Усё жыццё Аркадзія Ісаевіча Альтшулера было прысвечана школе

Усё жыццё Аркадзія Ісаевіча Альтшулера было прысвечана школе

Усё жыццё Аркадзія Ісаевіча Альтшулера было прысвечана школе

03 марта 2020 2641
Ужо ў далёкім 1995 годзе калектыў Налібацкай сярэдняй школы правёў на заслужаны адпачынак дырэктара Аркадзія Ісаевіча Альтшулера (Аўрама Ісакавіча Альтшулера) – чалавека заслужанага, настаўніка ад Бога, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.

Радзіма Аркадзія Ісаевіча – г. Нароўля Гомельскай вобласці. Нарадзіўся ён 24 студзеня 1924 года.Там у 1941 годзе закончыў дзесяцігодку, а назаўтра пасля выпускнога пачалася вайна. Разам з бацькамі быў эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць, дзе нейкі час працаваў ў калгасе. У кастрычніку 1941 года сям’я пераязджае ў г. Ашхабад. Юнак уладкаваўся на працу на чыгуначную станцыю. А з 1942 года Аркадзій Ісаевіч ужо з’яўляецца курсантам Валчанскай авіяцыйнай школы – авалодвае сакрэтамі прафесіі авіяцыйнага механіка. Пасля заканчэння ў студзені 1944 года паскоранага курса навучання маладога афіцэра накіроўваюць у дзеючую армію. У чэрвені 1944 года малады спецыяліст атрымлівае павышэнне – яго пераводзяць на пасаду старэйшага авіямеханіка ў 863-і знішчальны авіяполк 129-й авіядывізіі  1-й паветранай арміі  3-га Беларускага фронту.У складзе палка Аркадзій Ісаевіч удзельнічаў у баях за вызваленне Літвы, прарыве абароны ва Усходняй Прусіі і ўзяцці горада Кенігзберга. За ўдзел у ваенных дзеяннях быў узнагароджаны шасцю медалямі. 
IMG-2650ee00ec9c21bfb8712993072d6da5-V - копия.jpg
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны афіцэр прадоўжыў службу ў Савецкай арміі да сакавіка 1950 года. А ўжо ў красавіку 1950 года Аркадзій Ісаевіч быў накіраваны на пасаду дырэктара дзіцячага дома ў в. Сычы Нясвіжскага раёна, прычым пры адсутнасці педагагічнай адукацыі. У лістападзе 1950 года Арка­дзій Ісаевіч па загадзе начальніка адзела народнай адукацыі Баранавіцкага аблвыканкама пераведзены на пасаду дырэктара Адампальскага дзіцячага дома Любчанскага раёна. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1956 года, а з 1955 года па сумяшчальніцтве працаваў яшчэ і на пасадзе дырэктара Адампальскай НСШ. 
Працуючы ў Адампалі, Аркадзій Ісаевіч Альтшулер паспяхова закончыў завочна Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, там жа ў 1953 годзе стаў членам КПСС. Пазней была дырэктарская пасада ў Дзяляціцкай НСШ, праца інспектарам РАНА (раённы аддзел народнай адукацыі – Заўв. Рэд.) у г. Стаўбцы. У 1957 годзе Аркадзій Ісаевіч атрымаў вышэйшую адукацыю ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага. У ліпені 1959 года па рашэнні бюро Навагрудскага РК КПБ быў накіраваны на пасаду дырэктара Налібацкай СШ.
Актыўная жыццёвая пазіцыя, павага да людзей, любоў да дзяцей і справы, якой прысвяціў ўсё жыццё, няўрымслі­васць і дасціпнасць спрыялі бездакорнаму аўтарытэту Аркадзія Ісаевіча. З 1959 па 1961 гг. камуністы калгаса «Прамень рэвалюцыі» выбіралі яго сакратаром партыйнай арганізацыі. У 1961 годзе ён быў абраны членам Навагрудскага РК КПБ. Больш за 20 гадоў Аркадзій Ісаевіч быў дэпутатам Налібацкага сельскага савета. 
Педагагічны калектыў Налібацкай СШ пад кіраўніцтвам Аркадзія Альтшулера ператварыў школу ў цэнтр культурнага жыцця сельсавета. Зараз, наведваючы закрытую Налібацкую школу, здзіўляешся: мемарыяльная дошка на ўвахо­дзе, помнік У. Леніну, некалькі памятных алей, пасаджаных настаўнікамі і вучнямі школы – усё радуе прыгажосцю. А яшчэ Ленінская мемарыяльная зала і гістарычны музей – гэта памяць...
Але галоўная памяць пра гэтага чалавека – яго вучні, што разляцеліся па прасторах некалі магутнай краіны. Яны выбралі для сябе Аркадзія Ісаевіча – чалавека, настаўніка, франтавіка – ідэалам у жыцці.

Алег АНІКЕВІЧ
Фотаздымкі  В. Анішчык