Андрэеў Пётр Арцёмавіч. Настаўнік, салдат, паэт

Андрэеў Пётр Арцёмавіч. Настаўнік, салдат, паэт

Андрэеў Пётр Арцёмавіч. Настаўнік, салдат, паэт

04 марта 2020 2764
Для кожнага чалавека слова «школа» не проста набор гукаў. У адных яно асацыіруецца з урокам, у другіх з халоднай вераснёўскай раніцай, для трэціх – з настаўнікам. З тым настаўнікам, які не толькі дае ўрокі і строга кантралюе іх выкананне, а які вучыць жыць,вучыць быць чалавекам, кожны дзень пацвярджаючы гэта сваім жыццём і кожны дзень павялічваючы чалавечы і педагагічны аўтарытэт у вачах  сваіх вучняў.
Screenshot_2019-04-25-16-34-18.jpg
Для тых 417 выпускнікоў Масцішчанскай СШ, сярод якіх і я – аўтар гэтага артыкула – такім настаўнікам быў, ёсць і будзе Андрэеў Пётр Арцёмавіч. Лёс не быў літас­цівым да гэтага чалавека. Нарадзіўся Пётр Арцёмавіч у 1923 годзе. Працоўны шлях пачаў ён у 1940 годзе настаўнікам фізікі і матэматыкі Бельскай НСШ (няпоўнай сярэдняй школы) Дрыбінскага раёна. Але папрацаваць прыйшлося нядоўга: амаль з першых дзён вайны ў 1941 і па май  пераможнага 1945 года  Пётр Арцёмавіч  змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.Пасля Перамогі іншага лёсу не шукаў – вярнуўся за настаўніцкі стол да любімай справы. Два гады працаваў настаўнікам  у Дабучанскай НСШ Пружанскага раёна, а з 1947 года лёс прывёў яго на Навагрудчыну. Спачатку Пётр Арцёмавіч працуе настаўнікам Куравіцкай НСШ, затым завучам Рэцямлянскай НСШ, потым дырэктарам Рэцямлянскай вячэрняй школы сельскай моладзі, а праз некаторы час дырэктарам Рэцямлянскай НСШ. 
Тут, на Навагрудчыне, Пётр Арцёмавіч  спаткаў сваё каханне – Ніну Ігнацьеўну, з якой пражыў доўгае і шчаслівае жыццё. Да 1965 года Пётр Андрэеў працуе на адміністрацыйных пасадах, а з 1968 года стаў настаўнікам Масцішчанскай СШ.
Не адно пакаленне вучняў пераймала ў настаўніка не толькі асновы навук, але спасцігала чалавечую мудрасць, дасціпнасць і гуманізм. Захаплялі яго аповеды пра зорныя сістэмы і пазазямныя цывілізацыі, сухія законы фізікі з яго вуснаў паўставалі канкрэтнымі вобразамі. А яшчэ  яго незабыўныя вершы – яркая лірыка, прасякнутая мясцовым каларытам, якая кранае сваёй непасрэднасцю. Вершы друкаваліся на старонках раённай і рэспубліканскіх газет і часопісаў. Паэтычны талент дазваляў настаўніку (пры пэўнай настойлівасці) стаць членам Саюза пісьменнікаў, але  гэта не ўяўляла каштоўнасці для Пятра Арцёмавіча. 
Для вучняў, калег, аднавяскоўцаў Пётр Андрэеў быў чалавекам-легендай. Яго ведалі  ўсе, паважалі, любілі. А вучні імкнуліся да ведаў па прадметах, што ён выкладаў: у адных гэта атрымлівалася, у другіх не зусім, але абыякавых не было. Сакральнае слова Пятра Арцёмавіча «лоботряс»  ставіла на месца самага  «адпетага» хулігана.
А вайна? Яна засталася з ветэранам, засталася як вопыт, як памяць, як боль.Тыя, хто прайшоў яе дарогамі, не любілі пра гэта гаварыць, напэўна, прывабнага і цікавага там было мала, але з гэтым прыходзілася лічыцца і жыць.
Напісанае застаецца, пасеянае прарастае… Пакуль жывуць вучні, пакуль гучаць вершы, будзе жыць памяць пра чалавека, салдата, настаўніка.
Алег Анікевіч
Фотаздымкі Н. Бусько