Свята-Мікольскі кафедральны сабор – галоўны храм Навагрудскага благачыння і цэнтр духоўнага жыцця Навагрудчыны

Свята-Мікольскі кафедральны сабор – галоўны храм Навагрудскага благачыння і цэнтр духоўнага жыцця Навагрудчыны

Свята-Мікольскі кафедральны сабор – галоўны храм Навагрудскага благачыння і цэнтр духоўнага жыцця Навагрудчыны

30 марта 2020 3255

Многімі людзьмі храм успрымаецца выключна як культавы будынак. Аднак гэта не зусім так. Сёння храмы – гэта сапраўдныя духоўна-культурныя цэнтры, дзе адраджаюцца даўнія традыцыі і закладваюцца новыя. Рэдакцыя газеты «Новае жыццё» сумесна з гістарычна-краязнаўчым музеем і рэлігійнымі абшчынамі Навагрудчыны працягвае праект «Духоўная радаслоўная краю». На гэты раз хочацца расказаць пра храм, які толькі 28 гадоў таму стаў кафедральным саборам, але з’яўляецца адным з нямногіх месц, дзе кожны вугалок захоўвае ў сабе вялікую гісторыю, якая налічвае стагоддзі. Размова пойдзе пра Свята-Мікольскі кафедральны сабор – галоўны храм Навагрудскага благачыння.


– Першапачаткова гэта быў каталіцкі касцёл Святога Антоніа. Узведзены ён быў на ахвяраванні Алены Радзівіл у 1780 г. пры манастыры францысканцаў на месцы першага драўлянага касцёла, пабудаванага ў 1434 г., – расказвае старшы навуковы супрацоўнік гістарычна-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. – Месцам пабудовы быў выбраны цэнтр горада, а менавіта паўночны кут Рынкавай плошчы. Пабудаваны з цэглы ў выглядзе карабля.

Праваслаўным сабор стаў у 1846 г. (манастыр не дзейнічаў ужо з 1831 г.). Асвяцілі храм у гонар Мікалая Цудатворцы. Пры гэтым адбылася перабудова сабора, якая і прыўнесла ў яго рысы руска-візантыйскага стылю. Па іншай версіі, рысы гэтага стылю храм набыў пасля пажару 1852 г., калі адбылася яго капітальная перабудова на сродкі вернікаў.

– Менавіта тады замест франтона ў арках вонкавых сцен храма была ўладкавана званіца, якая завяршалася глухім драўляным васьмерыком з цыбульнай главой, – дадала Галіна Тадэвушаўна. – Адбыліся і іншыя змены ў архітэктуры будынка. У рэканструкцыі сабора прынялі дабрачынны ўдзел старэйшыя сыны Аляксандра II, цэсарэвічы Мікалай і Аляксандр.


Па даных 1864 г., да саборнага храма былі прыпісаны Барысаглебская царква, Уваскрэсенская царква ў Навагрудку і сянежыцкая Пакроўская царква. У карыстанні прыхода знаходзілася 78 дзесяцін сядзібнай, ворнай, сенакоснай і выганнай зямлі. Вернікаў у той час налічвалася 4050 чалавек. Дадзеныя 1902 г. паведамляюць аб прыходзе ў больш чым 5600 чалавек.


Кафедральным Свята-Мікольскі сабор стаў у 1992 г. пасля адраджэння Навагрудскай епархіі. На дадзены момант храм двупрастольны. Галоўны прастол асвечаны ў імя Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, бакавы – у імя Святой велікамучаніцы царыцы Аляксандры. У крыптавай частцы знаходзіцца так званы «ніжні храм» – царква ў гонар Святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла. Побач – будынак сястрынства ў гонар Святога Іаана Багаслова з царкоўнай лаўкай.


Са снежня 2002 г. настаяцелем кафедральнага сабора з’яўляецца протаіерэй Анатолій Герасімук. Ён жа – благачынны цэркваў Навагрудскай акругі.


Клірык храма – іерэй Мікалай Лашчэўскі. Усе клопаты прыхода са свяшчэннаслужыцелямі раздзяляюць матушкі Наталля Герасімук і Алена Лашчэўская.

– Статус кафедральнага сабора, вядома, абавязвае. Да таго ж, наш храм уключаны ў дзяржаўны спіс гістарычна-матэрыяльных каштоўнасцей, – гаворыць настаяцель сабора протаіерэй Анатолій Герасімук. – Пасля адраджэння епархіі было шмат зроблена для таго, каб храм быў прыгожы і ўтульны. Адрамантаваны фасад, праведзена ацяпленне, абноўлена ўнутранае ўбранства сабора, добраўпарадкавана тэрыторыя. Адначасова з будаўнічымі работамі мы пачалі дзейнасць па духоўна-маральнай асвеце навагрудчан. Значна аблегчыла нашы старанні падпісанне ў 2003 г. Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.


Тыдзень праваслаўнай кнігі, Свята-Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, Свята-­Елісееўскія духоўна-асветніцкія чытанні – у гэтых і многіх іншых мерапрыемствах юныя і дарослыя прыхаджане сабора не толькі прымаюць самы актыўны ўдзел, але і дапамагаюць у іх арганізацыі.

Свята-Мікольскі кафедральны сабор – цэнтр духоўнага жыцця ўсёй Навагрудчыны і самы вялікі праваслаўны прыход раёна. Пры храме дзейнічае нядзельная школа, якую наведваюць 30 дзетак рознага ўзросту. З 2009 г. працуе цэнтр міласэрнасці ў гонар Свяціцеля Мітрафана Краснапольскага, які аказвае дапамогу малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям, дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, інвалідам і пажылым людзям, арганізуе дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы.


– Сучаснае жыццё кожнага праваслаўнага прыхода актыўнае і насычанае. І нашага таксама. Але ў першую чаргу Свята-Мікольскі кафедральны сабор – гэта дом Божы, – адзначыў айцец Анатолій. – У храме ўсе мы збіраемся для агульнай малітвы і службы Богу. Сам Гасподзь наказаў нам маліцца саборна, гэта значыць усім разам – «Дзе двое ці трое сабраныя ў імя маё, там я пасярод іх».



У кожным храме захоўваюцца свае святыні, якія асабліва шануюцца вернікамі. У навагрудскім саборы маецца адразу некалькі ікон з часцінкамі мошчаў Святых – Мікалая Цудатворцы, Серафіма Сароўскага, Матроны Маскоўскай, віленскіх мучанікаў Антоніа, Іаана, Еўстафія. Сапраўдным творам мастацтва і святыняй з’яўляецца юбілейны звон, устаноўлены ў званіцы сабора ў год 700-годдзя Навагрудскай епархіі. Яго гук разносіцца на ўвесь горад і, сапраўды, лечыць душу.

Шмат гадоў прыхаджанамі Свята-Мікольскага сабора з’яўляюцца Мікалай Уладзіміравіч Патук і Ала Мікалаеўна Гулецкая. Кожную нядзелю і на ўсе святы – яны ў храме і без наведвання дома Божага не ўяўляюць свайго жыцця.


– Шчырымі вернікамі людзі не становяцца проста па жаданні. У некаторых гэты шлях займае ўсё жыццё, і дарога да Бога ў кожнага свая, – лічаць Мікалай Уладзіміравіч і Ала Мікалаеўна. – Мы заўсёды адчувалі Божую міласць і ласку. Калі шчыра верыць і маліцца, Гасподзь абавязкова вас пачуе і дасць сілы пераадолець цяжкасці. Але ніколі нельга забываць і дзякаваць Богу за тое, што маеце, і на ўсё прасіць Божага благаславення. 


– Калі ж гаварыць пра наш храм, то назначэнне настаяцелем айца Анатолія лічым для нас, прыхаджан, вялікім шчасцем, – шчыра кажуць вернікі. – Паглядзіце, які сабор утульны. Тут заўсёды чыста, акуратна. А як жа прыгожа на святы! А вы чулі пропаведзі нашага настаяцеля? Пабудзеш на службе, паслухаеш слова Божае – і на душы становіцца святлей і цяплей. Таму і цягне нас сюды з неверагоднай сілай…

 

– Вельмі радуе, калі ў храме шмат людзей, – падзяліўся напрыканцы бацюшка Анатолій. – Калі народ будзе ўцэркаўляцца, імкнуцца жыць па духоўных законах, наш свет стане лепшым, чысцейшым і прыгажэйшым. І ніякія спакусы, якіх так шмат у сучасным свеце, не скалечаць нашай душы. Жыць з Богам у сэрцы – значыць жыць у любові і міры.

Анастасія Пятрова, «НЖ»

Фота з архіва "НЖ", краязнаўчага музея і адкрытых крыніц.