Электраэнергія на службе людзям

Электраэнергія на службе людзям

Электраэнергія на службе людзям

26 мая 2021 1043
Сёння тарыфы на электрычную і цеплавую энегію для насельніцтва адзіныя па ўсёй краіне і ўстаноўлены адпаведнай пастановай Савета Міністраў. У сувязі з уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС прадугледжаны стымулюючыя механізмы для больш актыўнага пераходу насельніцтва на выкарыстанне электрычнай энергіі.

Аб мерах, якія прадугледжаны для стымулявання грамадзян да пераводу існуючых індывідуальных жылых дамоў на выкарыстанне электрычнай энергіі для мэт ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы, а таксама павышэння камфортнасці пражывання грамадзян у першую чаргу ў сельскіх населеных пунктах, дзе няма прыроднага газу і цэнтралізаванага цеплазабеспячэння, наша размова з галоўным інжынерам Навагрудскага раёна электрасетак Алегам Аляшкевічам.

– Алег Аляксандравіч, як на заканадаўчым узроўні рэгулююцца пытанні, калі домаўладальнікі, дзе адсутнічае газіфікацыя і цэнтральнае водазабеспячэнне, выказваюць жаданне выкарыстоўваць для гэтых мэт электраэнергію? 

– Для стымулявання грамадзян да пераводу існуючых індывідуальных жылых дамоў на выкарыстанне электрычнай энергіі для мэт ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2020 г. № 127 «Аб кампенсацыі выдаткаў на электра­забеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду».

У сувязі з уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС дзяржава зрабіла выгадную прапанову домаўладальнікам, прапанаваўшы ім новыя тарыфы на прымяненне электраэнергіі. Дадзеныя тарыфы зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.12.2020 г. № 795 (п.3,4).

З актуальнай інфармацыяй па дзеючых тарыфах на электрычную энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння можна азнаёміцца на сайце www.energo.grodno.by. у раздзеле «Тарыфы».

– Ці праяўляюць цікавасць жыхары нашага раёна да новаўвядзенняў і наколькі яны могуць імі скарыстацца?

– Цікавасць да такіх новаўвядзенняў з боку жыхароў раёна ёсць, яны  разлічваюць на памяншэнне выдаткаў на электраэнергію. Аднак далёка не ў кожным населеным пункце маецца запас прапускной здольнасці размеркавальных электрычных сетак знешняга электразабеспячэння, так як раней пры іх праектаванні ўжываліся іншыя нормы і размеркавальныя электрычныя сеткі ў населеных пунктах праектаваліся без уліку магчымасці выкарыстання электрычнай энергіі для мэт ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Такім чынам адначасова задаволіць заяўкі ўсіх грамадзян, якія жадаюць выкарыстоўваць электрычную энергію для гэтых мэт, без рэканструкцыі электрычных сетак немагчыма.

– Якая работа ў гэтым накірунку праводзіцца?

– У цяперашні час зацверджаны план рэканструкцыі электрычных сетак 0,4 кВ у перыяд з 2021 па 2025 год. Ужо на 2022 год запланавана рэканструкцыя размеркавальных сетак у аг. Брольнікі, в. Ляхавічы-I, Ацмінава, Слабодка. У перыяд з 2023 па 2025 гады працягнецца работа ў вёсках Вераскава, Рахавец, Ятра, Куравічы, Іспась, Масцішча, Мотча, Ляхавічы-II, Ярошычы. За гэты перыяд будзе рэканструявана звыш 33 км электра­сетак (з падрабязным планам можна азнаёміцца на сайце www.energo.grodno.by у раздзеле «Паслядоўнасць дзеянняў пры намеры выкарыстоўваць электраэнергію для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння»).

У раёнах жылой забудовы, якія плануюцца да рэканструкцыі электрычных сетак, арганізуецца інфармаванне насельніцтва аб планах рэканструкцыі і вядзецца апытанне грамадзян аб іх жаданні пераходу на выкарыстанне электраэнергіі з мэтай ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы.

– Куды неабходна звяртацца для атрымання дазволу на выкарыстанне электраэнергіі для названых мэт?

– Для атрымання тэхнічных умоў на выкарыстанне электраэнергіі з мэтай абагрэву для жыхароў горада неабходна звяртацца ў службу «Адно акно» Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта. Жыхары, пражываючыя ў сельскай мясцовасці, могуць звяртацца ў сельскі выканаўчы камітэт для атрымання дазвольнай дакументацыі на рэканструкцыю. Таксама можна звярнуцца за даведкай па тэлефоне 142.

Хачу адзначыць, што, як паказвае практыка, для пераводу жылога дома на выкарыстанне электраэнергіі для патрэб ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы, неабходна распрацоўваць праектна-каштарысную дакументацыю і праводзіць электрамантажныя работ па рэканструкцыі як унутраных, так і знешніх электрычных сетак свайго жылога дома.

– Як ажыццяўляецца пакрыццё выдаткаў па рэканструкцыі жылля з ўлікам новаўвядзенняў для грамадзян?

– У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2020 г. № 127 «Аб кампенсацыі выдаткаў на выкананне работ па электразабеспячэнні», выдаткі па рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў, жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў эксплуатацыі, у блакіраваных жылых дамах з мэтай выкарыстання электраэнергіі для ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы, можна пакрыць за кошт бюджэтных сродкаў.

Для ўключэння ў спісы грамадзян на пакрыццё выдаткаў, звязаных з работамі па электразабеспячэнні, неабходна звяртацца ва ўпраўленне архітэктуры і будаўніцтва Навагрудскага райвыканкама. Атрымаць дадатковую інфармацыю можна па тэлефоне 4-29-10.

Разам з тым налічэнне кампенсацыі выдаткаў не будзе задаволена ў наступных выпадках:

1.     калі да дома падведзены газ ці ёсць цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне;

2.     дом знаходзіцца ў зонах з правам на адсяленне і ў зоне наступнага адсялення;

3.     райвыканкамам прынята рашэнне аб пераводзе жыллёвага фонду з цэнтралізаванага цеплазабеспячэння і гарачага водазабеспячэння на індывідуальнае;

4.     грамадзянін раней газіфікаваў дом з прыцягненнем бюджэтных сродкаў або льготных крэдытаў.

Падрыхтавала Алена Ермакова «НЖ»