Успаміны трывожаць сэрца

Успаміны трывожаць сэрца

05 февраля 2019 1020

Тыя, хто выжыў у Афганістане, сёння нясуць словы праўды пра вайну, пра святое баявое братэрства. Афіцэры і салдаты, якія загінулі там, ніколі не раскажуць, якой страшнай трагедыяй для іх стала вайна. А іх родныя? Разам са стратай сына ці мужа рушыўся цэлы свет, страчвалася надзея і сэнс жыцця.

(Матэрыял з архіва рэдакцыі, быў надрукаваны ў газеце №12 за 14 лютага 2015 года)

Боль і слёзы выклікае слова “Афган” і ў сям’і Кукаевых. А 24 ліпеня 1983 года – самая страшная дата для іх. У гэты дзень не стала блізкага чалавека мужа і бацькі М.Ф. Кукаева.

–  Я ніколі не бачыў вайны, але пра вайну ў Афганістане ведаю не па чутках, – гаворыць намеснік камандзіра 255-га асобнага радыётэхнічнага палка асобага прызначэння падпалкоўнік Міхаіл Міхайлавіч Кукаеў. – Мне было толькі чатыры гады, але я памятаю, калі апошні раз бачыў тату. Ён прыязджаў у адпачынак, якраз на Новы год і на мой дзень нараджэння. Гэта быў апошні дзень нараджэння, які мы адзначалі ўсёй сям’ёй.

IMG_1824 IMG_1820

– Мой бацька Міхаіл Фёдаравіч родам з Бураціі. Нарадзіўся ў пасёлку Селендума Селянгінскага раёна, мама Святлана Мікалаеўна – з Расіі з г. Пугачова Саратаўскай вобласці, – працягвае Міхаіл Міхайлавіч. – Пасля заканчэння Сызрынскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў бацька служыў на розных пасадах у воінскіх часцях, прайшоў шлях ад камандзіра экіпажа да камандзіра звяна верталётаў Мі-8. Падчас яго службы ў Венгрыі ў г. Калоча нарадзіўся я. Праз пэўны час наша сям’я пераехала ў Беларусь, тата служыў ў Пружанскім раёне ў гарнізоне Засімавічы. Лёсам было наканавана нам застацца жыць у Беларусі.

У жніўні 1982 года 330-ы асобны верталётны полк, у якім служыў М.Ф. Кукаеў, быў накіраваны з Засімавіч у Афганістан. За год службы там Міхаіл Фёдаравіч здзейсніў 130 баявых вылетаў. Удзельнічаў у высадцы тактычных ваенных дэсантаў, пастаноўцы мінных загарод, эвакуацыі падраздзяленняў з цяжкадаступных горных раёнаў.

IMG_1821 IMG_1818

24 ліпеня 1983 г. лётчык капітан М. Кукаеў ажыццяўляў эвакуацыю раненых з раёна аперацыі ў 30 км ад Джэлалабада. У рухавік верталёта Мі-8 МТ трапіла ракета ПЗРК (пераносны зенітна-ракетны комплекс). Экіпаж верталёта і пасажыры загінулі. Міхаілу Фёдаравічу не споўнілася і 32 гадоў. Дома засталіся жонка і двое маленькіх сыноў, дзесяці і чатырох гадоў.

За мужнасць і адвагу лётчык 1-га класа М.Ф. Кукаеў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Леніна (пасмяротна). Пахаваны на грамадзянскіх могілках у г.п. Ілаўля Валгаградскай вобласці. Школа ў пасёлку Селендума, дзе нарадзіўся М. Кукаеў, носіць імя героя.

IMG_1828

Святлане Мікалаеўне пасля смерці мужа вярнулі асабістыя рэчы, усе яны былі акуратна складзены. Муж збіраўся дадому, а вылет быў адным з незапланаваных. Ён аказаўся апошнім...

Ішоў час, але ўспаміны пра Афганістан не адпускалі Святлану Мікалаеўну. Успаміны пра яго пастаянна вярэдзілі душу жанчыны. 330-ты асобны верталётны полк быў расфарміраваны. Сем’і ваеннаслужачых, з якімі служылі, раз’ехаліся па ўсім свеце, частка паехала служыць на Украіну, частка – у Расію. Сям’я Кукаевых пераехала жыць ў Гродна, але сувязі з саслужыўцамі мужа Святлана Мікалаеўна не страціла. Разам з сынам у 2012 годзе яна ездзіла на сустрэчу з яго былымі саслужыўцамі ў Засімавічы. Убачылі многіх, з кім некалі служыў Міхаіл Фёдаравіч Кукаеў. Пасля гэтай сустрэчы Міхаіл Міхайлавіч зразумеў, што вайна пакінула крывавы след не толькі ў іх сям’і, а ў душах многіх людзей.

DSC00172

– Бацька нас усіх вельмі любіў. Любіў работу, любіў і жыццё. Мой старэйшы брат хацеў стаць лётчыкам, як і тата, і займацца той жа справай. Аднак мама запярэчыла. Зараз ён індывідуальны прадпрымальнік, – дзеліцца М. М. Кукаеў. Прадаўжальнікам афіцэрскай дынастыі стаў я. Шлях ваеннага пачаў з вучобы ў Сувораўскім вучылішчы. Затым прадоўжыў вучобу на агульна-вайсковым факультэце Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Гады вучобы – гэта школа мужнасці, – гаворыць ён.

Службу пачынаў у Гродзенскім гарнізоне. Новай вышынёй у прафесійнай кар’еры і новым этапам у жыцці стала прызначэнне ў 2013 годзе на пасаду намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце 255-га асобнага радыётэхнічнага палка асобага прызначэння. Новая, аб’ёмная і адказная работа, якая непасрэдна звязана з людзьмі, прыйшлася па душы. Служыць у Навагрудскім гарнізоне Міхаілу Міхайлавічу падабаецца. Падабаецца і горад Навагрудак, які сустрэў яго вельмі ветліва.

IMG_5430

Ён не шкадуе, што свой лёс звязаў з арміяй. Напера­дзе ў афіцэра шмат планаў, якія абавязкова збудуцца.

* Размяшчэнне фатаграфій можа адрознівацца ад часовых перыядаў жыцця ўдзельнікаў праекта.

Вольга Пісар, “НЖ”

Варта пачытаць:

Редакция газеты "Новае жыццё" начинает новый проект "Афганистан - наша боль, наша память"