Святло ў канцы тунэля

Святло ў канцы тунэля

11 октября 2018 2752

Стварэнне любога музея, як правіла, пачынаецца з экспанатаў. Лёс Музея яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку – выключэнне. Ён з’явіўся  дзякуючы Джэку Кагану і Тамары Вяршыцкай – людзям, апантаным вялікім імкненнем данесці праўду і захаваць гісторыю. На той час дырэктар краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая настолькі глыбока ўспрыняла трагедыю вязняў Навагрудскага гета, што не змагла застацца раўнадушнай. Нягледзячы на тое, што не было ні экспанатаў, ні памяшкання, стварыла адзіны ў Беларусі музей Халакосту. Аб тым, як сёння працуе музей, якія праекты рэалізоўвае, наша размова з куратарам Музея яўрэйскага супраціўлення Тамарай Вяршыцкай.

 

– Тамара Рыгораўна, Вы зай­маецеся вывучэннем Халакосту на Навагрудчыне больш за дваццаць пяць гадоў. Чаму менавіта гісторыя яўрэйскай абшчыны стала для вас знакавай?

– Сама гісторыя Халакосту, у тым ліку на Навагрудчыне, яна настолькі глабальная і трагічная і ў той жа час чалавечная, што не пранікнуцца ёю было немагчыма. Але гэта хутчэй лёс, чым мой выбар – проста так склалася. Да 1991 года я нічога не ведала ні пра яўрэяў, ні пра расстрэлы. Магчыма, і не даведалася б, каб не Джэк Каган. Ад яго я – чалавек, для якога вывучэнне гісторыі горада – гэта прафесія, упершыню пачула пра навагрудскае гета і трагедыю яўрэяў. Гэта быў сапраўдны шок. Калі раптам ты для сябе адкрываеш нешта невядомае, трагічнае і настолькі маштабнае і пра гэта ніхто не ведае, спачатку ўзнікае адчуванне разгубленасці, неразумення. Адразу паўсталі пытанні. Як гэта магло здарыцца? Чаму пра гэта ніхто не гаварыў?

Пазнаёміўшыся з лёсамі дзясяткаў яўрэйскіх сем’яў, я ўпершыю па-сапраўднаму ўбачыла простага чалавека ў гады вайны.

 Звычайнага чалавека, без пафаснага гераізму і савецкіх штампаў. Мяне ўразіла, што людзі, якія перажылі настолькі жудасныя моманты, могуць пра гэта гаварыць, расказваць. Яўрэі, і ў першую чаргу жанчыны, расказвалі пра пакуты, здзекі, гвалт і разам з тым пра простыя, бытавыя сітуацыі. І менавіта гэтыя жудасныя ў сваёй праў­дзівасці расказы, на мой погляд, дапамагаюць уявіць рэальную карціну падзей. Сёння, калі іду па вул. Гродзенскай, я ведаю, што вось у гэтым доме ў гады вайны хавалася маладая яўрэйская пара. Юнак і дзяўчына спрабавалі ўцячы ў лес,  але іх схапілі і расстралялі паліцаі. Калі я іду па вул. Міцкевіча, узгадваецца гісторыя маладой яўрэйкі. Яе з сяброўкай немцы вялі на катаванне. Калі на некалькі хвілін немцы адвярнуліся, дзяўчына кінулася ў бліжэйшы двор. На ганку дома стаяла жанчына, якая да вайны працавала настаўніцай у музычнай школе. Яна аддала дзяўчыне сваё паліто і паказала, куды бегчы. А настаўніцу немцы тут жа забілі. І такіх гісторый шмат. Расказваюць іх не толькі  яўрэі, але і людзі, якія былі сведкамі тых страшных па­дзей. Трагедыя яўрэяў – гэта наш агульны боль, і важна, каб памяць аб ёй мы захоўвалі разам.

1_3

– Тамара Рыгораўна, што стала для Вас адпраўной кропкай для ўсведамлення трагедыі яўрэяў Навагрудчыны?

– У 1992 годзе Джэк Каган упершыню прыехаў у Навагрудак, каб даведацца, дзе пахаваны яго  бацькі. Гэта быў панядзелак, краязнаўчы музей не працаваў, і наша сустрэча не адбылася. Джэк Каган папрасіў Рафаіла Калманавіча, сына доктара Гордзіна, даведацца, што ёсць у музеі пра яўрэяў. Пра якіх яўрэяў? Не зразумела я. Я змагла звязацца з Джэкам Каганам і напісаць яму пісьмо. Так пачалася наша перапіска. Звычайныя паштовыя канверты, а ў кожным – 

гісторыя. Паступова Джэк расказ­ваў мне пра даваеннае жыццё яўрэяў, пра расстрэлы, уцёкі праз тунэль.  Па маёй просьбе ён напісаў пісьмо пра акцыі расстрэлу, якое потым было надрукавана ў «Кнізе Памяці». Гэта стала пачаткам… А потым было шмат сустрэч з яўрэямі, якія пачалі прыязджаць у Навагрудак. Дзякуючы гэтым сустрэчам, горад для мяне быццам напоўніўся лёсамі яўрэйскіх сем’яў.

– Ад першай сустрэчы з Джэкам Каганам і да адкрыцця музея прайшло пятнаццаць гадоў. Чаму такі працяглы час? Як  пачыналася стварэнне музейнай экспазіцыі?

– Так  склалася, што, калі ў 90-я гады яўрэі сталі прыязджаць у горад, яны не адчулі падтрымкі ні з боку ўлады, ні з боку грамадства. Людзі проста не былі гатовыя, не ведалі, як да ўсяго гэтага ставіцца. А я не магла іх пакінуць, бо бачыла, наколькі важна для яўрэяў памяць. Я бачыла, як яны шукалі месцы, дзе раней стаялі іх дамы, дзе пахаваны родныя.

Застацца абыякавай я не магла, старалася дапамагаць.

Улады не перашкаджалі, але і не дапамагалі. Разуменне таго, што трэба ўсё захоўваць, было. Але як гэта зрабіць? Для стварэння экспазіцыі неабходны матэрыялы і сродкі, якіх не было. У 2001 годзе ў горадзе студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзілі археалагічныя раскопкі на Малым Замку. Я звярнулася да Сяргея Піваварчыка, які кіраваў работамі, з просьбай правесці раскопкі на тэрыторыі былога гета, каля будынка, дзе сёння размясціўся музей.  Сталі шукаць тунэль, па якім вязні ўцяклі з гета. Знайшлі экскаватар, вырылі траншэю даўжынёй каля дваццаці метраў. Так мы ўбачылі нешта падобнае на тунэль і рэшткі драўляных дошак. Такім чынам  словы Джэка Кагана знайшлі пацвярджэнне. Траншэю мы засыпалі, а праз некаторы час правялі раскопкі ў самім будынку гета. Была зной­дзена лапата, цвікі, лыжка, кафля – гэта былі адзіныя прадметы. Як з гэтага ствараць экспазіцыю?

Я звярнулася да Джэка Кагана с просьбай дапамагчы здымкамі і ўспамінамі. Мы сустракаліся з Джэкам шмат разоў, ён неаднойчы прыязджаў у Навагрудак. Дзякуючы яго падтрымцы, вы­дзеленым ім сродкам, і быў створаны музей. А вось афармленнем экспазіцыі займаўся Сяргей Сіманюкоў, былы дырэктар Дома-музея І з’езда РСДРП у Мінску.

На падставе ўспамінаў Джэка Кагана і Леі Кушнер былі адноўлены імёны жыхароў абодвух пакояў.

[caption id="attachment_76522" align="alignnone" width="800"]Лея Кушнер і яе дачка Эстэр на адкрыцці музея, 2007 г. Лея Кушнер і яе дачка Эстэр на адкрыцці музея, 2007 г.[/caption]

 Рэканструкцыя інтэр’ера баракаў зроблена па чарцяжах і апісаннях Джэка Кагана, удзельнікаў ўцёкаў. На падставе даваенных фотаздымкаў зроблены дэталёвы макет усяго лагера ў цэлым. Добра памятаю дзень адкрыцця музея і Джэка Кагана, яго хваляванне, узрушанасць (уражанне было настолькі моц­ным), калі ён увайшоў у былы барак. На адкрыццё прыехалі 10 чалавек сям’і Кушнер і сама Лея, якая ўцякала праз ту­нэль. У Леі былі хворыя ногі, яна не магла хадзіць. Ніколі не забуду, як унукі падхапілі крэсла і паднеслі бабулю на руках да помніка на вул. Мінскай, дзе пахавана яе маці, якую расстралялі немцы. Прыязджалі і іншыя, хто ўцёк праз тунэль, – Рыва Бернштэйн, Ісраэль Калачак... Шмат было былых партызан атрада Бельскага. На сённяшні дзень ужо сотні нашчадкаў вязняў гета і былых партызан пабывалі ў музеі.

– За гэтыя гады адбылося шмат сустрэч з нашчадкамі вязняў і партызан атрада Бельскага. Раскажыце пра самыя памятныя.

– Больш за ўсё я цаню  ў лю­дзях адкрытаць і шчырасць. Сярод яўрэяў я сустрэла розных людзей, але такіх, як былыя вязні гета Джэк Каган і Ісраэль Калачак, няшмат. Трэба сказаць, што сярод тых, хто перажыў Халакост, ёсць тыя, хто шмат дае інтэрв’ю, каго ўсюды запраша­юць. А ёсць такія, як Ісраэль Калачак. Ён  ніколі не даваў інтэрв’ю, практычна нікому не расказваў пра гета. Расказы такіх людзей вельмі каштоўныя, падзеі ў іх быццам паўстаюць праз гады. Ісраэль Калачак родам з Івянца. У гета на вул. Карэліцкай апынуўся разам з бацькам і цёткай.

Ісраэль быў у ліку тых пяцідзесяці чалавек, каго выбралі для будаўніцтва тунэля.

 А выбіралі людзей моцных і невысокага росту (вышыня ту­нэля 70 сантыметраў). Калі прыйшоў час уцякаць, цётка, якая была вельмі хворай, сказала, што не зможа прапаўзці дзвесце метраў. І яны з бацькам засталіся разам з ёй. На гарышчы, дзе хавалі вырытую зямлю, зрабілі схованку. І калі ўсе ўцяклі, яны восем дзён хаваліся там. Яны чулі, як прыйшлі ў барак немцы і паліцаі, як шукалі ўцекачоў. А калі ўсё сціхла, уцяклі ў лес. Пасля вайны Ісраэль жыў у Мінску, працаваў на заводзе, а ў 80-я гады пераехаў у Ізраіль. Упершыню пра Калачака мы даведаліся толькі ў 2014 годзе, калі ён разам з дачкой прыехаў у Навагрудак. Шмат цікавых сустрэч і знаёмстваў было і сёлета. Напрыклад, я пазнаёмілася з дачкой Юдэля Бельскага. Упэўнена, што ёсць яшчэ многа людзей, пра якіх трэба расказаць.

У чым, на Ваш погляд, задача Музея яўрэйскага супраціўлення?

– Я ўпэўнена, што музей павінен стаць мемарыяльным цэнтрам, накіраваным на захаванне гісторыі і адукацыйную работу з людзьмі. Неабходна, каб былі не проста экскурсіі, патрэбны актуальныя тэмы, якія будуць адказ­ваць на сучасныя запыты, каб вялася шырокая адукацыйная і выхаваўчая работа. І не проста музейныя ўрокі, а такая форма зносін, якую гатова ўспрыняць сучасная моладзь. Работу з групамі, з моладдзю трэба весці так, каб яны адчулі сувязь паміж мінулым і сённяшнім днём. Трэба даць магчымасць чалавеку патрымаць у руках нейкую рэч ці прадмет, які дапаможа ўстанавіць сувязь з падзеямі мінулага, ускалыхнуць пачуцці.

Калі будзе адноўлены ту­нэль, наведвальнікі змо­гуць прапаўзці гэтыя дзесяць метраў пад зямлёй.

І гэта дапаможа кожнаму адчуць і зразумець, што адбывалася ў тунэлі. Упэўнена, сама гісторыя Халакосту на Навагрудчыне накіроўвае ўсіх нас на тое, каб у нашым горадзе з’явіўся мемарыяльны цэнтр па распаўсюджанні адукацыі па Халакосце ў Беларусі. Безумоўна, задача маштабная. Ажыццявіць яе мы можам толькі ўсе разам. І гэта не абавязкова пытанне грошай. Глабальныя рэчы пачынаюцца з дробязей. Я вельмі рада, што ў нашым гора­дзе ўсё больш людзей разумеюць важнасць і неабходнасць Музея яўрэйскага супраціўлення. І не толькі для яўрэяў, але і для нас, жыхароў горада. А, магчыма, у першую чаргу для нас. Многія людзі бачаць вялікае значэнне музея і гатовы дапамагаць.

– 11 кастрычніка  на тэрыторыі музея пройдуць урачыстасці каля Сцяны Памяці. Раскажыце, калі ласка, пра новы помнік і мерапрыемствы, якія адбудуцца.

– Тунэль сам па сабе толькі тунэль. Самае галоўнае – гэта людзі, якія змаглі яго пабуда­ваць і здзейсніць самыя масавыя і паспяховыя ўцёкі з гета ў Беларусі. Хто былі гэтыя лю­дзі, як склаўся лёс кожнага, мы павінны ведаць. 11 кастрычніка ў Навагрудак прыедзе шмат гасцей, нашчадкаў ахвяр Халакосту, партызан атрада Бельскага. Акрыццё Сцяны Памяці, на якой будуць напісаны імёны тых, хто ўцякаў праз тунэль, важная па­дзея для Навагрудчыны.

Гэта наша даніна павагі мужнасці і вялікаму жаданню жыць вязняў навагрудскага гета.

 Гэта наша даніна памяці. Але гэта не завяршэнне работы па захаванні памяці, гэта пачатак. Пачатак нашага ўсведамлення гісторыі Халакосту. Каб трагедыя Вялікай Айчыннай ніколі не паўтарылася, трэба ведаць і помніць яе жудасныя ўрокі. Некалі тунэль падарыў свабоду і жыццё вязням, а сёння яго аднаўленне дае нам надзею знайсці ў сваіх сэрцах святло дабрыні і чалавечнасці. Я цвёрда пераканана, што адшу­каць святло ў канцы тунэля па сілах кожнаму з нас.  

Алена Ганцэвіч, «НЖ»

Варта пачытаць:

Вяртанне  на зямлю продкаў

Бельскія: лёс вялікай яўрэйскай сям’і

Усе матэрыялы праекта "Жыць і помніць":  http://novgazeta.by/category/nashi-proekty/zhyc-i-pomnic/