Уладзімір Паўловіч – самабытны гарманіст з Лозак

Уладзімір Паўловіч – самабытны гарманіст з Лозак

Уладзімір Паўловіч – самабытны гарманіст з Лозак

08 сентября 2020 3490

Усё радзей гучаць пералівы гармоніка, не чуваць акордаў знаёмых, родных… Весялосць і сум нам падорыць гармонік… І гэта сапраўды так, як спяваецца ў вядомай песні. Раней ні адно свята не абходзілася без гармоніка, а той чалавек, хто ўмеў на ім іграць, заўсёды карыстаўся вялікай павагай і пашанай.  Мы ўжо не адзін раз адзначалі, што навагрудская зямля багатая таленавітымі людзьмі. Але такія самабытныя таленты, як Уладзімір Паўловіч, ураджэнец вёскі Лозкі, сустракаюцца нячаста.  Ён і зараз, у 71 год, віртуозна іграе на гармоніку.

 

Да музыкі Уладзіміра Аляксеевіча цягнула з дзяцінства. У трэцім класе ён атрымаў самы галоўны падарунак ад баць­кі Аляксея Кліменцьевіча – гармонік-хромку, які на той час каштаваў 12 рублёў. Тата ўбачыў у Валодзі прыродны талент – здольнасць да музыкі. Хлопчык часта назіраў за гарманістам Мікалаем з суседняй вёскі, які іграў на вяселлях, марыў навучыцца таксама добра іграць. І мара паступова пачала збывацца. Сам, без нот, без педагогаў хлопец асіліў гармонік, а затым адточваў музычнае майстэрства на працягу ўсяго жыцця. У школьныя гады ён падыгрываў і акампаніраваў сваім сябрам на школьных вечарах. І ўжо не адзін дзясятак гадоў гармонік у яго руках выдае знаёмыя кожнаму, мілагучныя і такія любімыя мелодыі.



Наша сустрэча з Уладзімірам Аляксеевічам адбылася ў яго роднай вёсцы Лозкі, куды вярнуўся з Мінска крыху больш за 10 гадоў таму. Зараз ён даглядае сваю матулю і ў вольны час калі-нікалі, як прызнаўся падчас размовы, бярэ сваю мадэльную «Перамогу» і іграе, бо калі гармонік у руках – спявае душа гарманіста. Сваю вялікую любоў да малой радзімы Уладзімір Паўловіч перадае праз любімую мелодыю «Люблю свой край, старонку гэту».

Сёння галоўны слухач самабытнага гарманіста – матуля Валянціна Аляксандраўна. Жанчыне 92 гады, але і зараз яна ўзгадвае песні маладосці. Часта на вячорках і дома заводзіла песні, нават пела ў царкоўным хоры. У дзяцінстве юны музыкант Валодзя ведаў мелодыі ўсіх традыцыйных танцаў Навагрудчыны – вальсы і полькі, кракавяк і абэрак, факстрот...


– Атрымаць прафесійную музычную адукацыю не атрымалася, хоць даныя былі. Школа, Мінскае чыгуначнае вучылішча, затым праца ў вагонным дэпо і на заводзе «Гарызонт». Так незаўважна цякло жыццё ў працы, але гармонік заўсёды быў побач, – кажа Уладзімір Аляксеевіч. – І калі працоўная дзейнасць з часам завяршылася, то творчая працягвалася досыць доўга. Лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо на маім жыццёвым шляху сустрэліся асобы – вызначальнікі майго лёсу, яны здолелі ўбачыць мой патэнцыял і накіраваюць яго ў плённае рэчышча. Першай стала Валянціна Пархоменка з народнага фальклорнага калектыву «Жывіца». Менавіта яна нас, гарманістаў-самавукаў, сабрала разам. У 1985 годзе паехалі ў Магілёў на фестываль гарманістаў «Іграй, гармонік», які арганізавалі і праводзілі браты Генадзій і Аляксандр Завалокіны. Затым Валянціна Пархоменка арганізавала падобны фестываль у Беларусі, які атрымаў назву «Мінскі гармонік». Мы часта ў складзе калектыву гарманістаў «Мінскі гармонік» выступалі ў Палацы чыгуначнікаў, на многіх мерапрыемствах, фэстах, народных гуляннях. Музыку выконвалі найперш народную, з родных вытокаў. Ведаеце, музыка – часцінка душы беларусаў. Яна здольна акрыляць, рабіць нас чысцейшымі і святлейшымі, нагадваць нам пра тое, што мы людзі, што ў нас ёсць душа, што мы вартыя шчасця.



– Мне давялося іграць з лепшымі мінскімі гарманістамі: Слізкім, Раманчуком, Галузам, Каралём, Чайкоўскім, Равенскім, – пералічвае прозвішчы музыкантаў Уладзімір Аляксеевіч. – Гарманісты-самародкі – гэта асобная катэгорыя людзей. Яны валодаюць асаблівай энергетыкай, прастатой, шчырасцю і душэўнасцю, якіх не купіш ні за якія грошы. Яшчэ больш насычаным на выступленні стала маё жыццё пасля знаёмства са славутым беларускім музыкантам, майстрам-рэстаўратарам старажытных народных інструментаў Уладзімірам Пузынем. Мы разам з ім прадстаўлялі Беларусь на фальклорных фестывалях у Францыі, Эстоніі, ЗША. Вельмі плённым было наша супрацоўніцтва з фалькларыстам Васілём Ліцвінкам – аўтарам і тэлевядучым праграмы «Запрашаем на вячоркі», якая ў тыя часы была самай рэйтынгавай у Беларусі. За гады існавання праграмы ў ёй выступілі амаль усе вядомыя ў краіне самадзейныя калектывы і асобныя выканаўцы, мы аб’ехалі разам фактычна ўсю краіну. Васіль Дзмітрыевіч Ліцвінка – чалавек натхнёны, каларытны, дзейсны, ён праз усё жыццё пранёс пачуццё захаплення народнай песняй, якое здолеў перадаць і мне.


Расказаў Уладзімір Аляксеевіч і пра сваё знаёмства з вядомымі беларускімі кінарэжысёрамі Віктарам Туравым і Міхаілам Пташуком. У кінафільмах «Чорны бусел», «У жніўні 44-га» здымаўся ў ролі гарманіста.  Часта выступаў на сцэне Дома літаратара, знаёмы быў са многімі знакамітымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, неаднаразова запрашалі з выступленнямі ў музей Якуба Коласа. А інакш і быць не магло: жонка Уладзіміра Аляксеевіча Наталля Арсеньеўна родная пляменніца Пімена Панчанкі. Яе тата Арсеній – родны брат паэта, а сястра Дуся працавала ў Доме літаратара. У сям’і Паўловіч вельмі цесна перапляліся музыка і паэзія.

– Так, час быў вельмі цікавы і насычаны, – дадае У.А. Паўловіч. – Дзіву даюся, як усё паспяваў сумяшчаць: і працу, і выступленні, і сям’ю. Сёння сябе пазнаю ў сваіх дзецях – дачцэ Вользе і сыне Аляксею, чатырох унуках. Яны радасць і надзея.


Пасля прыезду на Навагрудчыну ў родную вёску гарманіста часта запрашалі на канцэрты раённай мастацкай самадзейнасці, акампаніраваць хору «Радасць». Многія салісты і мясцовыя аўтары Ганна Сцяпанаўна Валенцік і Валянціна Яўлампіеўна Апанюк прысвяцілі нашаму герою вершы. Ганна Сцяпанаўна напісала у сваім вершы так:

У свеце не бачыў лепшае вёскі.

Роднай, адзінай, з назваю Лозкі.

У Лозках матуля чакае,

З радасцю ў сэрцы тут сустракае.

Кажа матуля мне пры сустрэчы:

«З Цэнтра званілі ўчора пад вечар.

Цябе, Валодзік, там паважаюць

І на сустрэчу зноў запрашаюць».

…Граю, спяваю песні Радзімы

І ганаруся роднай краінай,

Здаўна сябрую ў Мінску з «Бяседай»

І паважаю сваіх суседаў.

З «Радасцю» – хорам,

з Цэнтрам сябруем,

Разам спяваем, разам вандруем.

Маці пакліча – сэрцам пачую,

Лепш няма Лозак – гэта я чую.

– І сапраўды, зараз, знаходзячыся на сваёй малой радзіме, у родных Лозках, я часта ўспамінаю юнацтва і маладосць, тую выдатную пару, калі свет уяўляўся ў яркіх вясёлкавых фарбах, – падсумоўвае Уладзімір Аляксеевіч. – З малых гадоў і па гэты дзень да гармоніка стаўлюся з асаблівым пачуццём. Ніякі іншы музычны інструмент не можа так душэўна гучаць, як гармонік.


І ў гэтым я поўнасцю згодна з Уладзімірам Аляксеевічам. Падчас нашай размовы, а доўжылася яна больш за дзве гадзіны, гарманіст не мог стрымацца, каб не сыграць. І прызнаюся шчыра, музыка не проста кранала да самай глыбіні душы, а хацелася слухаць і слухаць. Відаць, што гарманіст і сёння жыве сваім захапленнем.

Вольга Пісар, «НЖ»