Парушэнні ёсць. Вынікі аднаго сумеснага рэйду на аб’екты будоўлі

Парушэнні ёсць. Вынікі аднаго сумеснага рэйду на аб’екты будоўлі

Парушэнні ёсць. Вынікі аднаго сумеснага рэйду на аб’екты будоўлі

03 июня 2019 4121
 Асноўнай задачай Дзяржбуднагляду заўсёды з’яўлялася і застаецца прафілактыка і папярэджанне аб абавязковым выкананні патрабаванняў бяспекі на будпляцоўках, утрыманне іх у належным парадку, забеспячэнне кантролю доступу на аб’екты.
«НЖ» разам з дзяржаўным будаўнічым інспектарам інспекцыі дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Гродзенскай вобласці Юрыем Чычуком і  начальнікам аддзела архітэктуры і будоўлі Навагрудскага райвыканкама Крысцінай Каласоўскай адправілася ў рэйд па будаўнічых пляцоўках. Візіт быў нечаканым,  аб нашым з’яўленні на будоўлі ніхто загадзя не паведамляў і аб’екты да візіту спецыяльна не рыхтавалі.

 Першы аб’ект – шматкватэрны жылы дом па вул. Міцкевіча, дом 114, дзе праводзіцца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Заказчыкам і генпад­радчыкам выступае Навагрудскае РУП ЖКГ.

alt alt alt

Знешні выгляд будпляцоўкі стварае станоўчае ўражанне – дом абнесены агароджай, будаўнічага смецця няма, устаноўлены кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, матэрыялы складзіраваны акуратна, знакі бяспекі размешчаны па ўсёй пляцоўцы, людзі працуюць у касках, устаноўлены пажарны шчыт.

– У цэлым заключэнне па гэтым аб’екце можна даць станоўчае, – выносіць вердыкт Юрый  Чычук. – Аднак, як і ў любой будоўлі, можна знайсці дробныя неістотныя недахопы. У параўнанні з аб’ектам мінулага года сёлета РУП ЖКГ паклапацілася аб утрыманні ў належным стане будаўнічай пляцоўкі. Гэты аб’ект можна прыводзіць у прыклад, як трэба ставіцца да пытанняў бяспекі. Усе небяспечныя зоны правільна абгароджаны, пазначаны папераджальнымі таблічкамі.

Наступным аб’ектам праверкі стаў спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту, што ўзводзіцца па вуліцы Драздовіча. Заказчыкам з’яўляецца УКБ Навагрудскага раёна, а генпадрадчыкам выступае Лідскае ПМК-169.


Тут у ходзе праверкі былі выяўлены парушэнні складзіравання будаўнічых матэрыялаў і канструкцый, па прычыне чаго ўнутрыпляцовачныя праезды загрувашчаны, таксама паўсталі пытанні ў інспектара і да пункта мыйкі колаў машын.

– Патрабаванні і правілы, у адпаведнасці з якімі павінна ўтрымлівацца будаўнічая пляцоўка, рэгламентуюцца рознымі дакументамі. Будаўнікі іх ведаюць, але, на жаль, нярэдка парушаюць, – адзначыў дзяржаўны будаўнічы інспектар. – Машыны з бруднымі коламі выязджаюць у горад, хоць па правілах выезд з будаўнічай пляцоўкі павінен быць абсталяваны  пунктам мыйкі (ачысткі) колаў. У сухое надвор’е пяску не так шмат, а ў дажджлівае – балота выносіцца з буд­пляцоўкі на дарогу.

Прадстаўнік дзяржбуднагляду на гэтым участку адзначае і іншыя парушэнні.

Затым мы накіраваліся ў мікрараён «Мітраполь-1», дзе вядзецца будоўля адразу двух шматкватэрных дамоў. Амаль сто навагрудскіх сямей атрымаюць доўгачаканае ўласнае жыллё.

 
alt alt alt

Падрадчыкам абодвух дамоў з’яўляецца Навагрудскае БМУ, а вось заказчыкам аднаго дома з’яўляецца УКБ Навагрудскага раёна, другога Навагрудскае БМУ.

Падчас рэйду на будоўлі першага дома, дзе заказчык Навагрудскае БМУ, не было выяўлена істотных парушэнняў правілаў утрымання будаўнічай пляцоўкі. Было адзначана, што падрадчык, які ажыццяўляе ўзвя­дзенне жылля, надае належную ўвагу зместу. Пляцоўка для складзіравання матэрыялаў вымашчана плітамі, агароджана месца для складзіравання смецця, пракладзены дарожкі да бытавых памяшканняў, агароджа выканана згодна з правіламі і нормамі.

– На гэтым аб’екце культура будоўлі на ўзроўні, – адзначыў Юрый Чычук. – Чаго не магу ў такой меры сказаць пра суседнюю будоўлю, дзе ёсць пэўныя парушэнні. Тут не ўсё так гладка, як хочацца. Адно з парушэнняў – няправільнае складзіраванне матэрыялаў, частка іх ляжыць прама на зямлі, не ўся агароджа адпавядае нормам.

Дырэктар Навагрудскага БМУ Валерый Сербін паабяцаў, што больш такія парушэнні не будуць дапушчаны і будуць ліквідаваны.

Наступнымі аб’ектамі, якія праверылі дзяржаўны будаўнічы інспектар інспекцыі Юрый Чычук і начальнік аддзела архітэктуры і будоўлі Крысціна Каласоўская, сталі дзве прыватныя будоўлі. Першая – рэканструкцыя гасцініцы па вуліцы Гро­дзенскай. Заказчыкам з’яўляецца ААТ «Аўтатрансдок», падрадная арганізацыя ААТ «Стройнэт». Будоўля другога аб’екта распачата на вуліцы Замкавай, дом 6. Тут будзе размешчана кафэ-бар і гасцініца. Заказчыкам гэтага аб’екта з’яўляецца ІП М.В. Раковіч, а падрадная арганізацыя СПУП «Даніка-Вест».

На гэтых будоўлях інспектар адзначае, што парадак наведзены, аднак не ў поўным аб’ёме.

– На першым аб’екце пляцоўка не ўкамплектавана пажарным шчытом, не ўстаноўлены папераджальныя знакі. Раней была драўляная агаро­джа, згодна з прадпісаннем гэты недахоп выпраўлены, – зазначае падчас рэйду Юрый Чычук.

І на другім аб’екце, што будуецца ў гістарычным месцы нашага горада паблізу з замкам, інспектар адзначае, што парадак на будоўлі наведзены, устаноўлены бетонныя пліты, аднак агароджа не адпавядае нормам.

Падчас рэйду мы наведалі толькі частку аб’ектаў будоўлі, але і гэтага аказалася дастаткова, каб пераканацца, што не на ўсіх будаўнічых пляцоўках надаецца асаблівая ўвага іх утрыманню ў належным парадку. Аднак, як падкрэсліў Юрый Чычук, толькі шляхам узаемадзеяння інспекцыі дзяржбуднагляду, заказчыкаў, падрадчыкаў, а таксама органаў мясцовай улады, санітарнага, экалагічнага, пажарнага нагляду і іншых службаў ўдасца навесці парадак на будпляцоўках, бо ад гэтага залежыць бяспека работнікаў і якасць будаўніцтва будучых аб’ектаў.

Вольга Пісар, «НЖ»