Вярнуцца, каб знайсці вытокі

Вярнуцца, каб знайсці вытокі

12 ноября 2018 53609

Халакост – вялікая трагедыя яўрэйскага народа, самае жудаснае ў гісторыі злачынства супраць чалавецтва. Імёны мільёнаў ахвяр фашызму, забітых, спаленых, знішчаных у лагерах смерці, не павінны згубіцца ў бяспамяцтве. Забыць пра іх – злачынства. Каб трагедыя не паўтарылася, памяць аб іх мы павінны захоўваць і перадаваць наступным пакаленням. Бо страшней за Халакост можа быць толькі забыццё.

Маленькая, памерам з далонь, старая кніга з пажоўклымі, пашарпанымі часам старонкамі. На адной з іх – дробнымі літарамі на іўрыце значыцца імя Ула­дзіміра Саламянскага. Больш за шэсцьдзясят гадоў таму Роза Саламянская, тады вучаніца пачатковых класаў сярэдняй школы №2 г. Навагрудка, убачыла гэту кнігу ў бібліятэцы. Яе бацька ваяваў! Ён быў партызанам – які гонар! Ра­дасць перапаўняла дзіцячае сэрца. Толькі падзяліцца сваімі пачуццямі Роза не магла – баялася. Страх перадаўся ад бацькоў і прывучыў асцерагацца чужых людзей і нікому нічога не расказваць.

Тут мяне завуць Розай

– Мне так радасна зноў чуць, калі мяне завуць Розай, – усміхаецца невялікая, з выразнымі рысамі твару пажылая жанчына. – Ужо даўно мяне ніхто так не называў. Там, у Ізраілі, я Шошана Дальман.

З Шошанай мы пазнаёміліся падчас мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю з дня ўцёкаў вязняў Навагрудскага гета. Яна, яе стрыечныя брат і сястра праз шэсцьдзясят гадоў вярнуліся ў горад, дзе нара­дзіліся, дзе жылі іх продкі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай загінулі многія іх родныя. Сюды, у Навагрудак, Шошана прывезла тую самую кнігу, якую калісьці ўбачыла ў бібліятэцы.

– Многія гады я шукала гэтую кнігу – там пра майго бацьку напісана, – з дзіцячай усхваляванасцю зноў і зноў паўтарае Шошана і беражліва перагортвае пажоўклыя старонкі кнігі «Лясныя яўрэі», якая выйшла ў Палесціне ў 1946 г. У ёй Тувія, Зусь і Соня Бельскія расказ­ваюць пра партызанскае жыццё ў Налібоцкай пушчы.

Цяпер Шошана гатова ўсяму свету ва ўвесь голас расказаць пра сваю сям’ю, пра бацькоў, пра гета. Пра тое, аб чым доўгія гады гаварылі толькі дома і толькі паміж роднымі.

– Ужо дарослай я пачула, што на радыё ёсць перадача, дзе людзі дапамагаюць адшукаць рэдкія кнігі, – гаворыць Шошана. – Я патэлефанавала і расказала, якую кнігу шукаю. Людзі з усяго Ізраіля сталі званіць мне. І вось аднойчы патэлефанавала жанчына і сказала: «У мяне ёсць кніга, якую ты шукаеш, я ведала твайго бацьку. Прыходзь і забірай». Гэта быў нейкі цуд!

– У нас дома шмат гаварылі пра вайну, пра гета, атрад Бельскага, – працягвае Шошана. – Аднак я ведаю, што былі і тыя, хто не расказваў. Нам бацькі гаварылі ўсё. А мы маўчалі аб тым, што пачулі.

Нетаропка ідзём да Замкавай гары, і Шошана Дальман упершыню расказвае гісторыю сваёй сям’і. Свеціць ласкавае восеньскае сонца, пад нагамі перашэптваецца ярка-жоўтае лісце. А вочы Шошаны зноў і зноў напаўняюць слёзы: то радасці, то болю і крыўды...

$RL8QLY1

Як мы маглі не прыехаць?

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, маці Шошаны Шыфра Лейбавіч разам са сваімі бацькамі і сёстрамі жыла ў Любчы. Ёй было шаснаццаць. На ўсё жыццё маці Шошаны запомніла дзень, калі ў небе над Любчай з’явіліся нямецкія самалёты і прагучалі першыя выбухі. Разам з іншымі Шыфра была на вуліцы. Спалоханая, яна бегла дадому, а зверху сыпаліся кулямётныя стрэлы. Тут і там свісталі кулі, людзі беглі, падалі, крычалі параненыя ... Як не загінула, не ведала.

– А часта над горадам зараз лятаюць самалёты? – нечакана пытае мяне Шошана. – У дзяцінстве, калі я бачыла ў небе самалёт, адчувала жах. Мне здавалася, што страшныя карціны з расказаў мамы могуць вярнуцца. Настолькі жудаснымі і жахлівымі яны былі.

– Калі прыйшлі немцы, усіх яўрэяў з Любчы забралі ў гета, – працягвае ўспаміны Шошана. – Большасць яўрэяў расстралялі. Загінула мая бабуля, яе сёстры, старэйшы брат з жонкай і дзіцём, дзядуля з боку бацькі, яго тры цёткі… З нашай сям’і ў навагрудскай зямлі ляжыць больш за дваццаць чалавек. Як мы маглі не прыехаць?

І па сённяшні дзень болем у сэрцы Шошаны адгукаецца трагічная гібель маленькай сястры яе мамы.

– Немцы не шкадавалі нікога, – з горыччу гаворыць Шошана. – Расстрэлы яны называлі акцыямі, выжыць у якіх было проста немагчыма. Падчас адной з такіх акцый мая мама, яе сястра Соф’я і іх маленькая сястрычка схаваліся пад падлогай аднаго з дамоў. Фашысты зайшлі праве­рыць дом. Нікога не ўбачылі і, раззлаваныя, выпусцілі некалькі куль у падлогу. Адна з іх папала малодшай сястры ў шыю. Соф’я трымала на руках сястрычку і, каб дзіця не выдала ўсіх, рукамі прыціскала рану, з якой цякла кроў. А дзяўчынка памірала. І дапамагчы ёй ніхто не мог.

Выратавацца з гета змог толькі дзядуля Шошаны – Шонан Лейбавіч. Да вайны ён зай­маўся дробным гандлем, быў нарыхтоўшчыкам і ведаў многіх людзей у акрузе. Яны і дапамаглі ўцячы з гета. Разам са сваімі дочкамі Шыфрай і Соф’яй ён дабраўся да атрада Бельскага, дзе і быў да канца вайны.

– У атрадзе Бельскага быў і бацька, тады яны з мамай яшчэ не былі жанатыя, – удакладняе Шошана. – У скла­дзе баявой групы Зуся Бельскага ён перайшоў у атрад беларускіх партызан. Пасля вызвалення Навагрудчыны бацька пайшоў на фронт і дайшоў да Берліна. Вярнуўшыся з вайны, ён нікога з родных не знайшоў – усе загінулі. І тады дзядуля, які добра ведаў яго, прапанаваў жыць у сваім доме. А потым мае бацькі пажаніліся. У Навагрудку наша сям’я жыла да кастрычніка 1958 года. Ужо пасля вайны да нас прыяз­джаў Віктар Панчанкаў – камандзір партызанскага атрада. Як бацька яго паважаў! Як радаваўся сустрэчы, многа добрага гаварыў пра яго.

У Ізраілі Шошана закончыла гімназію, атрымала вышэйшую адукацыю і стала настаўніцай. Зараз у яе трое дзяцей, сямёра ўнукаў, а хутка будзе праўнук. Не так даўно яна адзначыла сваё сямідзесяцігоддзе.

– На свята сабраліся мае дзеці, іх сем’і. Калі ўсе мы былі разам, я паглядзела на неба і ціха прамовіла: «Мама, радуйся». Яна і сёння радуецца за нас, бо, нарэшце, мы прыехалі ў Навагрудак, – пераканана Шошана.

Была наканавана смерць

Стрыечны брат Шошаны Барух Янкелевіч марыў вярнуцца ў Навагрудак доўгія гады. Вялікі драўляны дом, дзе прайшло дзяцінства, школа, у якой вучыўся, дарога да Навагрудскага замка – яркія ўражанні дзяцінства ніколі не пакідалі.

– Калі мы ноччу пад’ехалі да горада, я не мог стрымаць хвалявання, – узрушана гаворыць Барух Янкелевіч. Ён доўга ўзіраецца ўдалечыню з Замкавай гары, уздыхае і ціха гаворыць нешта на іўрыце. Некалькі хвілін яны з Шошанай стаяць моўчкі – а вочы зноў напаўняюцца слязьмі.

– Нарэшце, я зноў убачыў усё, што памятаў з дзяцінства, – дрыжачым голасам прамовіў Барух. – Там, у Ізраілі, я нават зрабіў для сябе карту, на якой пазначыў, як з плошчы ісці да замка, дарогу каля царквы, потым міма школы і да нашага дома. Вельмі рады таму, што магу ўсё гэта бачыць. Шкада, што не маглі прыехаць раней, калі былі жывыя бацькі. Але свой доўг мы выканалі – вярнуліся на радзіму продкаў.

– Мой бацька Ісраэль Янкелевіч да вайны таксама жыў у Любчы, – супакоіўшыся, пачынае размову Барух Янкелевіч. – Усё жыццё ён не забываў той жудасны дзень, калі загінулі яго першая жонка і дзеці. Немцы пагрузілі яўрэяў на машыны і павезлі на Літоўку расстрэльваць. Ён разам з жонкай і дзецьмі быў сярод тых, каму наканавана была смерць. Людзей паставілі побач з ямай, раздаліся стрэлы… Апрытомеў бацька ноччу пад грудай мёртвых цел, пачаў выбірацца з ямы. Ён нават не быў паранены, упаў у яму перш, чым прагучалі стрэлы. А жонка і дзеці загінулі. Потым бацьку зноў забралі ў гета. І толькі дзякуючы шчасліваму выпадку ён змог уцячы і дабрацца да атрада Бельскага.

Завяршыць пачатае

Пасля вайны бацькі Баруха засталіся ў Навагрудку, пабудавалі дом, які стаіць і па сённяшні дзень. У 1960 годзе сям’я выехала ў Ізраіль. Там Барух атрымаў адукцыю, служыў у арміі, стварыў сям’ю. Зараз яму семдзесят два гады і ў яго трое дзяцей і дванаццаць унукаў.

– У Ізраілі ў нашым доме часта збіраліся яўрэі, якія расказвалі пра вайну, – успамінае Барух. – Потым для сваіх дзяцей і ўнукаў я напісаў кнігу аб тым, як мае бацькі, іх родныя выратаваліся ў страшныя ваенныя гады.

Была і яшчэ адна памятная сустрэча ў жыцці Баруха Янкелевіча. Праз шмат гадоў пасля вайны ён прыехаў у Амерыку, дзе пазнаёміўся з Бельскім.

– Я так хваляваўся, так хацеў убачыць Тувія Бельскага, пра якога шмат чуў ад бацькі, – гаворыць Барух. – Мне вельмі прыемна было пачуць ад яго словы павагі, сказаныя пра маіх родных. Гэта як завяршыць пачатае, замкнуць кола гісторыі.

Гэтай восенню дарога жыцця зноў прывяла Шошану і Баруха на Навагрудчыну, вярнула да вытокаў – на зямлю, дзе нара­дзіліся, дзе жылі продкі. І гэта не толькі даніна павагі да загінулых родных – гэта вяртанне да сябе, да сваіх пачуццяў і перажыванняў. Гэта тое, што дае сілы жыць і помніць.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»

Варта пачытаць:

Святло ў канцы тунэля

Вяртанне  на зямлю продкаў

Бельскія: лёс вялікай яўрэйскай сям’і

Усе матэрыялы праекта "Жыць і помніць":  http://novgazeta.by/category/nashi-proekty/zhyc-i-pomnic/