Моладзь Навагрудчыны - актыўны ўдзельнік жыцця парафіі Святога Міхала Арханёла

Моладзь Навагрудчыны - актыўны ўдзельнік жыцця парафіі Святога Міхала Арханёла

21 апреля 2019 1227
Уваскрэсенне Хрыстова… Адной назвы дастаткова, каб зразумець, у чым заключаецца сэнс гэтага вялікага свята. Вялікдзень – гэта само сэрца веры каталіцкай, яе аснова. Таму і рыхтуюцца да яго вернікі асабліва шчыра – спавядаюцца, моляцца, падчас Святога Велікоднага Трыдууму ўспамінаюць укрыжаванне, пахаванне і ўваскрэсенне Ісуса Хрыста. Гэтыя падзеі знахо­дзяць адлюстраванне ў духоўных спевах, святочных пастаноўках і велікодных дэкарацыях, якія традыцыйна ўстанаўліваюцца ў касцёлах. Вялікдзень – гэта свята адраджэння, абнаўлення, надзеі на светлыя перамены. Праводзіць гэтыя дні трэба ў радасці, узнёсласці і абавязкова дзяліцца велікоднай радасцю з усімі навакольнымі. – Кожны сапраўдны вернік ведае, што ў падрыхтоўцы да свята Уваскрэсення Хрыстова самае галоўнае – гэта духоўнае ачышчэнне, – гаворыць настаяцель парафіі Святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын. – Аднак немалаважнае значэнне мае захаванне добрых святочных традыцый, якія звязаны з фарбаваннем яек, выпяканнем кулічоў, устанаўленнем велікодных дэкарацый і інш. Вядома, калі ўсё гэта ра­біць са шчырай верай у сэрцы, як ро­біць моладзь нашай парафіі. Юнакі і дзяўчаты рознага ўзросту прымаюць самы актыўны ўдзел у розных парафіяльных справах і пастаянна ўдзельні­чаюць у супольных малітвах у касцёле. – З кожным годам маладых вернікаў у нашай парафіі становіцца ўсё больш. Юнакі і дзяўчаты не проста наведваюць богаслужэнні, а дапамагаюць у арганізацыі і правядзенні духоўных курсаў, сустрэч, розных мерапрыемстваў, – расказ­вае ксёндз Юрый. – Святыя імшы, пілігрымкі да святых месц у іншых парафіях краіны, святочныя канцэрты, акцыі, музычныя майстэрні, штогадовы фестываль сям’і, выпуск парафіяльнай газеты «Каталіцкі Навагрудак». Усё гэта і не толькі праходзіць з удзелам школьнікаў, студэнтаў і працуючай моладзі. Дзякуй Богу, маладыя вернікі нашай парафіі адчуваюць адказнасць за свой парафіяльны касцёл. IMG_5830 IMG_5824 – Сучасная моладзь – вельмі актыўная, але, што найбольш важна, цягнецца да Бога, – не па чутках ведае ксёндз Юрый. – Чаго толькі варты дыяцэзіяльныя дні каталіцкай моладзі, якія штогод ладзяцца ў адной з парафій Гродзенскай дыяцэзіі. У 2017 годзе гэты своеасаблівы маладзёжны фестываль прайшоў у Навагрудку і сабраў каля 1300 чалавек з розных рэгіёнаў краіны і нават рабят з Нігерыі, якія навучаліся ў гродзенскіх ВНУ. IMG_0838 – Праз розныя духоўныя справы моладзь набліжаецца да Бога, умацоўвае сваю веру. Трывалае духоўна-маральнае выхаванне маладога пакалення – гэта гарантыя захавання хрысціянскіх каштоўнасцей, а значыць і агульначалавечых прынцыпаў жыцця любога грамадства, – адзначыў напрыканцы ксёндз Юрый. – Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць нашай моладзі за іх шчырую стараннасць на карысць парафіі. Іх сэрцы адчынены для Езуса, і я спадзяюся, што юнакоў і дзяўчат, якія дазволяць Хрысту ўвайсці ў іх жыццё, будзе станавіцца ўсё больш. IMG_6196 Анастасія Пятрова, "НЖ" Варта пачытаць: Віншаванне Навагрудскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў каталіцкіх хрысціян з Уваскрэсеннем  Хрыстовым Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына