Навагрудак у чаканні юбілею. За круглым сталом у рэдакцыі газеты «Новае жыццё» абмеркавалі, як горад рыхтуецца да сустрэчы знамянальнай даты

Навагрудак у чаканні юбілею. За круглым сталом у рэдакцыі газеты «Новае жыццё» абмеркавалі, як горад рыхтуецца да сустрэчы знамянальнай даты

Навагрудак у чаканні юбілею. За круглым сталом у рэдакцыі газеты «Новае жыццё» абмеркавалі, як горад рыхтуецца да сустрэчы знамянальнай даты

22 сентября 2019 2169

Апошнія месяцы Навагрудак жыве ў чаканні свайго 975-а дня нараджэння, які будзе адзначацца 5 кастрычніка. Старажытны і самабытны, прыгожы і малады, наш горад шмат у чым падобны на добры i ўтульны дом. І, вядома, галоўная адказнасць за парадак і дабрабыт у гэтым «доме» ляжыць на яго жыхарах. Напярэдадні юбілею за круглым сталом у рэдакцыі газеты «Новае жыццё» сабраліся прадстаўнікі ўсіх службаў, каб абмеркаваць, як горад рыхтуецца да сустрэчы знамянальнай даты.


Аляксандр Грыц, намеснік старшыні райвыканкама:

– Штогод у Навагрудку праводзяцца работы па добраўпарадкаванні горада і стварэнні камфортных умоў для навагрудчан і турыстаў. Шэраг работ праведзена і ў бягучым годзе. Так, закончана асфальтаванне вул. Свердлава, Інтэрнацыянальнай, Катоўскага. Праведзена частковае асфальтаванне вул. Індустрыяльнай і Гродзенскай. Абноўлена тратуарная плітка на ўчастках вул. Міцкевіча: ад плошчы імя Леніна да камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, ад аўтавакзала да вул. Юбілейнай. Вядома, камунальныя службы пастаянна падтрымліваюць вуліцы ў чысціні, займаюцца іх азеляненнем.

Ажыццяўляем абуладкаванне ў горадзе прыгожых зон адпачынку. Сёлета працягнута добраўпарадкаванне тэрыторыі возера Маладзёжнае. У скверы каля плошчы імя Леніна нядаўна былі завершаны будаўнічыя работы па рэканструкцыі Помніка Невядомаму Салдату і азеляненні тэрыторыі.

Дынамічна развіваюцца гарадскія мікрараёны «Паўднёвы Захад 2» і «Мітраполь». Таму было вырашана на перасячэнні вул. Міцкевіча і Драздовіча па праекце ТАА «Відзі-Арх» абуладкаваць сквер. У рамках рэспубліканскага экалагічнага форуму тут была створана альпійская горка, а таксама пасаджана алея туй, прысвечаная сям’і і сямейным каштоўнасцям. Зараз работнікамі будаўніча-мантажнага ўпраўлення вядзецца ўкладка дарожак. Таксама будуць устаноўлены лаўкі і ліхтары. Завяршыць усе работы плануецца да святкавання 975-годдзя горада. Новы аб’ект будзе ўрачыста адкрыты якраз падчас юбілейных мерапрыемстваў.

Спадзяюся, што жыхары Навагрудка таксама прымуць удзел у падрыхтоўцы горада да юбілею і навядуць парадак на тэрыторыі сваіх дамоў. Мы чакаем шмат гасцей, і хочацца, каб ва ўсіх засталіся толькі прыемныя ўражанні ад нашага горада.



Марына Шабановіч, начальнік аддзела культуры райвыканкама:

– Адной з самых яркіх падзей стане ўрачыстае адкрыццё свята, якое рыхтуе Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр». Цырымонія складаецца з некалькіх частак. Першая – тэатралізаваны пралог. Гледачам будзе прадстаўлена некалькі легенд і гісторый пра наш горад. Паверце, гэта будзе незабыўнае шоу. Другая – афіцыйнае адкрыццё з удзелам ганаровых гасцей. Трэцяя – праграма музычнага тэатра, удзел у якой прыме таленавітая скрыпачка Маймуна. Хачу адзначыць, што ўся цырымонія будзе праходзіць пад жывую музыку ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Таксама раю абавязкова наведаць выступленне Заслужанага калектыву «Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», якое будзе ўключаць не толькі выкананне музычных кампазіцый, але і пляц-парад. Увечары радаваць навагрудчан і гасцей сваёй творчасцю будуць арт-група «Беларусы», Вольга Плотнікава і група «Тяни-Толкай».

Асобна хочацца выдзеліць фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Меч караля». Наведвальнікаў чакае поўнае пагружэнне ў атмасферу беларускага Сярэднявечча – гістарычная рэканструкцыя рыцарскіх турніраў і бітваў, паходнага побыту, а таксама музыка і танцы. У праграме аўтэнтычнага фестывалю відовішчныя спаборніцтвы апранутых у даспехі рыцараў, масавыя баі пешых рыцараў (бугурты), турніры конных рыцараў, алебардыстаў і лучнікаў. У чашы Замка будзе абуладкаваны сапраўдны сярэдневяковы горад. Можна будзе пакатацца на конях і паслухаць сярэдневяковую музыку, паглядзець прадстаўленні вулічнага і танцавальнага тэатраў.  Адзін з удзельнікаў фестывалю – рыцарскі клуб «Вількамір».

Святкаванне юбілею будзе вельмі маштабным і праходзіць увесь дзень на розных пляцоўках горада. Кульмінацыяй стане вогненна-піратэхнічнае шоу з хадулістамі і святочны салют.




Анатолій Ліннік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама:

– Юбілей горада стане святам, якое аб’яднае людзей розных пакаленняў і прафесій, нацыянальнасцей і веравызнання. Безумоўна, мы чакаем шмат гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі і замежных краін. Удзел у юбілейных мерапрыемствах прымуць дэлегацыі гарадаў-пабрацімаў Эльблонга і Прэная. Ганаровыя госці свята – знакамітыя ўраджэнцы горада, кіраўніцтва краіны і вобласці.

Адметнасцю свята стане фестываль нацыянальных культур «Шматнацыянальная Навагрудчына. Сэрцы, якія гучаць ва ўнісон», які ўпершыню пройдзе ў нашым горадзе. Свае традыцыі і культуру прадставяць беларусы, украінцы, палякі, татары з нашага і суседніх раёнаў. Госці фестывалю не толькі змогуць убачыць прыгожыя творчыя нумары з нацыянальным каларытам, але і паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні. Музычны падарунак гасцям фестывалю падрыхтуюць удзельнікі народнага хору Рэспублкі Беларусь імя Цітовіча.

Рыхтуюцца да свята і грамадскія арганізацыі раёна. Так, раённая арганізацыя ГА «БРСМ» запрашае ўсіх аматараў прыгод і творчасці праявіць сваё майстэрства ў конкурсе паветраных змеяў «Ружа вятроў». Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні святочных мерапрыемстваў прымуць прадстаўнікі прафсаюзаў, раённых арганізацый ГА «Белая Русь» і  «Беларускі саюз жанчын».



Алена Пярко, начальнік аддзела прамысловасці, эканамічнага аналізу і прагназіравання ўпраўлення эканомікі, гандлю і паслуг райвыканкама:

– Падрыхтоўку  да юбілею горада прамысловыя прадпрыемствы раёна пачалі яшчэ напрыканцы мінулага года. Каб парадаваць і здзівіць навагрудчан і гасцей, навагрудскія вытворцы прыступілі да работы над новымі відамі прадукцыі. І ўжо сёлета такую прадукцыю можна ўбачыць на паліцах магазінаў. Так, філіял «Навагрудскія Дары» з чэрвеня пачаў рэалізацыю звышцвёрдага сыру «Пармезан», а Навагрудскі хлебазавод выпусціў хлеб «Суседскi новы» і новы батон «Каларытны». Прыватныя прадпрыемствы таксама распрацавалі і наладзілі выпуск навінак. ТАА «ПравітБел» з лютага гэтага года стала вырабляць катлеты агароднінныя са шпінатам і брокалі, ТАА «Навафудплюс» выпусціла новую лінейку сыравэнджаных каўбас – «Любімая», «Варшаўская», «Іспанская». Усе гэтыя навінкі створаны спецыяльна да юбілею – на іх упакоўцы маецца спецыяльны святочны знак. А вось ААТ «БелКрэда» ў юбілейны год радуе пакупнікоў новымі калекцыямі мужчынскага і жаночага адзення. Безумоўна, знак з лічбай 975 можна ўбачыць і на прадукцыі іншых прадпрыемстваў горада.

А ў дні юбілею на аб’екты гандлю і грамадскага харчавання будзе ўскладзена адказная задача – забяспечыць гасцей смачным і разнастайным харчаваннем і ўсім спектрам тавараў. На плошчы будуць працаваць летнія кафэ, кропкі грамадскага харчавання, арганізавана работа выязнога гандлю. Чакаецца, што ў наш горад прыедзе вялікая колькасць гасцей. Прадрыемствы гандлю і грамадскага харчавання гатовы да такога павышанага попыту. Асартымент і аб’ём тавараў будзе павялічаны ва ўсіх магазінах, працаваць аб’екты гандлю будуць у адпаведнасці са святочным графікам.



Ганна Туровіч, дырэктар гістарычна-краязнаўчага музея:

– Урачыстае адкрыццё памятнага знака «Уязная брама» адбудзецца 5 кастрычніка ў дзень святкавання 975-годдзя Навагрудка. Падобная ўязная брама (арка) у Навагрудку была пабудавана ў 1929 годзе з нагоды прыезду ў горад Прэзідэнта Польскай Рэспублікі Ігнація Масціцкага. Праўда, знаходзілася яна над дарогай пры ўездзе ў Навагрудак з боку Баранавіч. Сучасная ўязная брама – гэта знак памяці, які будзе адлюстроўваць багатую гістарычную і культурную спадчыну нашага горада. У старажытныя часы ўязныя брамы займалі важнае месца ў жыцці гарадоў. Калі непрыяцель авалодваў варотамі, горад ужо не мог выстаяць.

У красавіку каля знака «Уязная брама» была ўстаноўлена скульптура «Абаронца горада». Бронзавага рыцара вышынёй 3 метры і вагой крыху больш за тону вырабіў беларускі скульптар Генадзь Буралкін.

Разам з тым мы запрашаем гасцей горада і навагрудчан да нас у музей. Сумесна з Гродзенскім дзяржаўным гістарычна-археалагічным музеем мы арганізоўваем выстаўку, якая прысвечана гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. У фотагалерэі музея будзе працаваць выстаўка «Гартаючы старыя старонкi». Спадзяюся, многіх зацікавіць дэфіле «Час праходзіць – мода застаецца», якое прадэманструе сярэдневяковы строй. Яшчэ нашы супрацоўнікі правядуць інтэрактыўныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Навагрудчыны і па музеі пад адкрытым небам «Страчаная спадчына».


Мікалай Гайба, дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча:

– Трэба сказаць, што Дом-музей Адама Міцкевіча літаратурнага профілю і тут праходзяць літаратурныя сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі і, бясспрэчна, з паэтамі – ураджэнцамі Навагруд­чыны. Таксама з мэтай папулярызацыі іх творчасці і адкрыцця новых імён у галіне літаратуры ладзіцца актыўная выставачная дзейнасць. У рамках святкавання юбілею нашага горада будзе рэалізаваны праект «Літаратурны Алімп Навагрудчыны». Мы запрашаем усіх навагрудчан і гасцей на літаратурна-музычную кампазіцыю «Жанчыны-музы ў жыцці Адама Міцкевіча», якая падрыхтавана супрацоўнікамі нашага музея. Шмат літаратараў запрасілі мы на свята. Свой творчы вечар правядзе ў музеі і пазаштатны карэспандэнт газеты «Новае жыццё» Таццяна Яцук, ураджэнка вёскі Радагошча, месца, якое непасрэдна звязана з імем Адама Міцкевіча. На вершы Таццяны Яцук напісаны музычныя творы, яны таксама будуць прадстаўлены наведвальнікам музея.

У паэтычнай гасцёўні выступяць паэты – Алесь Гоцка, Ганна Валенцік, Святлана Абдулаева, Міхась Зізюк. Правядуць прэзентацыю кніг, а таксама літаратурны марафон паэт Мікалай Герасімаў і яго жонка паэтэса Ала Ярмак. Запрасілі да ўдзелу ў святочным мерапрыемстве і многіх іншых паэтаў Гродзеншчыны.




Алена Ганцэвіч, Вольга Пісар, Анастасія Пятрова, "НЖ"