Урокі жыцця і мудрасці педагога-ветэрана Канстанціна Вінаграда

Урокі жыцця і мудрасці педагога-ветэрана Канстанціна Вінаграда

10 марта 2020 1998
«Помнім іх франтавыя ўрокі» – адна  з рубрык новага праекта, які мы прысвячаем педагогам Навагрудчыны – ветэранам Вялікай Айчыннай. Франтавікі, якія пасля вайны прыйшлі ў школы, неслі ў сабе вялікую мудрасць –  нянавісць да фашызму, рашучасць адстаяць Радзіму, боль па загінулых, павагу і ўдзячнасць тым, хто, застаючыся ў тыле, працягваў жыць, лячыць, вучыць, рыхтаваць усё для фронту і Перамогі. Людзі, якія прайшлі вайну і потым сталі педагогамі, з’яўляліся і застаюцца сімвалам стойкасці і гераізму для розных пакаленняў. Адкрывае наш праект гісторыя жыцця ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога настаўніка Валеўскай сярэдняй школы Канстанціна Ігнацьевіча Вінаграда. Лёс усіх людзей ваеннага пакалення адлічваецца ад Вялікай Айчыннай вайны, якая падзяліла жыццё на да і пасля вайны. Для Канстанціна Ігнацьевіча, як і мільёнаў іншых людзей, вайна жыла ў памяці ненавісным гулам варожых бомбаў, разбуранымі вёскамі і гарадамі, мільёнамі забітых на фронце, закатаваных у лагерах смерці. У страшным 1941 годзе яму толькі споўнілася шаснаццаць, а ў 44-м ён ужо ваяваў на фронце. Нарадзіўся Канстанцін Ігнацьевіч у простай сялянскай сям’і. Ён быў адзінаццатым дзіцём у сям’і і з маленства добра ведаў, што такое цяжкая праца, голад, смерць. Падчас эпідэміі тыфу пяцёра дзяцей памерла,  пасля такой трагедыі бацькі пакінулі родную вёску Вялікія Тупалы і пераехалі ў Ганчары. У чатырнаццацігадовым узросце юнак паступіў у Навагрудскую гімназію, але Вялікая Айчынная вайна перакрэсліла ўсе планы. У лёсе Канстанціна Ігнацьевіча наступае этап выпрабаванняў. 25 ВИН КИ Франтавымі дарогамі На фронт К.І. Вінаграда забралі ў жніўні 1944 года. Спачатку ён праходзіць вучобу ў запасным палку ў Алабіне, што за 40 км ад Масквы. Пасля  яго адпраўляюць на 3-і Беларускі фронт у складзе 262 стралковага палка 185-й Духоўшчынскай дывізіі. Канстанцін Ігнацьевіч аказаўся ва Усходняй Прусіі, прымаў удзел у баях, прарываў лінію абароны праціўніка каля гарадоў Тыльзіт і Кенігсберг. У кастрычніку 1944 года ў баях за горад Кенігсберг Канстанцін Ігнацьевіч быў ранены. У наградным лісце радавога Канстанціна Вінаграда значыцца: “Чырвонаармеец Вінаград К.І., будучы стралком 262 стралковага палка, прымаў актыўны ўдзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры наступленні ва Усходняй Прусіі атрымаў раненне куляй у вобласць скулавой касці злева і ў вобласць правай скулы.” Раненне было цяжкім, і Канстанціна Ігнацьевіча адправілі ў шпіталь у Ніжні Ноўгарад. Домому ён вярнуўся ў 1945 го­дзе, страціўшы  вока. За мужнасць і гераізм быў прадстаўлены да ўзнагароды. Наградны ліст на чырвонаармейца Вінаграда быў падпісаны ў 1945 годзе, а медаль «За адвагу» ветэрану ўручылі толькі ў 1947 годзе. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Канстанцін Ігнацьевіч Вінаград таксама быў узнагароджаны медалямі «За перамогу над Германіяй», «За баявыя заслугі» і юбілейнымі медалямі з нагоды Дня Перамогі. 20 Катя и Вин Вучыць быць людзьмі Настаўнік... Колькі ў гэтым слове мудрасці, дабрыні і справядлівасці. Вучыць дзяцей .... Чаму вучыць? Пісаць, чытаць... Не, не толькі гэтаму. Вучыць іх быць людзь­мі, любіць жыццё, паважаць старэйшых, быць сумленнымі і добразычлівымі. Але як складана не разгубіць гэту душэўную шчодрасць, калі ты ведаеш, як узрываюцца бомбы і свішчуць над галавой кулі, бачыў, як гінулі і пакутавалі людзі. Прайшоўшы страшную вайну, Канстанцін Ігнацьевіч вельмі хацеў жыць, верыў у будучы свет, імкнуўся даць веды дзецям і перадаць свой асабісты вопыт, апалены вайной. У 1949 годзе ён заканчвае Навагрудскае педагагічнае вучылішча і пачынае працаваць у Смольчыцкай сямігадовай школе. А праз чатыры гады пераязджае ў Валеўку, дзе працягвае працаваць настаўнікам. У 1955 годзе завочна паступае ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт філалогіі і атрымлівае спецыяльнасць выкладчыка рускай мовы і літаратуры. Праз некаторы час стварае сям’ю з прыгожай і таленавітай калегай Кацярынай Дзмітрыеўнай. У Валеўцы яны будуюць дом, працуюць у адной школе, выхоўваюць дзвюх дочак і сына. Яна – настаўніца беларускай мовы і літаратуры і нямецкай мовы, ён выкладаў рускую мову і літаратуру. Усё жыццё Канстанцін Ігнацьевіч прысвяціў настаўніцкай працы. Вучні розных пакаленняў вельмі любілі яго ўрокі, яны з захапленнем слухалі свайго настаўніка, пераймаючы ад яго не толькі веды, але і жыццёвую мудрасць. Дасведчаны і адукаваны, уважлівы і інтэлігентны, вясёлы і жыццярадасны – такім яго запомнілі калегі і вучні.
Жонка Кацярына Дзмітрыеўна

Жонка Кацярына Дзмітрыеўна

К.І. Вінаград з дачкой і сынам

К.І. Вінаград з дачкой і сынам

Яны жылі школай – Канстанцін Ігнацьевіч і Кацярына Дзмітрыеўна былі настаўнікамі, якія вельмі любілі дзяцей, сваю прафесію і ставіліся да педагагічнай працы надзвычай сумленна, – успамінае былы дырэктар Валеўскай сярэдняй школы, настаўніца гісторыі Нэля Санько. – Гэта людзі, якія свядома выбралі прафесію і аддавалі ёй усе свае сілы і час. Яны добра ведалі прадмет і ўмелі данесці веды да дзяцей, а вучні ў сваю чаргу з асаблівай павагай і дабрынёй ставіліся да іх. Адным словам, яны жылі школай. І нават калі пайшлі на заслужаны адпачынак, заўсёды прыходзілі на мерапрыемствы, цікавіліся школьнымі справамі, турбаваліся пра тое, чым жыве школа. У іх была цудоўная сям’я – інтэлігентная і добразычлівая, у доме была вялікая бібліятэка.  І сын, і дочкі выраслі дастойнымі людзьмі, усе трое сталі ўрачамі. Канстанцін Ігнацьевіч быў не толькі цудоўным настаўнікам і шчырым чалавекам. Ён вельмі прыгожа спяваў і з’яўляўся салістам школьнага хору, у якім, да слова, спявалі практычна ўсе настаўнікі, з задавальненнем выступаў у сельскім клубе. Яго знакамітае «Барадзіно», песня на верш М.Ю. Лермантава, гучала амаль на кожным канцэрце і стала своеасаблівым гімнам школы. Да таго ж Канстанцін Ігнаць­евіч быў выдатным танцорам: полька, кадрыль – роўных яму ў танцах не было. У памяці ён застаўся шчырым, актыўным, вясёлым чалавекам. Канстанцін Ігнацьевіч пражыў дастойнае і доўгае жыццё, дажыў да дзевяноста гадоў і да апошніх дзён захоўваў бадзёрасць і актыўнасць. Не стала ўжо і Кацярыны Дзмітрыеўны, але ж памяць пра іх захоўваецца ў нашай школе. У школьным музеі сабраны матэрыял не толькі пра педагогаў, мы беражліва захоўваем памяць пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – нашых землякоў. За гады працы ў школе Канстанцін Ігнацьевіч Вінаград выхаваў не адно пакаленне вучняў. Яго добрасумленная, плённая і адказная праца на ніве адукацыі была адзначана высокімі ўзнагародамі: медалямі «За поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР», «За добрасумленную працу», «Ветэран працы», бронзавым медалём «Удзельнік ВДНГ», а таксама Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР. Яго жыццё і сёння з’яўляецца для нас прыкладам мужнасці, сілы духу і вялікага жадання – жыць для людзей.
У цэнтры: ветэраны вайны М.М. Лазаровіч, К.І. Вінаград, М.А. Цвырко, 9 Мая, 2004 год

У цэнтры: ветэраны вайны М.М. Лазаровіч, К.І. Вінаград, М.А. Цвырко, 9 Мая, 2004 год

К.І. Вінаград падчас сустрэчы з вучнямі, 9 Мая, 2005 год

К.І. Вінаград падчас сустрэчы з вучнямі, 9 Мая, 2005 год

Алена Ганцэвіч, «НЖ»