Навагрудчане далучыліся да праекта «Беларусь помніць»

Навагрудчане далучыліся да праекта «Беларусь помніць»

02 июля 2019 2316

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ў 2019-2020 гадах рэалізуе рэспубліканскі патрыятычны праект «Беларусь помніць», прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Адно з мерапрыемстваў шматступеньчатага праекта – інтэрнэт-чэлендж фатаграфій, удзельнікамі якога на Навагрудчыне сталі каля 200 чалавек.

– Праект «Беларусь помніць» накіраваны на аднаўленне і захаванне гістарычнай памяці аб гераічных подзвігах, гісторыі і лёсах кожнага беларуса, хто ўнёс свой уклад у вызваленне краіны і Вялікую Перамогу, – расказала першы сакратар раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Вольга ШНІГІР. – Хто не памятае гісторыі сваёй краіны – той не мае будучыні. Беларусь помніць і шануе Вялікую Перамогу, якая аб’яднала і заўсёды будзе аб’ядноўваць людзей рознага ўзросту і пакаленняў, колькі б часу ні прайшло. Мы гэтай памяці верныя, захоўваем яе ў кожным доме, кожнай сям’і, дзелімся ўспамінамі нашых родных. Адно з мерапрыемстваў праекта – інтэрнэт-чэлендж фатаграфій, удзельнікамі якога на Навагрудчыне сталі каля 200 чалавек. Дзеці, моладзь і дарослыя расказваюць пра сваіх прадзедаў, дзядоў і бацькоў, якія засталі страшныя часы Вялікай Айчыннай вайны, не пакарыліся заваёўнікам, а кожны па-свойму змагаліся за мірнае неба над галавой. Сярод удзельнікаў Дзяніс Шах і Валерыя Логін. 

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да інтэрнэт-чэленджу фатаграфій, які праходзіць у сацыяльных сетках. Каб стаць удзельнікам праекта, неабходна размясціць архіўную фатаграфію члена сям’і – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны і дапоўніць гэты пост інфармацыяй аб тым, хто на здымку, кім гэты герой быў у час вайны, расказаць пра яго ўзнагароды. Не забудзьце напісаць некалькі слоў і пра сябе. Пад фота неабходна абавязкова паставіць хэштэг #Беларусьпомнит і перадаць эстафету памяці сваім сябрам.

Валерыя Логін закончыла 8 клас гімназіі №1. Выдатніца, захапляецца гісторыяй, актыўная ўдзельніца алімпіяднага руху, розных творчых конкурсаў і праектаў.

1_3.jpg1.png  

– Мой прадзядуля Міхаіл Канстанцінавіч Бондар нарадзіўся ў 1924 го­дзе ў в. Сянежыцы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было ўсяго 17 гадоў, – кажа Валерыя. – Па расказах свайго дзядулі Уладзіміра Міхайлавіча, я ведаю, што прадзядуля на фронт быў прызваны ў снежні 1944 г., служыў на 1-м Беларускім фронце, быў спецыялістам палявых кабельных ліній. Дайшоў да ракі Одэр. Тут прадзядуля быў паранены і трапіў у шпіталь у г. Ленінградзе. Вярнуўся на сваю малую радзіму ў в. Сянежыцы, усё жыццё працаваў у калгасе. Пра вайну шмат не расказваў – не мог, пачынаў плакаць. У прадзядулі шмат узнагарод – медаль «За адвагу», ордэн Айчыннай вайны, знак «Ветэран вайны 1941-1945 гг.», медаль Г.К. Жукава і інш. Было шмат юбілейных медалёў. Мы павінны шанаваць памяць пра ўсіх, хто аддаў сваё жыццё, дзеля мірнага неба над галавой. Тых, хто прайшоў франтавымі дарогамі, застаўся жывы і аднаўляў краіну пасля вайны.

Дзяніс Шах – малады ўрач, загадчык зубапратэзнага аддзялення стаматалагічнай паліклінікі УАЗ «Навагрудская ЦРБ». У 2016 г. заняў І месца ў абласным конкурсе «Лепшы стаматолаг» і ІІ месца ў рэспубліканскім. У планах урача – паступіць у клінічную ардынатуру і займацца навуковымі даследаваннямі.

1_2.JPG1_1.jpg

– Мой прадзядуля Павел Васільевіч Жыгала нарадзіўся ў в. Пуцэвічы Навагрудскага раёна ў 1914 годзе, – расказвае Дзяніс. – На службу ў армію быў прызваны ў 1943 г. Прымаў удзел у вызваленні Беларусі, Польшчы. У 1945 г. атрымаў раненне ў Кёнігсбергу і некалькі месяцаў знаходзіўся там у шпіталі. На радзіму вярнуўся летам 1945 г. Жыў у в. Гагарына, працаваў у калгасе. На жаль, мне не давялося ўбачыць прадзядулю ўжывых, пра яго мне расказвала мая бабуля Ніна Паўлаўна (яго дачка). У прадзядулі шмат баявых і працоўных узнагарод. Медаль «За адвагу», знак «Ветэран вайны 1941-1945 гг.», медаль Г.К. Жукава, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння маршала і інш. Шмат юбілейных медалёў. Дзень Перамогі – адно з самых галоўных свят у нашай сям’і. Толькі дзякуючы ім – салдатам Перамогі – мы зараз жывём у мірнай і прыгожай краіне.

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, “НЖ”