Палы травы: шлях да пажараў і штрафаў

Палы травы: шлях да пажараў і штрафаў

Палы травы: шлях да пажараў і штрафаў

04 апреля 2020 1264

З надыходам вясны на тэрыторыі нашай краіны, як правіла, узнікае складаная пажаранебяспечная абстаноўка. Кожны год пажаранебяспечны сезон у ДЛГУ «Навагрудскі лясгас» пачынаецца з сельскагаспадарчых палаў, агонь з якіх часта пераходзіць на лясныя насаджэнні.



Акцэнт на прафілактыку

Аналіз прычын прыродных пажараў паказвае, што больш за 50% з іх узнікае па віне людзей з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі ў лясах, 33% – па неўстаноўленых прычынах, 16% – ад сельгаспалаў, 1% – па віне лесанарыхтоўшчыкаў і іншых арганізацый.

Для недапушчэння падобных выпадкаў работнікі лясной аховы лясгаса асноўную ўвагу надаюць прафілактычнай рабоце сярод насельніцтва і адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах. У зонах масавага адпачынку ўстанаўліваюцца спецыяльныя месцы для развядзення вогнішчаў, робяцца мінералізаваныя палосы, якія з’яўляюцца заслонай для далейшага ўзгарання. Акрамя таго, у пажаранебяспечны сезон узмацняецца кантроль за захаваннем патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах. Дзяржаўнай лясной аховай рэгулярна праводзяцца рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні і спыненні парушэнняў у лясным фондзе. ДЛГУ «Навагрудскі лясгас» цесна супрацоўнічае з раённымі аддзеламі МНС у рамках папярэджання і ліквідацыі прыродных пажараў.


Меры адказнасці

Што ж такое сельскагаспадарчыя палы, што пагражае за іх здзяйсненне?

– Сельскагаспадарчыя палы і наўмыснае выпальванне сухой расліннасці – гэта звыклыя паводзіны для асобнай часткі насельніцтва краіны. Такая экалагічная няграматнасць, а таксама грэбаванне патрабаваннямі пажарнай бяспекі і прырода­ахоўнага заканадаўства нясуць прамыя пагрозы здароўю лю­дзей, захаванню жывой прыроды і бяспекі нашай краіны.

– Матэрыяльная адказнасць за такія дзеянні прадугледжана арт. 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях», згодна з якім выпальванне сухой расліннасці альбо непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. У выключных выпадках – наступае крымінальная адказнасць (арт. 270, 276 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

– Акрамя грашовага штрафу, палы пагражаюць вялікімі эканамічнымі і экалагічнымі стратамі. У народзе трывала ўкараніўся міф аб спрыяльным уздзеянні палаў на навакольнае асяроддзе: такім чынам можна хутка навесці парадак на ўчастку і паскорыць рост маладой травы.

Экалогія жыцця

Леташняя трава – гэта асобная экасістэма, дзіўны жывы свет, адзінае цэлае. Адмерлая раслінная біямаса служыць крыніцай перагною і асновай для новага жыцця. Палы знішчаюць біяразнастайнасць і глебавую ўрадлівасць, парушаюць натуральную прыродную раўнавагу і спрыяюць распаўсюджванню хвароб і шкоднікаў раслін.

У выніку выпальвання адбываецца пашкоджанне расліннага покрыва. У агні насенне кветкавых раслін знішчаецца, а пустазелле, маючы магутныя карані, выжывае і павялічвае сваю колькасць. Таму мы здзіўляемся, калі замест квітнеючага разнатраўя з’яўляецца бур’ян.

З прыходам вясны прачынаюцца павукі, божыя кароўкі, матылі і чмялі, выходзяць з хованак жабы, яшчаркі і вожыкі, хаваюцца ў сухой траве зайчаняты, садзяцца на гнёзды жаўрукі, кнігаўкі і курапаткі. Пры моцным травяным пажары гіне практычна ўсё жывое, што знаходзіцца ў сухой траве або на паверхні глебы. Адны згараюць, другія задыхаюцца ў дыме.

Пры пажарах у атмасферу вылучаецца вялікая колькасць атрутнага дыму, а спадарожная палам практыка спальвання смецця, у прыватнасці, хлорутрымліваючага пластыку, з’яўляецца прамой крыніцай атруч­вання паветра небяспечнымі стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі. Гэтыя рэчывы валодаюць надзвычай высокай таксічнасцю і ўздзейнічаюць на імунную сістэму чалавека. Асабліва гэта небяспечна для здароўя дзяцей.

Таксама нямала прыкладаў, калі нядбайна або наўмысна кінутая ў сухую траву непатушаная запалка станавілася крыніцай вялікіх пажараў і прыводзіла да гібелі людзей.

Узнікненне ляснога пажару ад сельскагаспадарчых палаў вядзе да сур’ёзных наступстваў: ад рызыкі поўнага знікнення ў гэтых рэгіёнах рэдкіх парод дрэў і хмызнякоў да непрадбачаных фінансавых выдаткаў на аднаўленне пашкоджаных тэрыторый.

 

Вадзім Прахаровіч,

інжынер аховы і абароны лесу Навагрудскага лясгаса

Фота носіць ілюстрацыйны характар.