Памяць, увекавечаная нашчадкамі

Памяць, увекавечаная нашчадкамі

16 октября 2018 2127

11 кастрычніка на тэрыторыі экспазіцыі «Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку» адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 75-годдзю з дня ўцёкаў вязняў навагрудскага гета. Аддаць даніну памяці мужнасці і вялікаму імкненню да свабоды вязняў гета сабраліся іх нашчадкі і жыхары горада.

26 верасня 1943 года 232 вязні навагрудскага гета здзейснілі ўцёкі, якія сталі самымі масавымі і паспяховымі на тэрыторыі акупіраванай Еўропы. Мітынг-рэквіем, прысвечаны памятнай даце, прайшоў каля Сцяны Памяці. Новы памятны знак узведзены на тэрыторыі былога гета ў памяць аб мужнасці і стойкасці 232 вязняў.

З розных краін свету ўшана­ваць памяць сваіх блізкіх прыехалі нашчадкі былых вязняў. У першы раз праз 77 гадоў на ра­дзіму продкаў прыехала Цыпора Эрэз, якая нарадзілася ў Навагрудку. Сям’я выехала ў Расію перад самай акупацыяй. Яе прыёмны бацька Натан Янкелевіч уцякаў праз тунэль. З Ізраіля прыехала Нэлі Ажухоўская (Цаўбер), чый бацька Мардэхай і дзядзька Лёва капалі тунэль і ўцякалі праз яго. Разам з Нэлі прыехаў муж Алекс, які таксама перажыў Халакост у Румыніі, і сын Элі. Праз 60 гадоў вярнуліся на малую ра­дзіму сын і дачка былога партызана атрада Бельскага Ісраэля Янкелевіча. У Навагрудку нара­дзілася і Шошана Дальман, якая вучылася ў рускай школе (СШ №2) да пятага класа і пераехала ў Ізраіль у 1960 годзе. Яе баць­ку забралі ў лагер, але ён уцёк, быў партызанам атрада Бельскага. У партызанскім атра­дзе была і яе маці Шыфра. Ушанаваць памяць свайго стрыечнага дзядзькі Тувіі Бельскага прыехаў Зіновій Бельскі з Санкт-Пецярбурга. Яго родная цётка Зельда Бельская таксама была ў гета, а потым у партызанскім атрадзе.

1234_1

– Сёння мы сабраліся разам, каб у чарговы раз успомніць тыя падзеі, якія адбыліся на Навагруд­чыне 75 гадоў таму, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама. – Вайна – гэта заўсёды страх, боль і шматлікія ахвяры, калі дзеці застаюцца сіротамі, а бацькі заўчасна сівеюць. У гады Вялікай Айчыннай вайны Навагрудчына страціла больш за 45 тысяч мірных жыхароў. Страшнай старонкай гісторыі стаў Халакост, знішчэнне мірнага насельніцтва. Але людзі не скарыліся, людзі не падпарадкаваліся, а сталі змагацца. Яркім прыкладам гэтага з’яўляецца яўрэйскае супраціўленне. Нават у тых страшных умовах вязні гета праявілі вялікую волю да свабоды і жыцця. Сёння нашчадкі былых вязняў  знаходзяцца ў розных краінах, якія сталі для іх другой радзімай. Але мы перакананы, што іх карані менавіта тут, на Навагрудчыне. Любая нацыя павінна ведаць сваю гісторыю, бо толькі тыя, хто ведае гісторыю, маюць права на будучыню.дзел у мітынгу прынялі старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатолій Маркевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мішарын, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада, моладзь.

Анатолій Маркевіч выказаў словы падзякі і ўдзячнасці людзям, якія стаялі ля вытокаў стварэння Музея яўрэйскага супраціўлення, – былому вязню гета Джэку Кагану, якога не стала год таму, і куратару Музея яўрэйскага супраціўлення Тамары Вяршыцкай. Дзякуючы ім, сёння мы ведаем гісторыю, неўміручы прыклад мужнасці і сілы духу нашых землякоў.

1234_3

У жніўні 1942 года на вуліцы Карэліцкай быў створаны працоўны лагер, а ў маі, калі расстралялі больш за палову вязняў, тут засталося 232 чалавекі. Яны былі апошнімі яўрэямі ў Навагрудку. Каля чатырох месяцаў упартай працы, 280 метраў кубічных выкапанай зямлі, абуладкаванне вентыляцыі і электрычнага асвятлення, умацаванне тунэля – галодныя і знямоглыя, яны мелі вялікую волю і жаданне жыць. І змаглі ажыццявіць уцёкі праз выкапаны ту­нэль. Яны так арганізавалі ўцёкі, што праз гадзіну ў бараку не засталося нікога, акрамя шасцярых, якія хаваліся на гарышчы. Ужывых засталося 119 чалавек.

Ужо больш за дзесяць гадоў займаецца вывучэннем гісторыі навагрудскага гета і пошукамі наш­чадкаў былых вязняў Бэці Коэн з Ізраіля.  Яе маці Фані Дунец была сакратаром юдэнтрата ў гета і выратавалася праз тунэль.

– Я правяла вялікае даследаванне лёсаў прыкладна 240 яўрэяў, якія выбралі жыццё, – расказала Бэці Коэн. – І гэта гісторыя не толькі тых, хто ўцякаў, гэта гісторыя іх дзяцей, гісторыя другога пакалення. Мая работа пачалася ў 2007 годзе, калі я прыехала ў Навагрудак разам са сваёй сяброўкай. Усё пачалося са спіса, які вызначаў парадак, па якім вязні павінны былі ўцякаць праз тунэль. Я пачала перакладаць імёны з ідзіша на англійскую мову і нават не думала, што гэта зойме дзесяць гадоў. Сустракалася і размаўляла з тымі, хто быў у гета, з іх нашчадкамі, працавала з дакументамі, спецыялістамі па генеалогіі. За час даследаванняў спіс, у якім было 130 імён, дапоўніўся, і зараз у ім больш за 200 прозвішчаў. Лёс 30 чалавек да сённяшняга часу застаецца невядомым. Сабраныя звесткі сталі асновай кнігі, якую я пішу і якая выйдзе ў наступным годзе.

1234_2

Сярод удзельнікаў уцёкаў была і сям’я Кушнераў. Зейдэль, дзве яго дачкі Рая і Лея і сын Ханан. Былы вязень гета Джэк Каган за ўклад у захаванне памяці аб гісторыі навагрудскіх яўрэяў стаў ганаровым грамадзянінам Навагрудка. У гэтым годзе не стала Ісраэля Калачака, які капаў тунэль, але схаваўся разам з бацькам і цёткай на гарышчы і выратаваўся пасля ўцёкаў. Але ў Ізраілі і ЗША яшчэ жывуць чацвёра з уцекачоў.

– Некаторыя з былых вязняў пастараліся закрыць для сябе гэтую старонку свайго жыцця, – адзначыла Тамара Вяршыцкая. – Таму іх нашчадкі доўгі час нічога не ведалі і толькі дзякуючы пошукам Бэці адкрылі для сябе праўду. Мы цэнім гэта і захоўваем памяць пра такіх лю­дзей. Для нас, беларусаў, сённяшняе мерапрыемства – гэта вяртанне нашай гісторыі.

На гэтым гісторыя навагрудскага гета не завершана – і надалей тут будуць сустракацца людзі, устанаўлівацца памятныя знакі. Гісторыя яўрэяў Навагруд­чыны паступова выходзіць з небыцця. Ужо закладзены мемарыяльны сад жаданняў вязняў навагрудскага гета, нараджаецца Сцяна Памяці, а хутка з’явіцца і сам тунэль з экспазіцыяй.  У ліпені 2019 года адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Сцяны Памяці, а ў Налібоцкай пушчы збярэцца больш за 200 нашчадкаў партызан атрада Бельскага.У памяць аб 232 вязнях, якія ажыццявілі самыя масавыя і паспяховыя ўцёкі з гета на тэрыторыі Еўропы, удзельнікі мерапрыемства запалілі свечкі. Дзясяткі свечак былі ўстаноўлены на Сцяне Памяці побач з прозвішчамі былых вязняў. Да Сцяны Памяці ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі.

У той жа дзень у зале Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа прайшла сустрэча нашчадкаў вязняў навагрудскага гета з моладдзю. Жывая размова атрымалася цікавай і эмацыянальнай не толькі для гасцей, але і для юнакоў і дзяўчат. Праз шмат гадоў адны адкрывалі для сябе Навагрудак, другія – невядомыя старонкі гісторыі роднага горада.

1234_4

Настаўніца сярэдняй школы №5 Людміла Макарэвіч  і вучань 11 класа Даніла Панамароў прадставілі ўдзельнікам сустрэчы сваю даследчую работу «Роля яўрэйскай абшчыны ў развіцці інфраструктуры г. Навагрудка канца XIX-пачатку XX стагоддзя».

– Вывучаючы гісторыю нашага горада, я неаднаразова пераконваўся ў тым, што ён быў славуты сваёй талерантнасцю, – расказаў Даніла. – У розныя часы тут знайшлі свой дом беларусы, палякі, літвіны, татары і яўрэі. Сёння яўрэі складаюць толькі 0,01% ад агульнай колькасці насельніцтва. Аднак ад пажылых людзей я часта чуў, што да вайны Навагрудак называлі яўрэйскім мястэчкам. Мяне вельмі зацікавіла, колькі яўрэяў жыло ў горадзе і як яны паўплывалі на развіццё горада. У сваёй рабоце я даследаваў жыццё яўрэйскай абшчыны, бо ўпэўнены, што гэта дапаможа лепш зразумець гісторыю маёй малой радзімы.

Вынікам даследавання Данілы Панамарова стала стварэнне карты горада, на якой нанесены прамысловыя, культурныя і сацыяльныя аб’екты часоў яўрэйскай абшчыны. На памяць аб сустрэчы карта была ўручана гасцям. А яны ў сваю чаргу падзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі аб горадзе.

Як расказала  Нэлі Ажухоўская, шмат гадоў таму яна вучылася ў фінансавым тэхнікуме (сёння ганд­лёва-эканамічны каледж). З асаблівым пачуццём яна ўзгадвала заняткі, сваіх выкладчыкаў, як зай­малася танцамі. Быць бухгалтарам не хацела, бо марыла стаць медыцынскай сястрой. У Ізраілі Нэлі  атрымала адукацыю і стала працаваць медыцынскай сястрой у рэанімацыі. 

З вялікай удзячнасцю госці гаварылі пра жыхароў Навагрудка, уладу, якія шмат робяць для захавання гісторыі яўрэйскай абшчыны. Шчыра дзякавалі за цёплы прыём і магчымасць падзяліцца сваімі ўспамінамі і думкамі.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»

Усе матэрыялы праекта «Жыць і помніць»: http://novgazeta.by/category/nashi-proekty/zhyc-i-pomnic/