Лазневыя паслугі: дзе памыцца жыхарам Навагрудскага раёна?

Лазневыя паслугі: дзе памыцца жыхарам Навагрудскага раёна?

Лазневыя паслугі: дзе памыцца жыхарам Навагрудскага раёна?

31 июля 2019 4162

Ні для каго не сакрэт, што лазня для большасці яе аматараў не проста месца адпачынку, а жыццёвая неабходнасць. Сапраўды, калі адны ходзяць у лазню па здароўе, то жыхары прыватнага сектара, сельскіх населеных пунктаў не толькі папарыцца, але і проста памыцца. Наколькі запатрабаваны паслугі грамадскіх лазняў у нашым раёне? Ці задаволены наведвальнікі якасцю абслугоўвання? За адказамі мы звярнуліся да спецыялістаў адпаведных служб
і жыхароў раёна.




 

– У нашым раёне маецца 20 грамадскіх лазняў і душавых, з іх 4 камунальныя – Навагрудскага РУП ЖКГ і 16 ведамасных – сельскагаспадарчых арганізацый раёна. У рэестр бытавых паслуг уключана 7 аб’ектаў, у тым ліку 4 камунальныя і 3 аб’екты іншых форм уласнасці, якія аказваюць лазневыя паслугі (ААТ «Навагрудскі ЗГА», ТАА «БелЭкоТурСервис», філіял «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт» – лазня аг. Ацмінава). Акрамя гэтага, у раёне лазневыя паслугі аказваюць 12 аграэкася­дзіб, – расказвае галоўны ўрач Навагрудскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Пётр ГРАМЫКА. – З 16 ведамасных сельскіх грамадскіх лазняў у працоўным стане знаходзяцца 10. Праведзены аналіз стану лазневага абслугоўвання насельніцтва паказвае, што матэрыяльна-тэхнічная база большасці грамадскіх лазняў састарэла. Прывядзенне іх у належны стан патрабуе значных фінансавых укладанняў. Так, доўгі час не працу­юць грамадскія лазні ў аг. Пятрэвічы (філіял «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт»), в. Бор (ААТ «Прынёманскі»), в. Ваўковічы (СВК Нягневічы). Практычна не вядуцца рамонтныя работы ў аг. Брольнікі (СВК «Нягневічы»). У лазні в. Масцішча (ААТ «Уселюб») адсутнічае кацёл для падагрэву вады. У лазні аг. Гарадзечна (ААТ «Гарадзечна») адключана электраэнергія. Складаная сітуацыя ў населеных пунктах Пятрэвіцкага, Ла­дзеніцкага і Брольніцкага сельсаветаў, дзе наогул адсутнічаюць лазні.





Кожны жыхар нашага раёна павінен мець магчымасць атрымаць даступныя і якасныя лазневыя паслугі, таму задача адпаведных служб, кіраўнікоў сельвыканкамаў і гаспадарак прывесці ў належны стан лазні ці знайсці альтэрнатыву – арганізаваць падвоз ці ўзяць за вопыт выкарыстанне перасоўнай лазні, якая маецца ў Шчучынскім РУП ЖКГ, – дадаў Пётр Аляксандравіч.

– На балансе Навагрудскага РУП ЖКГ знаходзіцца 4 лазні. Акрамя гараджан, паслугамі лазняў карыстаюцца жыхары г.п. Любча, аг. Шчорсы і в. Харосіца, – расказвае намеснік дырэктара па эканоміцы Навагрудскага РУП ЖКГ Валянціна Дзяшук. – Гарадская лазня мае 2 аддзяленні, душавыя кабіны, а таксама спецыяльнае аддзяленне для асоб з фізічнымі абмежаваннямі з ваннай і душавой кабінай. У лазні функцыянуе нумар вышэйшага разраду, дзе маецца басейн. Сёлета паслугі лазні сталі каштаваць танней – 4 рублі, а наведванне душавога аддзялення абыдзецца ў 3 рублі. Наогул, паслугі лазні, асабліва ў горадзе, запатрабаваныя, людзі з задавальненнем прыхо­дзяць папарыцца, памыцца. Калі за 2018 год паслугамі лазні скарысталася больш чым 22,7 тыс. чалавек, то за першае паўгоддзе 2019 года – 13,8 тыс. чалавек, з іх 2,9 тыс. сельскія жыхары. Гэта ўсяго толькі 27% ад узроўню лазневых паслуг, якія мы можам аказаць. Адсюль і высокі сабекошт. Калі ў горадзе лазню за паўгоддзе наведала 10 891 чалавек, то адна памыўка абышлася нам у 5,98 рублёў, а, напрыклад, у Шчорсах і Харосіцы сабекошт складае 15,39 і 12,96 рублёў адпаведна. Паслугі лазняў з-за нізкай загружанасці стратныя.

А ці задаволены якасцю абслугоўвання ў лазнях жыхары сельскіх населеных пунктаў. Разам з загадчыкам аддзела камунальнай гігіены і гігіены працы занальнага цэнтра Міхаілам Перасецкім мы наведаліся ў аг. Уселюб, в. Масцішча і аг. Ацмінава. Лазні ў гэтых населеных пунктах знахо­дзяцца на балансе сельскіх гаспадарак ААТ «Уселюб» і філіяла «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт».

– У нас наведванне лазні, якая працуе адзін дзень на тыдзень, па пятніцах, бясплатнае. За дзень прыходзіць 60-80 чалавек, – гаворыць лазеншчык Леанід Кісляк. – Акрамя мясцовых жыхароў, лазню наведваюць жыхары вёсак Трасцянка, Слачва, Шкелічы, Забалаць. Ра­зам з тым лазня патрабуе рамонту, ёсць пытанні па рабоце парылкі, аднак гэта патрабуе грашовых укладанняў.

У в. Масцішча лазня ў добрым стане, аднак яна закрыта для наведвальнікаў з-за адсутнасці катла падагрэву вады. Пра гэта ведаюць у гаспадарцы, але праблема пакуль не вырашана. А мясцовыя жыхары з надзеяй чакаюць магчымасці завітаць у лазню.




Зусім іншыя адносіны да абслугоўвання насельніцтва паслугамі лазні мы назіралі ў аг. Ацмінава. Аб’ект лазні нале­жыць філіялу «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт». Мясцовыя жыхары згодны ха­дзіць у лазню нават за 4 рублі. Аднак ужо больш за год лазня не працуе. Аб’ект фінансава затратны для гаспадаркі, таму і закрыты. А тое, што лазня доўгі час не працуе, адпаведным чынам уплывае на яе стан.





Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых аграгарадках і вёсках нашага раёна. Магчыма, у вырашэнні пытання работы лазняў у сельскай мясцовасці дапаможа дзяржфінансаванне. Так, з 5 ліпеня гэтага года ўступіла ў сілу пастанова, у адпаведнасці з якой і прынята частка выдаткаў на аказанне насельніцтву паслуг лазняў агульнага карыстання і душавых кампенсуецца са сродкаў мясцовых бюджэтаў. У раёнах будзе вызначаны пералік такіх аб’ектаў і прынята рашэнне па частковай кампенсацыі гэтых выдаткаў сёлета і ў будучым го­дзе.

Ангеліна Міхайлаўна Царэвіч:



– Мы, жыхары Уселюба, вельмі рады, што лазня ў нас працуе. Большасць наведвальнікаў – гэта людзі ва ўзросце, аднак ходзіць у баню і моладзь. Лазня – гэта добра, не ў кожнага дома ёсць выгоды, газазабеспячэнне, таму мы вельмі задаволены працай нашай лазні.

Марыя Жынко і Міра Ігнатовіч:



– Раней жыхары Ацмінава з задавальненнем хадзілі ў лазню. Сёння там умовы нездавальняючыя, бо лазня не працуе даўно. Мы неаднаразова падымалі гэта пытанне, звярталіся да кіраўніцтва. Разумеем, што патрэбны сродкі на рамонт і затраты на абслугоўванне. Таму прапануем арганізаваць падвоз людзей у лазню ў горад ці суседні аг. Уселюб.

Вольга  ПІСАР, «НЖ».