Перш чым зрабіць, падумайце! Чым пагражаюць знявага, паклёп і пагрозы ў Інтэрнэце, расказаў пракурор Навагрудскага раёна Аляксандр Шляжко

Перш чым зрабіць, падумайце! Чым пагражаюць знявага, паклёп і пагрозы ў Інтэрнэце, расказаў пракурор Навагрудскага раёна Аляксандр Шляжко

Перш чым зрабіць, падумайце! Чым пагражаюць знявага, паклёп і пагрозы ў Інтэрнэце, расказаў пракурор Навагрудскага раёна Аляксандр Шляжко

07 ноября 2020 1081

За адно неабдуманае дзеянне ў сетцы Інтэрнэт можна трапіць пад адміністрацыйную і нават крымінальную адказнасць. Дзе грань, за якой заканчваецца выказванне ўласнага меркавання і пачынаецца парушэнне закона? Што чакае аўтара паклёпу, знявагі і пагроз, выказанах у адрас другога чалавека? Як быць тым, хто стаў ахвярай «інтэрнэт-нападак»? Разбіраемся разам з пракурорам Навагрудскага раёна Аляксандрам Шляжко. 

Усё больш людзей атрымліваюць доступ да сусветнай павуціны і адкрываюць для сябе яе магчымасці. Адначасова з развіццём анлайн-тэхналогій расце актуальнасць абароны правоў карыстальнікаў сеткі. Уступаючы ў дыскусію на інтэрнэт-форумах і пакідаючы суразмоўцам непрыемныя паведамленні на іх асабістых старонках у сацыяльных сетках ці ў месенджарах, важна памятаць, чым гэта можа пагражаць.

У Інтэрнэце з кожным днём становіцца ўсё больш і больш адмоўных каментарыяў. Многія ўспрымаюць гутарку далёка не як дыскусію, а як спосаб вы­ліць свае негатыўныя эмоцыі на іншых людзей. Таму сітуацыі, калі спрэчкі прыводзяць да адкрытага выказвання знявагі ці паклёпу, вельмі частая з’ява.

Знявага – наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме.

Паклёп – распаўсюджванне заведама лжывых звестак, якія ганьбяць іншую асобу.


– Многія людзі настолькі прывыклі да падобных зносін у Інтэрнэце, што проста не задумваюцца над тым, што гэта не адпавядае нормам маралі, парушае чужыя правы і для віноўніка можа пацягнуць адказнасць, – канстатуе Аляксандр Шляжко. – Напрыклад, падчас дыскусіі на інтэрнэт-форуме суразмоўца абазваў вас нецэнзурным словам. Вы вырашылі пакараць апанента. Для доказу факта знявагі ў сусветнай павуціне трэба прадставіць скрыншот (здымак старонкі) з крыўднымі словамі. Згодна з арт. 152 і 153 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, чалавек, якога абразілі, можа звярнуцца ў суд з іскавай заявай аб абароне гонару і годнасці і грашовай кампенсацыі за нанесеную маральную шкоду. Пры гэтым праз суд можна запатрабаваць абвяржэння звестак, якія ганьбуюць гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю, калі іх распаўсюджвальнік не дакажа, што факты адпавядаюць рэчаіснасці.

– Адначасова з заявай у суд, калі ў сацыяльных сетках, месенджарах, праз скайп ці на інтэрнэт-форумах у адносінах да чалавека выказаны паклёп ці знявага, ён таксама можа звярнуцца ў органы ўнутраных спраў для прыцягнення віноўніка да адміністрацыйнай адказнасці. Зрабіць гэта лепш адразу ці не пазней за два месяцы пасля інцыдэнта, – тлумачыць пракурор. – Адміністрацыйная адказнасць прадугледжана за дробнае дзеянне, наступствы якога не нанеслі істотнай шкоды грамадскім адносінам. Напрыклад, калі выказванні маглі пацягнуць нейкія наступствы для пацярпелага, але гэтага не здарылася.

Згодна з арт. 9.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспуб­лікі Беларусь, паклёп цягне накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь. Па арт. 9.3 КоАП РБ за знявагу можна атрымаць штраф у памеры да 20 базавых велічынь.

   Можна прывесці мноства сітуацый, калі людзі пераходзяць мяжу і апускаюцца да непрыстойных фраз. Калі вы ведаеце імя крыў­дзіцеля, заява пішацца ў дачыненні да гэтай асобы. Калі пагрозы прыходзяць ад невядомага чалавека, міліцыя пачне праверачныя мерапрыемствы. Галоўнае – прадаставіць доказ. Ёсць выпадкі, калі пацярпелыя не хочуць марнаваць час на разбіральніцтвы і пошукі справядлівасці і ў міліцыю не звяртаюцца. Не рэдкасць, калі пацярпелы і правапарушальнік прыміраюцца.

Па даных аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Навагрудскага РАУС, з пачатку 2020 г. складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў па арт. 9.2 КоАП РБ (па 4 віноўнікі прыцягнуты да адказнасці, 3 спынены, 2 знаходзяцца на разглядзе) і 144 пратаколы па арт. 9.3 КоАП (па 61 правапарушальнікі прыцягнуты да адказнасці, 76 спынены, 7 на разглядзе).

– Калі ж цяжар самога дзеяння і ступень цяжару наступстваў больш сур’ёзныя, то размова ўжо будзе ісці пра крымінальную адказнасць, – паведаміў Аляксандр Уладзіміравіч. – Кваліфікацыя супрацьпраўнага дзеяння – з’яўляецца яно правапарушэннем ці злачынствам – вызначаецца праваахоўнікамі на этапе пачатковага разбіральніцтва.

– У апошнія часы ў нашай краіне ўсё больш крымінальных спраў заводзіцца з-за сеткавых канфліктаў з-за палітычных поглядаў, калі выказаныя знявага і паклёп уключаюць пагрозы, распаўсюджванне асабістых даных і адкрытыя заклікі да насілля, – гаворыць А. Шляжко. – Напрыклад, толькі ў Гродзенскай вобласці колькасць такіх правапарушэнняў і злачынстваў павялічылася амаль у два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года.

Згодна з арт. 188 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, распаўсюджванне заведама лжывых звестак (паклёп), якія ганьбяць іншую асобу ў публічным выступленні, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання альбо выдзеленай сетцы электрасувязі, альбо паклёп, які змяшчае абвінавачванне ва ўчыненні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства, караюцца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў.

Па арт. 189 КК РБ наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме (знявага) у публічным выступленні, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, распаўсюджанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання альбо выдзеленай сетцы электрасувязі, караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў.


– Падзеі, якія адбываюцца ў краіне ў апошні час, і сітуацыя, якая складваецца, выявілі яшчэ адну групу дэструктыўных інтэрнэт-карыстальнікаў. Яны выкарыстоўваюць Інтэрнэт як сродак распаўсюджвання лжывых, абразлівых звестак у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, прадстаўнікоў улады, работнікаў дзяржаўных устаноў і арганізацый. Заклікаюць да насілля ў дачыненні да гэтых асоб, да знішчэння іх маёмасці, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. – У стужках Telegram-каналаў часта гучаць заклікі да супрацьпраўнай дзейнасці, а часам і прамое пабуджэнне да ўчынення рознага роду цяжкіх злачынстваў. Часам распаўсюджваецца фэйкавая інфармацыя пра падзеі, якія не мелі месца альбо зусім перакручваецца прырода тых падзей, якія адбываліся. Прадстаўнікі праваахоўнай сістэмы краіны, у тым ліку работнікі пракуратуры, пастаянна манітораць адпаведныя інтэрнэт-рэсурсы і выяўляюць гэтыя факты. Такія дзеянні пры пэўных умовах мы можам кваліфікаваць як падахвочванне да ўчынення злачынства. Ім, вядома, даецца адпаведная прававая ацэнка. Узбуджаюцца крымінальныя справы, устанаўліваюцца падазроныя, затым з імі праводзяцца следчыя дзеянні.

– Ёсць такія факты і ў нас. У жніўні 2020 г. пракуратурай Навагрудскага раёна ўзбуджана крымінальная справа па арт. 189 «Знявага», а ў кастрычніку раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь распачата следства па арт. 188 Крымінальнага кодэкса «Паклёп», – дадаў пракурор раёна.

Узнікае лагічнае пытанне: ці трэба здзяйсняць такія неабдуманыя і, напэўна, імпульсіўныя дзеянні для таго, каб у чыстай біяграфіі засталася крымінальная пляма? Да таго ж пры асабліва агрэсіўным характары выказванняў шансы пазбавіцца волі ўзрастаюць у разы. Наўрад ці эмоцыі таго варты.


Ёсць выпадкі, калі дзеянні парушальнікаў закона маюць іншы характар. Так, напрыклад, калі гэта несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, то ў залежнасці ад ступені цяжару наступстваў згодна з арт. 349 Крымінальнага кодэкса злачынцу можа чакаць пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, абмежавання волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўлення волі да 7 гадоў. На аснове арт. 351 КК РБ камп’ютарны сабатаж караецца штрафам, пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў, пазбаўленнем волі на тэрмін ад 1 года да 5 гадоў; пры больш цяжкіх наступствах прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

! Адміністрацыйная і крымінальная адказнасць па вышэйназваных артыкулах наступае з 16 гадоў.

– Часта парушальнікі спасылаюцца на тое, што не падазравалі аб супрацьпраўным характары сваіх дзеянняў. Але, як кажуць, няведанне закона не вызваляе ад адказнасці, – падсумаваў Аляксандр Уладзіміравіч. – Таму, размяшчаючы інфармацыю на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, збіраючыся пракаменціраваць фота ці нейкую навіну, альбо ў асабістай перапісцы з іншым чалавекам, задумайцеся! Магчыма, вашы словы і дзеянні якраз пападаюць пад дзеянне адміністрацыйнага ці крымінальнага заканадаўства. Да таго ж пацярпелыя ў любым выпадку могуць звярнуцца ў суд для абароны свайго гонару і годнасці і спагнання грашовай кампенсацыі.

Напрыканцы хочацца звярнуцца да людзей, якія сутыкнуліся з хамствам і пагрозамі ў інтэрнэце ці іншай публічнай прасторы. У падобнай сітуацыі непрыемных, непрыстойных і лжывых каментарыяў цяжка трымаць сябе ў руках, таму што складана ўспрымаць іх абстрактна. Аднак варта памятаць, што вы не абавязаны рэагаваць, выслухоўваць і адказваць на негатыў. А вось меры прыняць патрэбна. Інакш усё можа дайсці да адкрытай траўлі.

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»

Фота з адкрытых крыніц