Вячаслаў Лаўрашчук: “Культура - душа народа”

Вячаслаў Лаўрашчук: “Культура - душа народа”

09 Мая 2019 92
Размова з былым загадчыкам аддзела культуры Навагрудскага раённага і гарадскога выканаўчых камітэтаў Вячаславам Лаўрашчуком была запланавана даўно. Расказваючы пра сябе, пра сваю працу, пра родных і блізкіх, Вячаслаў Уладзіміравіч неаднаразова падкрэсліваў, што ў Навагрудку – горадзе, які мае багатыя гістарычныя і культурныя традыцыі, развіццё сферы культуры заўсёды з’яўлялася адным з важных напрамкаў работы. - Культура народа – гэта яго душа, - упэўнены ён. – Асноўная асаблівасць і прывабнасць культуры ў разнастайнасці, самабытнасці і непаўторнасці. І кожная нацыя павінна імкнуцца развіваць і захоўваць сваю гісторыю, свае традыцыі і, канешне ж, сваю культуру. У гэтым – наша годнасць і наша сіла.

скан_нж.бел_0006  IMG_1974

Зямля бацькоў, мая зямля

- Я нарадзіўся і вырас у Навагрудку, - з гонарам гаворыць Вячаслаў Уладзіміравіч. – І шчаслівы тым, што і зараз жыву ў гэтым цудоўным месцы. Навагрудчына заўсёды была ў маім сэрцы. Магчыма, што прыгожыя мясцовыя краявіды, асаблівая гістарычная атмасфера горада яшчэ ў дзяцінстве зарадзілі ў ім пачуццё прыгожага, абудзілі музычны талент і прагу да творчасці. Вячаслаў закончыў дзіцячую музычную школу па класе баяна і паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча. Бацькі не пярэчылі: лічылі, што сын павінен сам выбіраць сваю дарогу ў жыцці. Пра бацькоў ён расказвае з асаблівай цеплынёй: - Простыя, працавітыя людзі, у горадзе іх паважалі. Тата працаваў на Навагрудскай швейнай фабрыцы прасавальшчыкам, маці – партніха ў камбінаце бытавога абслугоўвання, была перадавіком. Калі памятаеце, насупраць будынку гаркама партыі знаходзілася раённая дошка гонару, там змяшчаўся яе партрэт. Маці добра шыла і ў яе заказвалі ўборы жонкі раённага кіраўніцтва. Тыя пыталіся: што вам трэба, а яна сціпла адказвала, што нічога.

Крок за крокам

Першым працоўным месцам выпускніка Брэсцкага музычнага вучылішча стала Ляхавіцкая дзіцячая музычная школа, куды ён быў размеркаваны ў 1971 годзе. - Мне падабалася вучыць дзяцей музыцы, - прыгадвае Вячаслаў Лаўрашчук. – Вучні былі старанныя, імкнуліся да ведаў. Да мяне, маладога спецыяліста, у калектыве адносіліся добра, паважалі. Але праз два гады яму давялося апрануць вайсковую шынэль і адправіцца ў армію. Служыў на Украіне ў горадзе Вінніца. - Гэта старажытны горад з высокай культурай, - дзеліцца ўражаннямі Вячаслаў Уладзіміравіч. – Асаблівая архітэктура будынкаў. У горадзе меліся тры тэатры, шмат архітэктурных і гістарычных помнікаў, музеі. У час вайны на гэты горад не ўпала ні адна бомба, бо паблізу знаходзілася стаўка Гітлера «Werwolf». Вельмі прыгожая прырода: побач рака Паўднёвы Буг, скалы, лес. Я служыў у духавым аркестры, які ўдзельнічаў ва ўсіх гарадскіх святах. Гэта дало магчымасць убачыць, як праводзяцца мерапрыемствы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Тады я і ўявіць не мог, што той армейскі вопыт потым спатрэбіцца ў маёй рабоце. Пасля арміі ён вярнуўся ў Навагрудак. Пачаў працаваць у дзіцячай музычнай школе, дырэктарам якой у той час быў Віктар Уладзіміравіч Кручкоў. -Я неяк адразу ж улючыўся ў напружаны рытм жыцця навагрудскіх культработнікаў, - усміхаецца Вячаслаў Уладзіміравіч. - Памятаю,  дэмабілізаваўся 14 мая, а праз некалькі дзён на Нёмане адзначалі раённае свята песні і працы. І я ў ім ужо ўдзельнічаў. Неўзабаве мяне ўключылі ў ансамбль «Свіцязь» акампаніятарам. У тыя гады з ансамблем працавалі  лепшыя музычныя спецыялісты – Канстанцін Паплаўскі, Янка Хвораст. Музыку пісаў кампазітар Ігар Лучанок, іншыя вядомыя кампазітары.

IMG_1967

скан_нж.бел_00071

Новая пасада – новыя абавязкі

У музычнай школе В.У. Лаўрашчук працаваў выкладчыкам па класе баяна, затым завучам. Прапанова ўзначаліць аддзел культуры райвыканкама стала нечаканай. - Асаблівага жадання пераходзіць на адміністрацыйную работу ў мяне не было, - прызнаецца Вячаслаў Уладзіміравіч. – У школе падабалася ўсё: і праца, і вучні, і магчымасць займацца творчасцю. Але на бюро гаркама пераканалі, што трэба пайсці. Першыя ўражанні ад новай пасады – адсутнасць вопыту кіравання. У  раёне налічвалася 145 устаноў культуры: клубы, бібліятэкі, дзве музычныя школы, парк – гаспадарча-разліковае самастойнае прадпрыемства. У кожнай – саве праблемы, свая спецыфіка работы. І ва ўсё гэта трэба было ўнікаць. Мелася шмат задумак, але не хапала фінансаў. Патрабаваў рамонту раённы Дом культуры. Гарадскія бібліятэкі знаходзіліся ў маленькім драўляным будынку на вуліцы Мінскай. - Патрабавалася больш прасторнае памяшканне і для дзіцячай музычнай школы, - працягвае ён. – Жадаючых вучыцца музыцы было шмат: школу наведвалі 300 хлопчыкаў і дзяўчынак, а заняткі вяліся з 8 раніцы да 9 вечара. Лічылася, што музычнай адукацыя – гэта перспектыўна і прэстыжна. Але самае галоўнае – не хапала кваліфікаваных спецыялістаў. Таму маладому кіраўніку давялося вучыцца тэхналогіі кіравання, фарміраваць кадравы патэнцыял, ствараць і выбудоўваць сістэму работы, абапіраючыся на  напрацаваны раней вопыт і захоўваючы ўсё лепшае. Галоўную мэту культработнікі раёнавызначылі так: не быць духоўнай правінцыяй! - Шмат было і добрага, - прызнае Вячаслаў Лаўрашчук. - Тры калектывы насілі званне народных: ансамбль «Свіцязь», цырк і Дзяляціцкая капэла. На вёсках – да прыкладу, у Харосіцы, Лаўрышаве, былі пабудаваны новыя будынкі сельскіх дамоў культуры. У асобных устаноў культуры мелася моцная матэрыяльная база, але не ва ўсіх. Высокім быў узровень мастацкай самадзейнасці.У кожным калгасе, сельсавеце быў хор, можна было арганізаваць прыстойную канцэртную праграму. Вссокую планку ў рабоце задаваў раённы Дом культуры, дзе працавалі такія выдатныя спецыялісты, як Алена Малчанава, Сямён Новік. Цікава і ярка праходзілі гарадскія святы з удзеламсямнаццаці духавых аркестраў. Але здаралася ўсялякае. - У першы год маёй працы ў якасці загадчыка аддзела культуры здарылася вельмі прыкрая сітуацыя, - адзначае Вячаслаў Уладзіміравіч. -  У адной з бібліятэк раёна былі выяўлены вялікія прыпіскі ў дакументах. Была ўказана значна завышаная колькасць чытачоў на кнігавыдачы – ажно 53 тысячы чалавек. Хтосьці напісаў скаргу. Прайшла праверка. якая паказала, што на самой справе чытачоў было 27 тысяч. Скандал быў вялізны. Пра гэты факт пісалі ў прэсе, а радыёстанцыі «Голас Амерыкі» и «Свабода» паведамлялі, што ў Савецкім Саюзе існуюць прыпіскі. - Ва ўсіх былі непрыемнасці. Але сітуацыя мянялася. Па выніках работы за 1985 год работы мы атрымалі Пераходзячы Чырвоны Сцяг, - удакладняе В. Лаўрашчук. – Гэтаму папярэднічала вялікая работа ўсяго калектыву работнікаў культуры раёна. скан_нж.бел_0007 скан_нж.бел_0005

У планах і па-за планамі

Культурнае жыццё Навагрудчыны – гэта не толькі арганізацыя і правядзенне святочных мерапрыемстваў і канцэртаў. Час патрабаваў плённай работы на перспектыву. У 1987 годзе ў Навагрудку пачалася рэстаўрацыя касцёла Святога Міхаіла, памяшканне якога доўгі час выкарыстоўвалася для розных гаспадарчых мэтаў. - Амаль год адтуль толькі смецце вывозілі, - кажа мой суразмоўца. У той перыяд у Навагрудку былі створаны гарадскія аддзелы культуры, які ўзначаліў В.У. Лаўрашчук, і капітальнага будаўніцтва, а ў краіне прыняты дакумент аб помніках культуры, якія маюць важнае значэнне для гісторыі і культуры СССР і Польшчы. І ў гэты пералік трапіў Дом-музей Міцкевіча. Так было прынята рашэнне распачаць рэканстукцыю музея. Пасля вырашэння пытанняў фінансавання ў жніўні 1989 года польская кампанія «Будымекс» прыступіла да работы. І тут аказалася, што набыць будаўнічыя матэрыялы амаль немагчыма. - Справа ў тым, што ў тыя гады ўся эканоміка ў краіне была планавай, - нагадвае Вячаслаў Уладзіміравіч. – Дэфіцыт не было, але ўсе казалі: вы не ў плане. Праўда, калі быць шчырым, то многія дапамагалі. Часам даводзілася ісці, як кажуць, у абход. Адным з галоўных пытанняў было набыццё чырвонай цэглы для абуладкавання падземнага пераходу ў музеі. Цэгла мясцовай вытворчасці нам не падыходзіла, а патрэбную выраблялі толькі на Обальскім прадпрыемстве ў Віцебскай вобласці, па італьянскай тэхналогіі. Але размяркоўвалі гэту цэглу на ўзроўні старшыні Дзяржплану БССР В.Ф. Кебіча. І мы напісалі пісьмо на яго імя з просьбай дазволіць набыць 50 тысяч цаглін. Атрымалі згоду на 30 тысяч, а нам патрэбна было 20 тысяч! Лішнюю цэглу потым мянялі на цэмент і іншыя неабходныя матэрыялы. Цяпер гэта крыху сумна ўспамінаць, а тады так вырашаліся многія праблемы. Вячаслаў Уладзіміравіч расказвае, што на рэканструкцыі Дома-музея працавалі не толькі будаўнікі, але і супрацоўнікі ўстаноў культуры: распілоўвалі лез, валілі каменне. Успрымалі гэта як нармальныя рабочыя моманты, і ніхто не спрачаўся. 2 кастрычніка 1990 года музей  быў здадзены ў эксплуатацыю. Затым з дапамогай польскіх калег пачалося афармленне экспазіцыі музея. Адначасова вяліся работы па ўстаноўцы помніка Міцкевічу. А праз некаторы час у Навагрудку быў створаны гістарычна-краязнаўчы музей. Крыху пазней у цэнтры горада быў устаноўлены помнік Елісею Лаўрышаўскаму, мемарыяльны знак на Куравіцкай гары ў памяць аб савецкіх воінах, якія загінулі тут у чэрвені-ліпені 1941 года, у скверы - памятнік воінам-інтэрнацыяналістам і памятны знак каля райвыканкама. - Працаваць даводзілася шмат, але гэта было цікава, - лічыць Вячаслаў Лаўрашчук. – Нават калі вялося будаўніцтва, прыязджалі турысты, праводзіліся экскурсіі, ніхто не адмяняў мерапрыемствы і работу ўстаноў. Усе працавалі па сваіх планах. Былі вялікія паступлені фінансавых сродкаў ад платных канцэртаў, работы парку. Святы былі прыгожыя: 1995 год – юбілей Перамогі, 1996 год – Свята пісьменства і друку, 1998 год – 200-годдзе Міцкевіча. Амаль кожны год праводзіліся буйныя мерапрыемствы. Проста і лёгка было працаваць з калегай - загадчыкам аддзела культуры райвыканкама Алаксандрам Карачаном.

IMG_1994

Пра асабістае

- З будучай жонкай Ліліяй Іванаўнай пазнаёміліся на вяселлі ў знаёмых, - прызнаецца Вячаслаў Уладзіміравіч. – Спадабаліся адзін аднаму, пачалі сустракацца і неўзабаве зразумелі: гэта лёс. У нас нарадзілася двое сыноў. Старэйшы Слава закончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці англійская мова. Працаваў у замежнай фірме, выкладаў у Гродзенскім універсітэце, філіяле міжнароднага ўніверсітэта. Апошнія дзесяць гадоў жыве і працуе ў Канадзе. Жанаты. У мінулым годзе ў іх нарадзілася дачушка Ева. Малодшы Уладзімір  пасля заканчэння Міжнароднага экалагічнага інстытута імя Сахарава займаўся праблемамі экалагічнай медыцыны. Зараз працуе на прадпрыемстве «Малочная кампанія Навагрудскія Дары», у яго двое дзяцей – сын Ваня і дачушка Надзя. Так штомы з жонкай шчаслівыя бабуля і дзядуля траіх унукаў. - Цяпер у мяне паявілася шмат вольнага часу і я захапіўся гародніцтвам. Выпісваю рознае насенне памідораў і перцаў і вырошчваю іх у цяпліцах. І гэта сапраўды цікава! [quote]Значны ўклад В.У Лаўрашчука ў вывучэнне і захаванне гісторыка-культурнай, духоўнай спадчыны Навагрудчыны, стварэнне Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, рэканструкцыю Дома-музея А. Міцкевіча ў Навагрудку, ва ўстаноўку помнікаў А.Міцкевіча і прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму, падрыхтоўку матэрыялаў, звязаных з рэстаўрацыяй помнікаў архітэктуры Навагрудка, арганізацыю супрацоўніцтва з навуковымі і навукова-культурнымі цэнтрамі Беларусі і замежжа, гарадамі і раёнамі-пабрацімамі, знакамітымі землякамі, правядзенне міжнародных святочных мерапрыемстваў, навуковых канферэнцый, у выданне матэрыялаў, прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыне Навагрудчыны  адзначаны шматлікімі Ганаровымі граматамі, медалём Беларускай Праваслаўнай Царквы. У 2010 годзе яго імя занесена ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна. Вольга Навагран, «НЖ» Варта пачытаць: Іван Качан. Прафесія і прызванне - настаўнік Мастацтва танца – мастацтва жыцця Таццяны Кавалько Іван Котляр. Права быть самім сабою