Пад час правядзення «прамой лініі» у рэдакцыі «НЖ» з Людмілай Каратай абмяркоўваліся пытанні ўзнікнення, выяўлення і прафілактыкі цукровага дыябету

Пад час правядзення «прамой лініі» у рэдакцыі «НЖ» з Людмілай Каратай абмяркоўваліся пытанні ўзнікнення, выяўлення і прафілактыкі цукровага дыябету

24 ноября 2018 1010

Спецыялісты мяркуюць, што недахоп інфармацыі для хворага дыябетам гэтак жа небяспечны, як і недахоп інсуліну. Таму дзейнасць па прафілактыцы і інфармаванні людзей па праблеме дыябету шырока практыкуецца ў нашай краіне.

скан_нж.бел_0014

Людміла Уладзіміраўна Каратай

16 лістапада ў рэдакцыі нашай газеты адбылася «прамая лінія», прымеркаваная да рэспубліканскай акцыі «Сусветны дзень дыябету-2018: сям’я і дыябет».

Як можна знізіць рызыку развіцця цукровага дыябету ў членаў сваёй сям’і? Калі выяўлены цукровы дыябет: як заставацца здаровым?

Што мы павінны ведаць аб ранніх праяўленнях цукровага дыябету? Якія фактары рызыкі захворвання на цукровы дыябет? Чаму ўзнікае захворванне?

Якія асаблівасці прафілактыкі цукровага дыябету?

На гэтыя і іншыя пытанні адказала ўрач-эндакрынолаг УАЗ «Навагрудская ЦРБ» Людміла Уладзіміраўна Каратай.

Алена Ермакова:

Чаму ўзнікае захворванне на цукровы дыябет і хто ў групе рызыкі?

–  Для выяўлення рызыкі наступлення захворвання прымяняецца спецыяльная анкета, а таксама аналіз крыві на глюкозу і спецыяльны аналіз на глікіраваны гемаглабін. У групе рызыкі па развіцці дыябету знахо­дзяцца: мужчыны з аб’ёмам таліі больш за 94 см і жанчыны з таліяй больш за 80 см; тыя, у каго індэкс масы цела перавышае 28 кг/кв.м., а ўзрост перавышае 40 гадоў; тыя, хто мала рухаецца і не траціць на хадзьбу ў дзень хаця б 20-30 хвілін; тыя, хто няправільна харчуецца. Дадатковы фактар рызыкі – курэнне і ўжыванне алкаголю.

Значэнне маюць і павышаны артэрыяльны ціск, высокі ўзровень халестэрыну, а таксама наяўнасць цукровага дыябету ў сваякоў.

Асабліва асцярожным трэба быць і людзям з іншымі хранічнымі захворваннямі, напрыклад, з панкрэатытам, эндакрыннай паталогіяй.

Калі дыягназ пастаўлены, самае важнае – як мага хутчэй прыступіць да выканання рэкамендацый урача, каб не прапусціць час пачатку лячэння.

Цукровы дыябет першага тыпу развіваецца як у дзяцей, так і ў падлеткаў. Першы пік прыпадае на 5-6 гадоў, другі – на час палавога фарміравання.

А. Ермакова:

Як выявіць у дзіцяці цукровы дыябет? Дзіця не заўсёды можа сказаць пра тое, што яго непакоіць.

–  Існуе класічная трыяда прыкмет цукровага дыябету 1-га тыпу ў дзяцей: шмат п’е, часта ходзіць у туалет (у тым ліку ноччу), худзее нават пры добрым апетыце. Вядома, дзіця не заўсёды можа сказаць, што ў яго баліць. Бацькам трэба быць вельмі ўважлівымі: любая прыкмета, нават змена настрою або паводзін, можа быць звязана з пачаткам захворвання. Напрыклад, дзіця, прыйшоўшы з дзіцячага сада, замест таго, каб, як заўсёды, бегаць і скакаць, кла­дзецца на ложак і кажа, што стамілася – ад гэтага не трэба адмахвацца. Тым больш калі такая сітуацыя паўтараецца. Калі дзіця груднога ўзросту пачынае паво­дзіць сябе неспакойна, патрабуе, каб яго больш кармілі, – гэта таксама фактары, якія павінны насцярожваць. Яшчэ адна прыкмета – ліпкі падгузнік.

На развіццё цукровага дыябету мо­гуць паўплываць і шматлікія знешнія моманты. Напрыклад, увядзенне ранняга, да 4-х месяцаў, прыкорму, ужыванне каш на аснове глютэну, малочных сумесей, дысбаланс вітамінаў, а таксама перанесеныя энтэравірусныя інфекцыі, пастаяннае ўздзеянне вялікай колькасці хімічных злучэнняў.

Ірына Іванаўна, г. Навагрудак:

– У мяне дыябет 2-га тыпу, маю залішнюю масу цела, пачула ў праграме «Жыць здорава», якую вядзе Алена Малышава на канале АНТ, што ў такім выпадку трэба абавязкова прымаць стаціны. Ці магу я прымаць прэпарат «Аторвастатин» і спалучаецца ён з такім прэпаратам, як «Глюкоред фортэ»?

– Перш за ўсё трэба ведаць сваю ліпідаграму. Для гэтага неаабходна здаць аналізы і толькі пасля кансультацыі з участковым урачом-тэрапеўтам або эндакрынолагам прымаць рашэнне па прыёме любога прэпарата. Што тычыцца стацінаў, то пры залішняй масе цела гэтыя прэпараты часта прызначаюцца пацыентам для зніжэння халестэрыну. Але гэта не значыць, што вы павінны прымаць толькі «Аторвастатин». Мы часцей за ўсё рэкамендуем прымаць хворым на цукровы дыябет такія прэпараты, як «Розувастатин», «Розулип», «Розулип плюс». Але, перш за ўсё, я раю вам звярнуцца да нас у палікліклініку і пракансультавацца ў мяне ці ўчастковага ўрача-тэрапеўта.

А. Ермакова:

– Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца цукровы дыябет 2-га тыпу. Якія сімптомы папярэджваюць аб рызыцы развіцця гэтага захворвання? Ці праводзіцца ў Беларусі комплексная работа па раннім яго выяўленні і прафілактыцы і ці можна на ранняй стадыі не дапус­ціць развіцця захворвання?

– Пытанне ранняга выяўлення ЦД 2-га тыпу з’яўляецца адным з найважнейшых у сучаснай дыябеталогіі. Спецыялісты ў розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі,  б’юць трывогу аб позняй дыягностыцы захворвання і лічаць, што па меншай меры ў 40% выпадкаў ЦД 2-га тыпу недадыягнаставаны. Для ацэнкі рызыкі развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу распрацавана спецыяльная шкала – FINDRISK, якая ўключае 8 пытанняў, якія дазваляюць вызначыць 10-гадовую рызыку развіцця дыябету ў канкрэтнага чалавека. Пры вызначэнні фактараў рызыкі аналізуецца ўзрост пацыента, індэкс масы цела, акруж­насць таліі, фізічная актыўнасць, рацыён харчавання, узровень глюкозы ў крыві, спадчыннасць. На падставе атрыманых адказаў робіцца ацэнка сумарнай рызыкі развіцця ЦД 2-га тыпу на працягу наступных 10 гадоў – ад нізкага да вельмі высокага. Найбольш эфектыўным прафілактычным падыходам з’яўляецца ліквідацыя асноўных фактараў рызыкі дыябету ў ходзе змены (мадыфікацыі) ладу жыцця, уключаючы рацыянальнае харчаванне і адэкватныя фізічныя нагрузкі, накіраваныя на зніжэнне масы цела на 5-10% за 3-6 месяцаў. Важным аспектам з’яўляецца індывідуальная антыстрэсавая праграма (паводзіны).

Валянціна, г. Навагрудак:

– Колькі тэст-палосак павінен выпісваць эндакрынолаг?

– Згодна з нарматыўнай базай, сёння пацыентам з цукровым дыябетам 1-й, 2-й і 3-й групы інваліднасці прадугледжана бясплатнае забеспячэнне сродкамі самакантролю (тэст-палоскі). Напрыклад, дзецям, якія атрымлі­ваюць інсулінатэрапію, прадастаўляюцца тры тэст-палоскі на дзень, а дарослым і дзецям, якія атрымліваюць таблеціраваныя цукразніжаючыя сродкі, для самакантролю прадастаўляецца дзве тэст-палоскі на тыдзень. Для дарослых, якія атрымліваюць інсулін – дзве тэст-палоскі на дзень.

Анжаліка, г. Навагрудак:

– Мама хварэе на цукровы дыябет 2-га тыпу. У Інтэрнэце глядзім, як трэба харчавацца пры гэтым захворванні, але розныя крыніцы прапануюць свой спіс таго, што можна і чаго нельга есці. Якія прадукты выбіраць? І ці можна есці буракі і піць кефір?

– Харчаванне пры цукровым дыябеце 2-га тыпу супадае з прынцыпамі здаровага ладу жыцця. Базавыя прадукты – нятлустыя малочныя, агароднінныя стравы, белыя гатункі мяса, рыба. Даказана, што чырвоных гатункаў мяса пры гэтым захворванні лепш пазбягаць. Салодкае, мучное, тлустае трэба выключыць як хворым дыябетам,так і ўсім, хто хоча прытрымлівацца рацыянальнага харчавання. Спосаб пад­рыхтоўкі таксама мае значэнне – лепш тушыць або варыць. Выдатна падыдуць кашы, таксама трэба піць дастаткова вадкасці. Частата прыёму ежы звычайная: сняданак, абед, вячэра. Дапускаюцца перакусы. Буракі можна есці, але не больш за 100-150 г., кефір таксама можна ўжываць, але важная колькасць ежы, якую на працягу дня з’ядае чалавек. Пры гэтым увесь час трэба помніць пра табліцу хлебных адзінак.

Вера Пятроўна, г. Навагрудак:

– Якой павінна быць фізічная нагрузка пры дыябеце, асабліва пры ЦД 1-га тыпу?

– Па-першае, рухомы лад жыцця спрыяе зніжэнню ўзроўню глікеміі і падтрымлівае кампенсацыю вугляводнага абмену. Па-другое, спорт дапамагае спальваць дадатковую энергію, што прыводзіць да збаўлення ад лішняй вагі, ад якой так часта пакутуюць дыябетыкі. Па-трэцяе, фізічныя нагрузкі павышаюць адчувальнасць арганізма да інсуліну, што прыпыняе развіццё захворвання. Але, каб пазбегнуць гіпаглікеміі, заняткі спортам не павінны быць вельмі інтэнсіўнымі. Лепшыя фізічныя нагрузкі для дыябетыкаў – гэта актыўная праца па хаце і ў садзе, працяглыя прагулкі ў парку, хадзьба на лыжах, катанне на веласіпедзе, плаванне. Хоць для ўсіх пацыентаў і існуюць агульныя рэкамендацыі, трэба памятаць, што кожны выпадак захворвання індывідуальны. Любую фізічную актыўнасць неабходна сумяшчаць з кантролем ўзроўню глікеміі. Хачу папярэдзіць, што нельга фізічную нагрузку разглядаць як саму па сабе цукровазніжаючую тэрапію пры ЦД 1-га тыпу, а яе неабходна ўлічваць для прадухілення гіпаглікеміі. Пры дэкампенсацыі ЦД і глікеміі вышэй за 14-15 ммоль/л фізічная нагрузка ўвогуле супрацьпаказана.

 

Алена ЕРМАКОВА, «НЖ»