Д. Каган, Д. Коэн «Халакост і супраціўленне на радзіме А. Міцкевіча»
Усё перакрэсліла вайна
Да 1939 года сям’я Ідэля Кагана (імя Джэк ён узяў у эміграцыі), як і многія яўрэйскія сем’і Навагрудка, займалася бізнесам. Незвычайным было тое, што два браты Янкель (бацька Джэка) і Мошэ ажаніліся з дзвюма сёстрамі. Так і жылі ўсе ў адным доме і ўсё рабілі разам. У кожнай сям’і было па двое дзяцей. Каганы мелі майстэрню, дзе шылі боты і рабілі вупраж для коней, і два магазіны. Маці Джэка была жанчынай з дзелавой хваткай, яна вяла справы. Цётка займалася гаспадаркай і дзецьмі. Але вайна ўсё перакрэсліла. У суботу, 26 ліпеня 1941 года, мясцовая паліцыя зрабіла аблаву на яўрэяў. Схопленых мужчын вывелі на Рыначную плошчу.
«Я падпісаў сабе смяротны прыгавор»
Гета на Перасецы, якое было створана пасля масавай акцыі расстрэлу, лічылася адкрытым. Вязні працавалі ў майстэрнях і ў былых казармах. Бацька Джэка быў шорнікам, маці шыла рукавіцы, Джэк вазіў на тачцы каменне. Яму толькі споўнілася трынаццаць, работа была цяжкай, і іх часта білі. Пасля другога масавага расстрэлу на Літоўцы моладзь пачала ўцякаць з гета. Джэк таксама пачаў рыхтавацца да ўцёкаў. Выйсці з гета было нескладана, аднак куды ісці, калі мала хто адважыцца дапамагчы яўрэю. 22 снежня 1942 года ён усё ж такі вырашыў уцякаць. Разам з іншымі ўцекачамі Джэк накіраваўся ў абход горада да дома Баброўскіх, дзе была назначана сустрэча з партызанамі. Калі пераходзілі рэчку, лёд праламаўся і валёнкі Джэка імгненна прапіталіся вадой, да іх стаў прыліпаць снег. Кожны крок даваўся ўсё цяжэй. Калі дабраліся да дома Баброўскіх, партызан ужо не было. Да наступнага прыходу партызан патрэбна было чакаць тры дні. Жонка Баброўскага дала Джэку міску гарачага супу, але пакінуць у доме іх не маглі. Трэба было ісці ў лес. Джэк разумеў, што там ён замерзне, таму вырашыў вярнуцца ў лагер. Ён выбраўся на дарогу і стаў чакаць. Міма праязджаў чалавек на санях, і Джэк употай забраўся на іх. Яму пашчасціла, што селянін ехаў па Перасецы на вуліцу Карэліцкую. Праз некаторы час юнак быў ужо ў гета. Пальцы на абедзвюх нагах Джэка былі адмарожаны і пачарнелі. Не было ні ўрача, ні медыкаментаў, ні перавязачных матэрыялаў – у гета не было нічога. Праз некалькі дзён зубны ўрач вырашыў ампутаваць яму пальцы.
Выратаванне
7 мая 1943 года ў гета была чарговая расправа. Джэк чуў, як білі людзей, а праз некаторы час раздаліся выстралы. Ён павярнуўся да сцяны і ціха ляжаў – галасіла сэрца. У гэты дзень не стала яго маці, сястры і цёткі. Цяпер ён застаўся адзін з бацькам. Вязні разумелі, што нікога не пакінуць ўжывых, і прынялі рашэнне арганізаваць пабег. Як успамінае Джэк Каган, слова «тунэль» змяніла ўсю атмасферу ў лагеры. У вязняў з’явілася надзея. У ліпені бацьку Джэка адправілі ў лагер у Калдычэве, дзе ён загінуў пры спробе ўцячы. Адзіным выратаваннем для Джэка застаўся дзядзька, які падкормліваў, часам хто-небудзь дзяліўся кавалачкам хлеба ці даваў крышку нішчымнага супу. Праляжаўшы паўгода ў бараку, Джэк быў вельмі худы і слабы, але спрабаваў хадзіць. Ён нават пачаў удзельнічаць у будаўніцтве тунэля. Кожны вечар разам з іншымі ён па ланцужку перадаваў маленькія мяшочкі з зямлёй. Уцёкі былі назначаны на 26 верасня 1943 года.
Ад жабрака да мільянера
Калі Навагрудчыну вызвалілі, партызанскі атрад Бельскага калонай вярнуўся ў горад, дзе ўсе атрымалі даведкі, што з’яўляліся партызанамі. Такі дакумент быў і ў пятнаццацігадовага Джэка. Ён вярнуўся ў родны горад, але дом яго згарэў, а з родных застаўся толькі стрыечны брат Берл. Жыць не было дзе, ісці няма куды, ён інвалід. Спачатку Джэк запісваецца ў школу, але вучыцца не можа, таму што павінен працаваць, каб пракарміць сябе. Пачынае Каган з продажу вады. Потым стаў ездзіць у Маскву і іншыя гарады: у адным месцы ён купляў нейкую рэч, а ў другім з нацэнкай яе перапрадаваў. Калі ў 1945 годзе выходзіць загад, згодна з якім былыя польскія грамадзяне атрымалі дазвол на выезд у Польшчу, Джэк і яго стрыечны брат Берл пакідаюць Беларусь. У Польшчы браты былі нядоўга. У Джэка была стрыечная сястра ў Лондане. Ён едзе да яе і там уладкоўваецца на працу. Аднак Каган вырашае, што павінен паехаць у Палесціну, толькі вось застацца там не атрымалася, і ён вярнуўся ў Вялікабрытанію. Спачатку працуе краўцом на фабрыцы па пашыве сумак, а ўжо праз тыдзень узначальвае закройны цэх. А праз пятнаццаць месяцаў ён заснаваў уласную кампанію. Яго наступны бізнес – канцылярскія тавары з пластмасы. Гэта тое, што сапраўды прынесла яму поспех. Да слова, Джэк Каган не вучыўся ва ўніверсітэтах. Ён зарабіў мільёны дзякуючы ўласнаму практычнаму розуму. А тое, што яму давялося перажыць, зрабіла яго па-сапраўднаму загартаваным чалавекам.