Прышчэпку? Абавязкова!

Прышчэпку? Абавязкова!

Прышчэпку? Абавязкова!

16 октября 2021 1084
У той час, як каронавірус працягвае забіраць жыцці людзей, многія сумняваюцца: а ці варта яе рабіць? А ці будзе з яе толк, асабліва цяпер, ды і новыя штамы добра не вывучаныя? А як з пабочнымі эфектамі? Так, пытанняў больш чым адказаў.

Чэргі хворых каронавіруснай інфекцыяй у гарадской паліклініцы выйшлі за межы будынка. Каля раённай паліклінікі ўсталявана палатка для большага камфорту пацыентаў.
 – Такім чынам нам удалося раздзяліць патокі: людзі, якія знаходзяцца на стадыі выздараўлення, не кантактуюць з тымі, хто толькі захварэў, адзначае намеснік галоўнага ўрача раённай бальніцы Марына ФІСЕНКА.

Для прафілактыкі паўторнага заражэння ў «чырвонай зоне» раздзелены патокі па часе прыёму пацыентаў: для тых, хто звяртаецца ўпершыню, з 8.00 да 10.30 і з 14.00 да 16.00, паўторны прыём ажыццяўляецца з 11.00 да 14.00 і з 16.30 да 19.00.

Медыкі працуюць у сладаных умовах, і справіцца з колькасцю тых, хто звяртаецца за дапамогай, усё цяжэй. Кавід набірае абароты. На 14 кастрычніка на амбулаторным лячэнні з пацверджанай каронавіруснай інфекцыяй знаходзіцца каля 500 пацыентаў і столькі ж назіраецца кантактаў першага ўзроўню. Арганізавана работа 9 медыцынскіх брыгад: 7 дарослых, у тым ліку 2 працуюць на раёне, і 2 дзіцячыя, якія праводзяць агляды хворых па месцы жыхарства, – канстатавала Марына Аляксандраўна.

Марына Фісенка таксама папярэдзіла, што ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй людзям, якія плануюць звярнуцца ў раённую паліклініку за планавай дапамогай, лепш адкласці гэта на больш благапрыемны перыяд.

Атрымаць неабходны рэцэпт на лякарствы можна ў рэгістратуры паліклінікі па папярэднім званку па тэл. регістратуры 4-83-31; 4-81-46. З 15 кастрычніка пачнуць работу студэнты-валанцёры, якія будуць дастаўляць рэцэпты дадому людзям пажылога ўзросту, адінокім і адзінокапражываючым. Наладжана работа па дастаўцы рэцэптаў для эндакрыналагічных хворых у цэнтральную аптэку № 60 па вул. Гродзенская,10. Забраць неабходныя лякарствы можна менавіта там. Аб выпісцы рэцэпта можна дамовіцца па тэл. 4-35-09.

Разам з абвастрэннем абстаноўкі хочацца верыць, што пачынае змяняцца стаўленне нашых жыхароў да вакцынацыі. У рэшце рэшт кожны з нас павінен зразумець, што без гэтага кроку мы ўсе можам страціць не толькі здароўе, але і жыццё.

Чалавек так уладкаваны, што яму здаецца: яго гэтая бяда не напаткае. І толькі калі смерць падыходзіць вельмі блізка, пачынае мітусіцца. На жаль, часта гэта бывае ўжо позна – медыкі пацвярджаюць, што практычна ўсе пацыенты рэанімацыі і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх – непрышчэпленыя і цяжкія.

 – Больш за паўгода ў Навагрудскім раёне працягваецца прышчэпачная кампанія. Агульная колькасць вакцынаваных у нас у рэгіёне на сённяшні дзень складае 30,12 %, а для фарміравання калектыўнага імунітэту патрэбна не менш за 60 %, а значыць, спыніць эпідэмію пакуль немагчыма, – адзначае Марына Фісенка. – Мы ацанілі значнасць прышчэпачнай кампаніі. Сярод пацыентаў, якія праходзяць лячэнне ад каронавіруснай інфекцыі ў нашай бальніцы, няма цяжкіх выпадкаў захворвання ў тых, хто прышчэплены двума кампанентамі. У іх паспеў сфарміравацца імунітэт. Акрамя таго, большасць тых людзей, якія ўсе ж захварэлі каронавірусам пасля прышчэпкі, лечацца амбулаторна і іх стан не выклікае трывогі.

– Па стане на 14 кастрычніка ў нашым раёне першым кампанентам прышчэплена 12555 чал. (30,12 %), поўны курс вакцынацыі прайшлі 8168 чал. (19,59 %), – паведаміла Марына Аляксандраўна. – Сёння ў арсенале медыкаў знаходзіцца расійская вакцына «Спадарожнік V». Медыцынскія работнікі сваім асабістым прыкладам паказваюць землякам, што вакцынацыя – адзіны спосаб абараніць сябе і сваіх блізкіх. На дадзены момант доля прышчэпленых работнікаў бальніцы складае 94,41 %. А чаго чакаюць астатнія, незразумела, – рэзюмавала намеснік галоўнага урача.

Ад аўтара.
На самой справе, мне здаецца, настала пара сур’ёзна задумацца аб тым, якія наступствы чакаюць кожнага, хто не прышчапіўся, і тых, хто знахо дзіцца побач з імі? Я прышчапілася яшчэ летам разам з мужам і яго мамай, якой, дарэчы, 84 гады. Мы перахварэлі мінулай восенню, ступень цяжкасці захворвання была сярэдняя, але паўтарэння не хочацца, бо вельмі хвалююць наступствы хваробы. Прызнаюся, што да прышчэпкі спачатку адносілася скептычна, але, ведаючы аб цяжкіх выпадках захворвання сярод сваякоў і знаёмых, рашэнне было прынята – адназначна прышчэпка!
А сёння, калі стаю ў чарзе ў магазіне ці ў аптэцы і назіраю за людзьмі, якія ігнаруюць маскі, не вытрымліваюць дыстанцыю ў 1,5-2 м (ім жа гэта цяжка зрабіць), узнікае пытанне: аб чым яны думаюць? Мабыць, хочуць даведацца, што такое СОVID на ўласным вопыце? Што ж, гэтага дабіцца проста, асабліва з улікам сённяшняй сітуацыі.
Давайце будзем берагчы сябе, сваіх блізкіх і навакольных людзей, нельга спадзявацца на выпадак ці знакамітае «авось»!

Алена Ермакова, «НЖ».