Камеры захоўвання ў магазінах - гарантыя аховы нашых рэчаў? "НЖ" расказвае, як не стаць ахвярай крадзяжу

Камеры захоўвання ў магазінах - гарантыя аховы нашых рэчаў? "НЖ" расказвае, як не стаць ахвярай крадзяжу

Камеры захоўвання ў магазінах - гарантыя аховы нашых рэчаў? "НЖ" расказвае, як не стаць ахвярай крадзяжу

21 января 2020 2775

Часта бывае, што, заходзячы ў магазін з поўнымі  пакетамі, мы спакойна пакідаем іх у камеры захоўвання. Так зручна і надзейна – упэўнены многія. Але ж на самой справе не ўсё так бязвоблачна. Здараецца, замест прыемных пакупак і добрага настрою чалавек пакідае магазін у роспачы і без сваіх рэчаў.

Пакупка з рызыкай

Напярэдадні навагодніх свят адна мая знаёмая, як заўжды, прыйшла за пакупкамі ў адзін з буйных магазінаў Навагрудка. Перад гэтым яна ўжо прайшлася па гандлёвых кропках і купіла шмат падарункаў і рэчаў для сваіх родных. Заставалася толькі набыць некаторыя прадукты. Прывычна адчыніўшы дзерцы, усе свае пакеты пакінула ў камеры захоўвання, закрыла яе на ключ і пайшла ў гандлё­вую залу. А калі вярнулася, убачыла, што ячэйка адкрыта, а рэчы – зніклі...

Кінуліся да ахоўніка, але той толькі паціснуў плячыма і паказаў на таблічку «Адміністрацыя не нясе адказнасці за прапажу каштоўных рэчаў з камеры захоўвання». Але ж дапамагчы не адмовіўся. Уважліва паглядзеўшы на ключ, прапанаваў паспрабаваць адкрыць ім камеры з падобнай лічбай. Маўляў, надпіс сцёрся і, магчыма, жанчына нешта пераблытала. Можаце ўявіць, як была здзіўлена мая знаёмая, калі яе ключом ахоўнік адкрыў адразу некалькі ячэек захоўвання. На жаль, рэчы не адшукаліся, і жанчына ў роспачы пакінула магазін…


Права на захоўванне

Пагадзіцеся, сітуацыя не з прыемных, аднак жа такі выпадак не рэдкасць. Цікава, каму тады патрэбны камеры захоўвання, калі яны не адпавядаюць свайму прамому прызначэнню? Але ж давайце разбяромся  ва ўсім папарадку.

У Правілах ажыццяўлення рознічнага гандлю асобнымі відамі тавараў і грамадскага харчавання значыцца: у аддзеле самаабслугоўвання пакупнікам забараняецца складаць прадукты сабе ў сумкі – толькі ў карзіны або спецыяльныя каляскі. А каб асабістая паклажа не замінала наведвальнікам, магазіны абавязаны абсталяваць месцы для захоўвання іх рэчаў. Аднак перш за ўсё заўважым, што, у адпаведнасці з заканадаўствам, прадавец не мае права перашкаджаць уваходу пакупнікоў у гандлёвую залу са сваімі рэчамі. Адпаведна, калі супрацоўнікі гандлёвага аб’екта паспрабуюць не прапус­ціць пакупніка з вялікай сумкай, рукзаком і г.д., апошні мае права пакінуць адпаведны запіс у кнізе заўваг і прапаноў або звярнуцца ва ўпаўнаважаныя органы. І яшчэ важна ведаць, што  існуючае меркаванне аб тым, што магазін не нясе адказнасці за пакінутыя ў камеры захоўвання рэчы, абсалютна неправамернае.


Вольга Скобля, начальнік упраўлення эканомікі, гандлю і паслуг Навагрудскага райвыканкама:

– У адпаведнасці з арт. 777 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пасля закрыцця рэчаў у камеры захоўвання на ключ і атрымання жэтона з нумарам ячэйкі дагавор бязвыплатнага захоўвання паміж гандлёвым аб’ектам і пакупніком лічыцца заключаным. Згодна з п. 1 арт. 776 Грамадзянскага кодэкса, захавальнік абавязваецца захоўваць рэч, перада­дзеную ёй іншым бокам, і вярнуць гэтую рэч у захаванасці. Такім чынам  наяў­насць у магазінах камер захоўвання азначае, што магазін гатовы заключыць з пакупніком бязвыплатны дагавор захоўвання рэчаў, аднак іх кошт не павінен перавышаць 10 базавых велічынь. А ў артыкуле 791 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь значыцца, што магазін адказвае за страту, нястачу або пашкоджанне рэчаў, прынятых на захоўванне. У тым выпадку, калі, да прыкладу, ячэйкі адкрываюцца самаадвольна або адзін ключ падыходзіць да некалькіх, на гандлёвую кропку ўскладаецца абавязак па кампенсацыі страт, прычыненых пакупніку, у памеры кошту скрадзенага. Гэта запісана ў артыкуле 792 Грамадзянскага кодэкса. Аднак пакупнікі таксама павінны прымаць меры па забеспячэнні захаванасці сваіх рэчаў. Нельга перадаваць ключ трэцім асобам. Пасля таго, як рэчы змешчаны ў камеру захоўвання, неабходна праверыць, ці закрылася ячэйка. Калі пакупнік згубіў ключ, гэта таксама можа зняць віну з гандлёвага аб’екта ў выпадку выкрадання рэчаў.

Куды звяртацца?

Такім чынам, забяспечыць захава­насць гаспадарчых сумак, пакетаў, партфеляў і іншых буйнагабарытных рэчаў, якія пакупнік пакінуў у камеры захоўвання, – абавязак гандлёвага аб’екта. Гэта ў ідэале. А на практыцы адміністрацыя магазіна часта заяўляе, што адказнасці за рэчы ў камерах яна не нясе. Як тады варта сябе паводзіць чалавеку?

Па-першае, выклікаць міліцыю, пакі­нуць запіс у кнізе заўваг і прапаноў. Акрамя таго, юрысты раяць пастарацца пакінуць у сябе ключ з нумарам ячэйкі. У судзе ён будзе доказам таго, што вы заключылі дагавор захоўвання з магазінам. Не атрымліваецца пакінуць ключ? Фіксуйце на камеру тэлефона сам ключ, ячэйку, вазьміце кантакты сведак. Дарэчы, у судзе давядзецца ўстанаўліваць, якія менавіта рэчы зніклі і які іх кошт. Гэта будзе няпроста, але магчыма.

Па-другое, напішыце прэтэнзію на імя дырэктара гандлёвай кропкі з указаннем матэрыяльнай шкоды. Адпраўце дакумент заказным пісьмом з паведамленнем. Папярэдзьце адрасата аб тым, што, калі ваш зварот будзе праігнараваны, вы звернецеся ў суд. Гандлёвыя прадпрыемствы часам карыстаюцца тым, што большасць пакупнікоў не ведаюць сваіх правоў. Дамагчыся справядлівасці цяжка, але рэальна. Магчыма, пасля таго, як вы агучыце план дзеянняў, адміністрацыя магазіна прапануе вырашыць канфлікт мірным шляхам.

Навучыць шанаваць пакупніка

Шкада, але абсалютная большасць людзей, якія сталі ахвярамі крадзяжу з камер захоўвання, сваіх правоў або не ведаюць, або не жадаюць іх адстойваць. Звычайна мы вінавацім сябе, сваю нядбайнасць і наракаем на злачынцаў. На гэтым, як правіла, усё і заканчваецца. Дзіўна іншае. Укладваючы вялікія сродкі ў будаўніцтва і абсталяванне супермаркетаў і гіпермаркетаў, іх уладальнікі эканомяць на камерах захоўвання. Калі здзейсніць невялікую экскурсію па беларускіх універсамах і гіпермаркетах, і нават у буйных гарадах, і паглядзець на камеры захоўвання, становіцца сумна. Надзейнасць запорных прылад ячэек, дзе часта людзі пакідаюць грошы, дакументы, каштоўнасці, выклікае шмат пытанняў. Што ж гаварыць аб тым, што любы зламыснік можа вынесці ключ за межы магазіна і за тры хвіліны зрабіць дублікат. Вядома, пакідаць дарагія рэчы ў камерах захоўвання глупства, але бываюць розныя сітуацыі… Выходзіць, ніхто не можа гарантаваць захаванасць нашых рэчаў. А зламысніку застанецца толькі чакаць, калі чарговы даверлівы пакупнік пакладзе рэчы ў ячэйку.


А між тым у свеце ўжо даўно навучыліся шанаваць пакупнікоў. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу функцыянуюць электронныя камеры захоўвання, дзе дзверцы адкрываюцца па ўнікальным штрыхкодзе. Паклаў рэчы ў такую камеру – яна табе выдае талон. Па завяршэнні пакупак прыкладваеш гэты талон да сканару – і скрынка адчыняецца. Ёсць прыклады, калі ў кожнай ячэйцы ўсталёўваецца электронны кодавы замок з вялікай колькасцю камбінацый. Але для нас гэта, мяркуючы па нашых магазінах, пакуль з вобласці фантастыкі.

Ці можна змяніць сітуацыю? Калі пакупнікі будуць патрабаваць прыцягнення службовых асоб да адказнасці за нядобрасумленнае захаванне здадзенай на захоўванне маёмасці, справа зрушыцца з мёртвай кропкі. Толькі абавязаўшы магазіны ствараць эфектыўныя ўмовы для захаванасці нашай маёмасці, мы пазбавімся ад перажыванняў з-за градзяжоў.

Алена Андрэева, «НЖ»
Фота з адкрытых крыніц