Валянціна Гайшун: «Не ганарыцца, не зайздросціць, жыць з Богам у душы…»

Валянціна Гайшун: «Не ганарыцца, не зайздросціць, жыць з Богам у душы…»

17 апреля 2019 1837
– Праходзьце, – гасцінна запрашае Валянціна Васільеўна Гайшун, і мы разам са старшынёй Вераб’евіцкага сельвыканкама Анатоліем Пятровічам Нагулевічам праходзім ва ўтульны пакой. Шматлікія фота­здымкі на сценах – гісторыя яе сям’і, яе жыцця, пра якое гаспадыня расказвае шчыра і адкрыта, не хаваючы эмоцый. Я слухаю яе хвалюючую споведзь і міжволі прыгадваю радкі з верша Зоі Баравік: «Есть тёплые люди, как руки родные, как свет из любимого в детстве окна. Они успокоят в минуты лихие, поддержат и скажут, что ты им нужна». Гэтыя словы пра такіх, як яна: працавітых, спагадлівых, сумленных... Пра тых, каго шматлікія выпрабаванні лёсу не зламалі, а толькі зрабілі мацнейшымі… Шчымлівыя ўрокі дзяцінства – Бацька хацеў дачку, але ў сям’і адзін за адным нарадзіліся два хлопчыкі, – пачынае расказ Валянціна Васільеўна. – Як жа радаваўся бацька, калі нарэшце паявілася я. Усё жыццё паміж намі існавала нейкая асаблівая сувязь. І толькі з узростам я стала больш і глыбей разумець маму. Яе бацькі ўсё жыццё пражылі ў вёсцы Данілавічы Дзятлаўскага раёна. Цяжка было: шмат працавалі, будавалі дом, гадавалі дзяцей. З дзяцінства Валянціна вынесла вельмі важныя жыццёвыя ўрокі. – Мама мяне вучыла дабрыні: не ганарыцца, не зайздросціць, а паважаць людзей і жыць з Богам у душы, – пералічвае яна. – Муд­рая, разважлівая, мама імкнулася заўсёды дапамагаць людзям. У вёсцы ж усё навідавоку. Прывя­зуць камусьці брыкет – яна кошык у рукі і пайшла дапамагаць, не чакала, каб паклікалі. І людзі яе паважалі. Неяк, памятаю, трапіла мама ў бальніцу, і ў гэтыя дні ёй прывезлі паліва. Суседзі хуценька сабраліся і самі ўсё ўпарадкавалі. – Вось і я без людзей не магу, – кажа Валянціна Васіль­еўна. – Мне дапамагаюць, і я чым магу стараюся аддзячыць. Столькі гадоў жывём побач, усе як бы парадніліся… 1_3 Камсамолка, актывістка Пасля заканчэння школы Валя паступіла ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію на гідрамеліярацыйны факультэт. І пачаліся цікавыя, напоўненыя вучобай, сяброўствам і новымі знаёмствамі дні. Спецыяльнасць, якую атрымлівала дзяўчына, была запатрабаванай. І Валянціна старанна канспектавала, чытала дадатковую літаратуру, актыўна ўдзельнічала ў семінарах і канферэнцыях, вяла камсамольскую работу. Па размеркаванні яна прыехала працаваць у Зэльвенскі раён  старшым інжынерам Галынкаўскага БМУ. На гэтай зусім не жаночай пасадзе Валянціна Васільеўна адпрацавала два гады. А затым лёс кардынальна змяніўся – яна выйшла замуж і разам з мужам пераехала ў калгас «Беларусь» Дзятлаўскага раёна, дзе змяніла прафесію інжынера на эканаміста. «У калгасе з павагай адносяцца да маладога спецыяліста, – чытаю ў пажоўклым нумары Дзятлаўскай раённай газеты за 1981 год. – Нездарма вось ужо другое скліканне запар яе выбіраюць дэпутатам раённага Савета. Да Валянціны Васільеўны выбаршчыкі звяртаюцца па самых розных пытаннях. Кожнага чалавека яна ўважліва выслухае, да кожнага знойдзе асобны падыход. Заўсёды стараецца, каб усе пытанні вырашаліся станоўча». 1_5 Каханне яе жыцця З будучым мужам Фёдарам Гайшуном Валянціна вучылася ў сельгасакадэміі, але на розных курсах. Ужо тады яна часам лавіла на сабе зацікаўлены позірк прыгожага і статнага юнака. Але сапраўдныя пачуцці ўспыхнулі толькі на адлегласці. 9 мая 1974 года яны згулялі вяселле. – Фёдар аказаўся добрым баць­кам і мужам, – прызнаецца Валянціна Васільеўна. – На якой бы пасадзе ні працаваў – інжынерам па аўтатранспарце ці сакратаром парткама калгаса – ён вельмі адказна ставіўся да сваіх службовых абавязкаў. Аднак пры вялікай загружанасці на працы заўсёды знаходзіў час на сям’ю: цікавіўся, што хвалюе дзяцей, дапамагаў і падтрымліваў мяне ва ўсіх справах. Федзя ведаў, якія кветкі я люблю і якая прычоска мне больш да твару… Гаворачы пра мужа, Валянціна Васільеўна не хавае слёзы. Іх сумеснае жыццё было шчаслівым, але нядоўгім. Разам яны пражылі 23 гады, а 22 гады таму Фёдара Мікалаевіча не стала. – Трэба цаніць і шанаваць адзін аднаго, – не стамляецца паўтараць жанчына. – Сям’я, узаемаадносіны паміж людзьмі – аснова нашага жыцця. Яна беражліва захоўвае фатаграфіі, дзе яны разам з мужам – маладыя, узнёслыя, закаханыя. І дзякуе лёсу за кожны пражыты сумесна дзень... 1_1 Прафесія, якой не вучылі На Навагрудчыну сям’я Гайшун прыехала ў 1982 годзе. Фёдар Мікалаевіч быў прызначаны сакратаром парткама калгаса «Камунар». Валянціна Васільеўна прадаўжала працаваць эканамістам. Гаспадарка выдзеліла ім дом у вёсцы Ракевічы. – Раён выбралі невыпадкова, – працягвае Валянціна Гайшун. – Тут, у Навагрудку, працаваў урачом мой брат Дзмітрый Сёмуха. Нам хацелася быць бліжэй да яго сям’і. Праца, грамадскія абавязкі, уласная гаспадарка – у штодзённых клопатах хутка ляцеў час. Падрасталі дзеці – Ірына і Сяргей. Здавалася б, жыццё наладжана і не абяцае змяненняў. Але нечакана для многіх Валянціна Васіль­еўна зноў змяніла прафесію і перайшла на працу ў Асташынскі сельсавет на пасаду сакратара. – Старшынёй сельскага Савета дэпутатаў у той час быў Васілій Антонавіч Царук, – расказвае яна. – А ўсяго на тэрыторыі Асташынскага сельсавета знахо­дзілася 12 вёсак, каля 2 тысяч жыхароў. Людзі тут заўсёды былі працавітыя ды руплівыя. Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Арсенцьевіч Кукаловіч, перадавік вытворчасці Фёдар Піліпавіч Гнілякевіч – гэтыя і іншыя працаўнікі з’яўляліся гонарам гаспадаркі. А сам калгас заўсёды быў сярод раённых перадавікоў. У ліку першых у Асташынскім сельвыканкаме пачалі налічваць чэкі «Жыллё» і «Маёмасць». – Мы не чакалі, каб чалавек прыйшоў у сельсавет, а самі звярталіся ў праўленне калгаса па даведкі на кожнага работніка, усім налічвалі чэкі. Атрыманыя ў той час імянныя каштоўныя паперы сталі для многіх добрай дапамогай, людзі і сёння ўдзячныя, – гаворыць Валянціна Васільеўна. У 1998 годзе Валянціна Гайшун была выбрана старшынёй Асташынскага сельскага Савета дэпутатаў. – Памятаю, прыехала да мамы і расказваю, што працую ў сельсавеце. А мама выслухала мяне і сказала: «Дачушка, я няграматная. І калі прыходжу ў кабінет да начальніка, то вельмі хвалююся і нават не ведаю, як адтуль выйсці. Дык ты, калі да цябе прыйдзе просты чалавек, думай, што гэта я прыйшла. І размаўляй з ім так, як размаўляла б са мною»… Мудрыя маміны словы я запомніла назаўсёды, – адзначае яна. Кола абавязкаў старшыні сельвыканкама даволі шырокае і ўключае ў сабе ўсё, што датычыць жыцця людзей. Гэтай прафесіі не вучаць ні ў адной навучальнай установе. Уменне прыходзіць з вопытам і з жаданнем дапамагаць. – Праблем хапала, – усміхаецца Валянціна Васільеўна. – Усюды старалася паспець сама. Людзі ідуць абкошваць пашу – я касу на плячо і з імі. Палоць буракі, убіраць бульбу і лён  – як жа без мяне? Яна сціпла замоўчвае, што ў перыяд яе працы старшынёй сельвыканкама па яе ініцытыя­тыве ў Ракевічах, Вялікіх Вераб’евічах, Антонаўцы, Поўберазе, Валосаўцы быў пракладзены асфальт; праведзены газ у дамы жыхароў Вялікіх Вераб’евіч і Ракевіч; адсыпаны дарогі да могілак у Вераб’евічах і Поўберазе; устаноўлены кантэйнеры для смецця на тэрыторыі сельсавета; заменены памятны знак на месцы расстрэлу яўрэяў каля вёскі Малыя Вераб’евічы… – Людзі звярталіся – я званіла, патрабавала, прасіла, дапамагала, – прыгадвае Валянціна Гайшун. «Што ў Савеце?» Пад гэтай рубрыкай у нумары нашай газеты ад 11 красавіка 2001 года чытаем: «…На чарговае пасяджэнне Асташынскага выканкама былі запрошаны кіраўнікі гаспадарак, школ і ўстаноў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Гаворку вялі пра няўдалыя сем’і, выпівак, парушэнні працоўнай дысцыпліны, пра неабходнасць узмацнення прафілактычнай работы. … З сакавіка бягучага года ў нас добра пайшлі справы з закупам лішкаў малака ад насельніцтва. Толькі за сакавік прыбаўленне склала ў параўнанні з мінулагоднім перыя­дам 83 цэнтнеры альбо 140%. Задаволена просьба малака­зборшчыка з вёскі Поўбераг С. Белуша: для каня, на якім ён збірае малако, выдзелены новы хамут. А для малака­зборшчыцы з вёскі Навасёлкі Л. Швед набыта новая павозка». Так што справы, якімі даво­дзілася займацца прадстаўнікам мясцовай улады, былі самыя розныя. 1_2 У коле сям’і Мы не бачыліся шмат гадоў, але я з прыемнасцю адзначаю, што Валянціна Васільеўна засталася ўсё такой жа абаяльнай і прыветлівай, шчырай і адкрытай, гасціннай і дабразычлівай. Яна ахвотна расказвае пра сваіх дзяцей. Дачка Ірына працуе ў падаткавай інспекцыі, зяць Уладзімір – на заводзе газавай апаратуры. Сын Сяргей – у прыродаахоўнай службе, нявестка Аксана – настаўніца пачатковых класаў СШ №4. Радуецца ўнукамі, якіх у яе чацвёра: Фёдар працуе ў Мінску ў Дэпартаменце аховы, Насця – трэнер па біятлоне ў Навагрудку, Лізавета – настаўніца біялогіі СШ №4, а Саша – студэнт Навагрудскага аграрнага каледжа. І сын, і дачка не забываюць сваю любімую матулю. А на святы ва ўтульным бацькоўскім доме збіраюцца не толькі дзеці і ўнукі, але і пляменнікі з сем’ямі. Валянціна Васільеўна любіць, калі дом напаўняецца галасамі родных і блізкіх, і прызнаецца: разам з імі яна адчувае сябе маладзейшай… Вольга Навагран, «НЖ» Варта пачытаць: Па галоўнай вуліцы з фотаапаратам. Творчы вечар-прэзентацыя Міхаіла Касабукіна Один день из жизни врача. Жизненные университеты и будни хирурга Александра Синявского