Алімпіяда набірае абароты

Алімпіяда набірае абароты

Алімпіяда набірае абароты

01 Августа 2021 322
Увага мільёнаў людзей прыкавана зараз да самай галоўнай спартыўнай падзеі – ХХХІІ Алімпіяды ў японскім Токіа. Цікавасць да Алімпійскіх гульняў павышаецца з кожным днём.

Насуперак усім абставінам, насуперак усім складанасцям пандэміі, са спазненнем на цэлы год, з жорсткімі абмежаваннямі, але ўсё роўна галоўныя спартыўныя спаборніцтвы планеты стартавалі.

Алімпіяда праходзіць у незвычайным рэжыме, але антыкавідныя меры, якія прыняты арганізатарамі гульняў, выклікаюць разуменне ва ўсіх яе ўдзельнікаў. Нягледзячы на тое, што спартсмены, трэнеры, журналісты, функцыянеры перад прылётам на спаборніцтвы і ў аэрапорце здавалі тэст на кавід, выпадкі захворвання ўсе ж такі фіксуюцца.

Сёлета арганізатары паспрабавалі зрабіць усё, каб трансляцыя цырымоніі на экранах выглядала не проста не горш, а нават лепш чым на стадыёне, бо ўпершыню ў гісторыі Алімпійскіх гульняў на трыбунах не было гледачоў, за выключэннем афіцыйных асоб.

Доўга вырашалі праводзіць ці не шэсце спартсменаў падчас цырымоніі адкрыцця. У выніку тыя ўсе-такі прайшлі па алімпійскаму стадыёну. Сцяганосцамі беларускай дэлегацыі былі плывец Мікіта Цмыг і лучніца Ганна Марусава. Таксама з-за пандэміі большасці спартсменаў даводзіцца спаборнічаць у незвычайных для сябе ўмовах – пры пустых трыбунах. Арганізатары вырашылі праводзіць гульні без замежных балельшчыкаў, а мясцовыя гледачы не дапускаюцца на алімпійскія мерапрыемствы ў шасці японскіх прэфектурах, уключаючы Токіа.

Міжнародны алімпійскі камітэт таксама здзівіў новаўвядзеннямі: новы алімпійскі дэвіз «Хутчэй, вышэй, мацней, разам». Слова «разам», напэўна, стала дэвізам і ўсёй цырымоніі адкрыцця. Разам праносілі агонь многія алімпійцы па стадыёне, разам ішлі сцяганосцы – спартсмены, якія неслі сцягі сваіх дзяржаў, і разам была прачытана алімпійская клятва, якую звычайна прамаўляюць спартсмены, трэнеры і суддзі.

Змагаюцца атлеты не толькі з супернікамі, але і з надвор’ем, бо выступаць пры цяжкай спякоце ў Токіа не проста.

Капітан беларускай спартыўнай дэлегацыі на ХХХІІ летніх Алімпійскіх гульнях гродзенскі малатабоец Іван Ціхан, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. Закрыццё Алімпійскіх гульняў назначана на 8 жніўня.

У Токіа ўжо прайшлі фінальныя заплывы з удзелам беларускіх спартсменаў. Ілья Шымановіч на дыстанцыі 100 м брасам заняў восьмае месца. Для мужчынскага плавання ў Беларусі гэта найлепшы вынік на гульнях за апошнія 20 гадоў. Настасся Шкурдай на дыстанцыі 100 м батэрфляем таксама стала восьмая ў фінале. Беларускія плаўцы працягнуць свае алімпійскія выступленні на іншых дыстанцыях.

Пакуль лепшы вынік на Алімпіядзе паказалі нашы лучніцы: Ганна Марусава, Карына Дзёмінская і Карына Казлоўская: занялі чацвёртае месца ў камандных спаборніцтвах па стральбе з лука. Трэнер дзяўчат Кацярына Цімафеева адзначыла, што вынікам задаволена, бо наша зборная па стральбе з лука раней ніколі не выступала на алімпіядзе ў камандным турніры і чацвёртае месца можна расцэньваць як поспех.

Што тычыцца алімпійцаў Гродзеншчыны, то гімнастка з Гродна Ганна Траўкова, дэбютантка на летніх гульнях – яе вынік 77-е месца. Пасля выступлення спартсменкі яе трэнер Вольга Кныш адзначыла, што Ганна справілася са сваімі задачамі выдатна. Яна малайчына, і гэта толькі стартавая пляцоўка яе шляху ў вялікі спорт. Ганна Траўкова адной з першых сярод прадстаўнікоў беларускай спартыўнай дэлегацыі ўступіла ў барацьбу за алімпійскія медалі і была адзінай гімнасткай (гімнастыка спартыўная) ад Беларусі, якая выступала ў мнагабор’і – адным з самых прэстыжных відаў праграмы.

На наступным тыдні будзем чакаць выступлення Алега Юрэні на спаборніцтвах па грэблі на байдарках і каноэ, Алі Шабанава па вольнай барацьбе і, канешне, чакаем дастойнага выступлення капітана беларускай алімпійскай зборнай Івана Ціхана, нашага знакамітага малатабойца. Дарэчы, на мінулым тыдні Іван адзначыў сваё 45-годдзе. Да свайго юбілею ён дасягнуў многага: стаў двухкратным чэмпіёнам свету, заслужаным майстрам спорту, а яшчэ – шматдзетным татам: ён выхоўвае сына і дзвюх дачок.

Балеем за нашых!

Даведка «НЖ»

У Токіа спаборнічаюць каля 12,5 тыс. атлетаў з больш чым 200 краін. Разыгрываюцца 339 камплектаў узнагарод у 33 відах спорту. За гонар Беларусі змагаюцца 108 атлетаў у 20 відах спорту. Гродзенскую вобласць прадстаўляюць 17 атлетаў у 6 відах спорту. Для беларускіх спартсменаў гэта сёмыя летнія гульні. Пачынаючы з Атланты-1996, яны заваявалі 78 медалёў – 12 залатых, 27 сярэбраных і 39 бронзавых.

А. Ермакова, «НЖ»