Сафія Гройсман. Каралева водару з Любчы

Сафія Гройсман. Каралева водару з Любчы

23 ноября 2019 3468
Вялікая Айчынная вайна назаўсёды змяніла жыццё яўрэяў, перакрэсліўшы лёсы, мары, спадзяванні. З 6000 яўрэяў Навагрудчыны пасля вайны ўжывых засталося каля 10 працэнтаў. Людзі, якія перажылі жудасныя гады Халакосту, пачалі ладзіць новае жыццё – многія змаглі не толькі дабіцца поспеху, але і стаць знакамітымі. У новай частцы праекта «Жыць  і помніць» мы раскажам аб лёсе партызан атрада Бельскага і іх нашчадках, аб тых, хто ў цяжкія пасляваенныя гады знайшоў свой шлях, сваё прызначэнне.

Аб тым, што сусветна вядомы парфумер Сафія Ходаш (Грой­сман прозвішча па мужу) родам з Навагрудчыны, напэўна, ведаюць нямногія. Вяртанне самой Сафіі на малую радзіму адбылося толькі ў 2000-я гады, тады і стала вядома, што нара­дзілася і вырасла каралева парфумерыі ў Любчы і Навагрудку.


Сафія Гройсман – хімік, парфумер, аўтар больш чым пяцідзесяці кампазіцый духоў, лаўрэат прэміі «Living Legend Award» Амерыканскага таварыства парфумераў. Сафія Гройсман адзін з самых тытулаваных сусветных парфумераў. За сваю кар’еру яна атрымала пяць парфумерных аналагаў кінематаграфічнага «Оска­ра» – FiFi Awards», яе называюць «лепшым носам Амерыкі», вядомыя парфумеры свету захапляюцца яе талентам.

Пах кветак і дзяцінства

Бацькі Сафіі пазнаёміліся ў 1942 годзе. Пётр Ходаш выратаваў сваю будучую жонку Раісу з гета. Потым яны разам ваявалі ў партызанскім атрадзе імя Жданава, былі ўзнагароджаны медалямі. Пасля вайны сям’я Ходаш спачатку жыла ў Любчы, потым пераехала ў Навагрудак. Дзіцячыя ўражанні Сафіі напоўнены адчуваннем прыгажосці навакольнага свету: шырокія берагі Нёмана, неабсяжныя лугі з мноствам кветак і чыстае паветра. А «парфумерны» вопыт Сафіі пачаўся незвычайна. Валодаючы здольнасцю ўспрымаць і адрозніваць пахі, дзяўчынка па адценні паху беспамылкова выбірала самыя свежыя прадукты, таму маці часта брала яе на базар.

«Час быў складаны, грошай не хапала, і маімі адзінымі цацкамі былі кветкі. Потым былі вучоба, эміграцыя, работа спачатку хімікам-лабарантам, потым першыя крокі як парфумера – але ўсім я абавязана ў першую чаргу сям’і і Беларусі. Гэтыя пахі кветак з дзяцінства ... »

Ужо ў сталым узросце Сафія ўсвядоміла, што менавіта тыя цяжкасці і сціплыя радасці жыцця і загартавалі яе і без таго прабіўны характар, навучылі шанаваць нават самыя маленькія прыкметы прыгажосці ў навакольным свеце.

– Маё знаёмства з Сафіяй адбылося дванаццаць гадоў таму, – расказвае куратар музея яўрэйскага супраціўлення Тамара Вяршыцкая. – У Навагрудак Сафію прывезла яе стрыечная сястра Нелі Ажухоўская, чые родныя ўцякалі праз тунэль навагрудскага гета. Сафія марыла пабываць у Любчы, хаця там не захавалася нічога, што звязана з яе сям’ёй. Для яе гэта была хвалюючая падзея: яна шмат гаварыла пра Беларусь, успамінала родных. Потым мы знайшлі дом у горадзе па вул. Катоўскага, дзе Сафія жыла з бацькамі. Яна нават успомніла, як выглядалі шпалеры ў іх пакоі.

«Мая радзіма – гэта чыстыя паветра і зямля, чысціня на вуліцах Я тут нарадзілася, таму таксама засталася чыстай: не раблю шкоды людзям, гавару праўду ў вочы. Беларусы – народ вельмі добры, сумленны, дружалюбны. Таму пах Беларусі для мяне – гэта празрыстасць, і свежасць, і дабрыня».




Прызванне

У 1960 годзе сям’я Ходаш эмігрыравала ў Польшчу. Пятнаццацігадовая Сафія, якая вучылася ў беларускай школе на выдатна, без цяжкасцей паступіла ў тэхнікум і атрымала ступень бакалаўра аналітычнай і неарганічнай хіміі.  Падчас вучобы Сафія пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Праз пяць гадоў, у 1965 годзе, сем’і Ходош і Гройсман пераехалі ў Амерыку, скарыстаўшыся запрашэннем ад яўрэйскай сям'і, адной з многіх, якіх бацька Сафіі выратаваў з гета падчас фашысцкай акупацыі.

– У Сафіі былі вельмі цёплыя адносіны з бацькам, – узгадвае Тамара Вяршыцкая. – Калі ён цяжка захварэў, яна кінула ўсё і право­дзіла з ім цэлыя дні, якія склалі ў выніку некалькі гадоў.  Сафія старалася заўсёды быць побач. І гэта пры тым, што работа, стварэнне духоў для яе не проста праца – гэта прызванне, сэнс жыцця.

Атрымаўшы адукацыю хіміка, Сафія марыла ў Амерыцы ўладкавацца на работу, каб забяспечыць сябе і бацькоў. І хоць пра парфумерную дзейнасць яна не думала, але так атрымалася, што стала супрацоўніцай лабараторыі ў канцэрне IFF (International Flavors & Fragrances), які з’яўляўся адным з лідараў па вытворчасці парфумерных вырабаў і араматызатараў.

Як любому хіміку, Сафіі падабалася ставіць эксперыменты, і яна пачала складаць свае кампазіцыі, якія былі вельмі ўдалымі. Праз чатыры гады пасля працаўладкавання Сафія Гройсман прайшла парфумерны тэст і стала адным з парфумераў IFF. Тут яна стварыла свае самыя лепшыя духі, у якіх чуецца любоў да жыцця, таму што ў кожныя Сафія ўкладвала частачку сваёй душы.

«Парфумер у першую чаргу павінен быць добрым чалавекам, любіць людзей. У адваротным выпадку яму прамая дарога ў функцыянальную парфумерыю. Ён зможа знайсці выдатны пах для мыла, але яго парфуму не будзе хапаць душы.
А калі няма разумення чалавека, імкнення зрабіць яго шчаслівым – поспеху не будзе».

Сярод духоў Сафіі Гройсман такія вядомыя, як Paris або Yvresse (Yves Saint Laurent), Eternity for Women (Calvin Klein), Trеsor (Lancome), Sotto Voce (Laura Biagotti), Sun Moon Stars (Karl Lagerfeld), Jaipur (Boucheron), Calyx (Prescriptives), White Linen (Estee Lauder), White Diamonds (Elizabeth Taylor) і многія, многія іншыя.


Фантазія важнейшая за веды

Неўзабаве Сафія Гройсман знайшла свой непаўторны стыль, які дапамог ёй зрабіць імя ў сусветнай парфумерыі. Яна дабілася поспеху, заслужыла прызнанне калег. Сваё другое імя ў прафесійным свеце –  Пікаса – яна атрымала за ўнікальны метад работы, нестандартны падыход да стварэння пахаў. Сафія Гройсман адмовілася ад класічнага метаду стварэння водараў. Замест выкарыстання некалькіх соцень кампанентаў, яна пачала развіваць галоўны акорд паху, які ўключаў у сябе толькі некалькі інгрэдыентаў.

Знакамітыя духі Tresor – гэта пах «уверх нагамі»: звычайна ў духах лёгкія, лятучыя рэчывы адчуваюцца першымі, а густыя складаюць шлейф паху. У Tresor першымі нотамі сталі густыя пахі, таму і флакон для гэтага водару – перавернутая піраміда. Tresor можна назваць класікай жаночай парфумерыі.

Водар духоў Сафіі Гройсман у большасці кветкавы або кветкава-фруктовы, бо любімымі кампанентамі ў яе з’яўляюцца кветкі, і пераважна – ружы. І кожны водар па-свойму асаблівы і непаўторны. Яна любіць цытаваць Эйнштэйна: «Фантазія важнейшая за веды», і параўноўвае сваю работу з працай кампазітара.

«Мне вельмі блізкі рамантызм ружы і яе супярэчнасць. Ружа – кветка кахання. Я падумала: чаму ружа павінна быць складанай? Я стала імкнуцца спрасціць ружу».

– Сафія – чалавек творчы і неардынарны, як і яе духі, – адзначае Тамара Вяршыцкая. – Я неаднойчы сустракалася з  Сафіяй, некалькі дзён жыла ў яе студыі ў Нью-Ёрку. Там я ўбачыла вядомага парфумера зусім з іншага боку: імпульсіўная, энергічная Сафія магла гатаваць нам сняданак, займацца гаспадарчымі справамі, дзяліцца сваімі пачуццямі. Яна адначасова можа быць экстравагантнай і вельмі шчырай, яна – непараўнальная  Да прыкладу, Сафія ніколі не выкідвае адзенне. А проста дастае з шафы якую-небудзь рэч дваццацігадовай даўнасці, надзявае яе… і выглядае каралевай.


«PaVetra»

Ёсць у калекцыі Сафіі Гройсман і адзін асаблівы водар, створаны ў гонар краіны, дзе яна нарадзілася. Ён носіць назву «Белая Русь» (або Désir Coulant).

«Гэта свежы, празрысты пах дзяцінства, які я адчувала, калі была дзіцем – у ім ёсць прахалода, асалода...».

Парфумерны брэнд Lambre, прадстаўлены ў 22-х краінах свету, выпусціў «водар Беларусі» з назвай «PaVetra» і паставіў яго на рынак. На ўпакоўцы духоў адціснута выпуклая геаграфічная карта Беларусі.

Звычайная дзяўчынка з Люб­чы Сафія Гройсман  змагла дабіцца немагчымага і стаць каралевай водару. Яна прыдумала 20 найбольш папулярных у свеце духоў, стала віцэ-прэзідэнтам кампаніі International Flavors & Fragrances, штогадовы абарот якой у канцы XX ст. перавышаў 2 млрд долараў. Сафія і сёння працягвае сваю справу, яна вядучы кансультант па спецпраектах кампаніі. Побач з ёй сын і любімыя ўнукі.

Сафія Гройсман – незвычайная жанчына-парфумер, якая стварыла духі, непадуладныя часу. У іх – яна сама, яе чуласць і ўнутраная сіла, велікадушнасць і жаноцкасць і, вядома, здоль­насць любіць.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»