялося працаваць з адной з лепшых педагагічных каманд, якой па плячы было дайсці да фіналу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года», рэалізоўваць міжнародныя і рэспубліканскія інавацыйныя праекты, заяўляць пра сябе на мерапрыемствах рознага ўзроўню... Гэта была «маленькая краіна», дзе імкнуліся вучыць і вучыцца, куды спяшаліся кожную раніцу, а потым не хацелі сыходзіць, дзе садружнасць педагогаў, дзяцей і бацькоў мела сапраўдную каштоўнасць і стварала атмасферу спакою і камфорту. Такога таленавітага і прафесійнага педагагічнага калектыву, такіх выдатных вучняў я не сустракала ніколі. І гэта любоў да гімназіі была не толькі ў мяне, але і ва ўсіх вучняў і бацькоў. Вялікі жаль, што ўстанову закрылі, але я ўдзячна лёсу, што ў мяне былі гэтыя гады сапраўднай педагагічнай творчасці.

На працягу ўсіх дваццаці чатырох гадоў адміністрацыйнай работы для Аксаны Гена­дзь­еўны заўсёды важным было выкладаць прадмет, быць настаўнікам і прафесіяналам.

 Адным радком

Педагог – гэта ў першую чаргу прафесіянал
і чалавек з вялікай літары.

У людзях больш за ўсё цаню дабрыню
і сумленнасць – не магу дараваць здрады.

Вучні для мяне – быццам непрачытаная кніга, беражлівыя адносіны да якой даюць магчымасць чытаць паміж радкоў, спасцігаць характары, адкрываць таленты і станавіцца сябрам.

Сапраўдны сябар той, хто дапаможа, падтрымае, раздзеліць і радасць, і бяду.

 

Яна ганарыцца тым, што сярод яе вучняў – прызёры раённых і абласных алімпіяд, конкурсу навуковых работ, што выпускнікі паказваюць добрыя веды на цэнтралізаваным тэсціраванні, а некаторыя пайшлі па настаўніцкім шляху.

– Дзе б я ні працавала, мае вучні заўсёды былі для мяне лепшымі, унікальнымі, самымі-самымі ... – з пяшчотай і любоўю гаворыць дырэктар. – Кожны раз заходжу ў клас з адчуваннем таго, што там мяне чакаюць, што перш за ўсё трэба выхоўваць чалавека. Безумоўна, неабходна даць веды, але, на мой погляд, навучыць дабрыні, спагадзе, жыццёвай мудрасці важней. Таму, напэўна, мне бліжэй літаратура – яна адкрывае больш магчымасцей для шчырага дыялогу, разважання, абмену думкамі. А гэта дапамагае стаць сябрам для вучняў і лепш разумець іх.



«Без школы і вучняў жыцця не ўяўляю»

У нашай размове Аксана Генадзьеўна шчыра прызналася, што не аднойчы атрымлівала прапановы змяніць прафесію, і вельмі цікавыя прапановы. Але…кожны раз адказвала: «Без школы і вучняў жыцця не ўяўляю». Сёння педагагічны калектыў школы аграгарадка Кашалева, якую яна ўзначальвае, працуе так, каб не згубіць сваіх вучняў, даць ім якасную адукацыю, зрабіць жыццё ва ўстанове цікавым і насычаным.

– Галоўнымі якасцямі кіраўніка з’яўляюцца прафесіяналізм, уменне прымаць правільныя рашэнні, упэўненасць у поспеху і разум­ная патрабавальнасць, – пераканана дырэктар. – Імкнуся зацікавіць сваіх калег агульнай справай, матываваць іх на поспех, дапамагчы кожнаму настаўніку стаць сапраўдным педагогам, мудрым і цярплівым, здольным вырашаць любыя задачы. А для вучняў дырэктар павінен быць чулым дарадцам і сябрам, якому можна даверыцца ў любую хвіліну.

Мая любімая паэтэса Ганна Ахматава ў адным з вершаў напісала: «Я научилась просто, мудро жить, смотреть на небо и молиться Богу…». Вось і я імкнуся разумна ставіцца да жыцця, разважаць мудра і вучыць гэтаму калег і вучняў. Галоўнае – ва ўсіх жыццёвых сітуацыях заставацца чалавекам, каб перадаць гэту якасць тым, за каго ты адказваеш.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»