Адкрыты дыялог «Да подзвігу герояў сэрцам дакраніся» прайшоў у сярэдняй школе №3 г. Навагрудка

Адкрыты дыялог «Да подзвігу герояў сэрцам дакраніся» прайшоў у сярэдняй школе №3 г. Навагрудка

14 февраля 2019 3258

Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення заўсёды з’яўлялася із’яўляецца адной з важнейшых задач сучаснай школы, таму што дзяцінства і юнацтва – самая цудоўная пара для прывіцця пачуцця любові да Радзімы.

Пад патрыятычным выхаваннем разумеецца паступовае фарміраванне ў вучняў любові да сваёй Радзімы, гатоўнасці да яе абароны. Патрыятызм – адна з важнейшых рыс усебакова развітай асобы і якасць, якая адрознівае сапраўднага грамадзяніна ва ўсе часы. Разам з тым, выхаванне патрыятызму – гэта няспынная праца па фарміраванні ў школьнікаў пачуцця гонару за сваю Радзіму і свой народ, павагі да яго вялікіх здзяйсненняў і дастойных старонак мінулага.

Collage_Fotor_8fmDMiE11 Collage_Fotor_8fmDMiE123 IMG_9610 IMG_9643

Адна з такіх старонак – амаль дзесяцігадовая, нікім і нікому не аб’яўленая,  гераічная і трагічная вайна ў Афганістане, якая забрала жыцці каля 15 тысяч чалавек былога Савецкага Саюза. Не абышла гэтая вайна і нашу Навагрудчыну. Для 150 чалавек Навагрудскага раёна вайна ў Афганістане – гэта не проста жалобныя даты, а частка іх жыцця. Шэсць ураджэнцаў Навагрудчыны не вярнуліся жывымі з афганскай зямлі, і сярод іх два – выпускнікі нашай установы адукацыі. Гэта лейтэнант Віктар Пацалуёнак і радавы Алег Бабко. Абодва яны ўзнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі пасмяротна. Таму штогод напярэдадні 15 лютага ў СШ №3 г. Навагрудка праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

11 лютага гэтага года вучні 7 “А” класа правялі адкрыты дыялог “Да подзвігу герояў сэрцам дакраніся”. Клас працаваў у 3 групах: гісторыкі, літаратары і краязнаўцы. Кожная з груп прадставіла вынікі сваёй даследчай працы. Гісторыкі вывучалі падзеі і прадпасылкі для пачатку афганскай вайны, падрыхтавалі інфармацыю пра ўвядзенне Савецкіх войск у ДРА, пазнаёмілі прысутных з дадзенымі пра страты ў час ваенных дзеянняў. Літаратары пазнаёміліся з паэтычнай і песеннай творчасцю воінаў-афганцаў, чыталі на памяць вершы пра вайну ў Афганістане, а таксама падрыхтавалі для праслухоўвання песні ў выкананні аўтараў ці вядомых артыстаў. Краязнаўцы зацікавіліся кнігай “Удалечыні, за ракой”, якая прысвечана воінам-інтэрнацыяналістам Гродзенскай вобласці. Успомнілі мы і сваіх выпускнікоў – Алега Бабко і Віктара Пацалуёнка, здзейсніўшы віртуальную экскурсію ў школьны музей Баявой славы, дзе сабраны і захоўваецца матэрыял пра жыццё і подзвіг Алега Бабко і Віктара Пацалуёнка, а таксама іх асабістыя рэчы, перададзеныя роднымі і блізкімі ў музей, успаміны класных кіраўнікоў, аднакласнікаў. Мы ганарымся Алегам і Віктарам, помнім пра іх подзвіг і свята шануем памяць пра іх і пра ўсіх, хто загінуў на той страшнай  Афганскай вайне. Імя Віктара Пацалуёнка носіць піянерская арганізацыя нашай школы, а маладзёжная арганізацыя школы носіць імя Алега Бабко. Памяць пра ўсіх загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання.

IMG_9640 IMG_9629 IMG_9613 Collage_Fotor2_vJXU6rl

Гасцямі нашага адкрытага дыялогу былі ветэраны вайны ў Афганістане Барысевіч Міхаіл Сямёнавіч і Козіч Павел Уладзіміравіч, ваенны камісар ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Бурак Сяргей Пятровіч, клірык храма святых Барыса і Глеба айцец Ігар Пірог.

У гэты святочны дзень Сяргей Пятровiч Бурак ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ветэрану вайны ў Афганiстане Паўлу Уладзiмiравiчу Козiчу юбiлейны медаль «30 гадоў вываду савецкiх войск з Афганiстана».

Напрыканцы мерапрыемства сямікласнікі запалілі “жывы агонь” з рознакаляровых пялёсткаў, што сімвалізавалі розныя пачуцці (чырвоны – гонар, жоўты – жалоба, аранжавы – слёзы, белы – раўнадушша). У нас атрымаўся вечны агонь, і ўсе бачылі, што раўнадушных не было.

Як вядома, войны не заканчваюцца тым доўгачаканым момантам, калі змаўкае зброя. Яны працягваюцца ў душах тых, хто ў іх удзельнічаў. І гэтая вайна на афганскай зямлі не выключэнне. Яна яшчэ доўга будзе напамінаць пра сябе – пакуль жывыя маці загінуўшых, пакуль баляць раны воінаў. Да таго часу, пакуль мы помнім гэтых рабят, шануем іх памяць, ходзім да помнікаў, не зачарсцвеюць нашы душы.

 

Марына Браніцкая , настаўнік сярэдняй школы №3 г.Навагрудка

Варта пачытаць:

Первые юбилейные медали «30 лет вывода войск из Афганистана» вручили в Новогрудке

На Новогрудчине вручают юбилейные медали воинам-интернационалистам