Міхаіл Міхайлавіч Карповіч адзначае 90-гадовы юбілей

Міхаіл Міхайлавіч Карповіч адзначае 90-гадовы юбілей

Міхаіл Міхайлавіч Карповіч адзначае 90-гадовы юбілей

05 мая 2020 2150

5 мая адзначае 90-гадовы юбілей выдатны педагог, былы дырэктар Любчанскай сярэдняй школы, сапраўдны майстар сваёй справы, выдатнік народнай адукацыі, эталон мудрасці, дабрыні і справядлівасці Міхаіл Міхайлавіч Карповіч. Сёння шчырыя словы ўдзячнасці, любві, цёплыя віншаванні і пажаданні толькі для Вас, паважаны, дарагі і любімы Міхаіл Міхайлавіч.

Імя Міхаіла Карповіча добра вядома не толькі ў г.п. Любча, Навагрудку, але і далёка за межамі раёна. Больш за 50 гадоў жыцця ён прысвяціў працы ў Любчанскай сярэдняй школе. На працягу 20 гадоў узначальваў школу, а пазней загадваў народным музеем Любчанскага краю.


Асноўныя вехі біяграфіі

Нарадзіўся Міхаіл Міхайлавіч Карповіч у 1930 г. у в. Антонаўка Асташынскага сельсавета Любчанскага раёна. У 1946 г. закончыў сем класаў беларускай школы ў в. Поўбераг і паступіў у Навагрудскае педвучылішча. З 1949 г. працуе настаўнікам пачатковых класаў Яварскай сельскай школы Дзятлаўскага раёна. Праз год прызваны ў армію, служыў на Далёкім Усходзе. З 1952 г. працуе настаўнікам у Любчанскай СШ і паступае ў Вільнюскі настаўніцкі ўніверсітэт. Пазней была вучоба ў Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. У 1965-1971 гг. працуе дырэктарам Любчанскай СШ, 1971-1975 гг. – намеснік старшыні калгаса «Камунар», узначальвае партыйны камітэт, 1975-1979 гг. – настаўнік гісторыі, 1979-1984 гг. – дырэктар вучэбнага вытворчага камбіната, з 1984-1998 гг. – дырэктар Любчанскай СШ і загадвае народным музеем Любчанскага краю.


Пэўны час працаваў спартыўным інструктарам у калгасе, узначальваў спартыўнае таварыства. Міхаіл Міхайлавіч – выдатнік фізічнай культуры і спорту СССР, прымаў удзел у першай спартакіядзе народаў СССР, якая праходзіла ў 1956 г. у Адэсе.

Менавіта дзякуючы яго намаганням у Любчы праводзілася 1-я сельская спартакіяда Беларусі.


За плённую працу ў скарбонцы Міхаіла Міхайлавіча не адзін дзясятак узнагарод: граматы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Міністэрства асветы СССР,  абласнога ўпраўлення адукацыі, ганаровае званне «Выдатнік народнай адукацыі», медаль «За доблесную працу», яго імя занесена ў энцыклапедыю «Хто ёсць Хто у Рэспубліцы Беларусь», Кнігу Гонару Навагрудскага раёна і Гродзенскай вобласці.

Аднак самая вышэйшая ўзнагорода – гэта любоў і павага вучняў, калег, знаёмых, блізкіх і родных людзей.


Прызванне – вышэйшая ўзнагарода 

– З чаго пачынаецца школа? Школу немагчыма ўявіць без вучняў і дырэктара, – гаворыць былы завуч Любчанскай СШ Марыя Іванаўна Машчар. – Міхаіл Міхайлавіч Карповіч на працягу 20 гадоў быў сапраўдным гаспадаром нашай навучальнай установы. Галоўная якасць, якая дазваляла яму паспяхова кіраваць школай, – гэта паважлівае стаўленне да кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу: вучня, настаўніка, бацькоў. Наша школа заўсёды была на добрым рахунку, шмат было пераможцаў алімпіяд,  медалістаў, былі і спартыўныя дасягненні. Ён прыкладаў нямала сіл, каб школа стала сапраўдным цэнтрам адукацыі. І гэта ў яго атрымалася. Працуючы дырэктарам школы, Міхаіл Міхайлавіч праявіў сваё майстэрства і лепшыя якасці кіраўніка, што дазволіла нашаму педагагічнаму калектыву вырасці ў дружную і згуртаваную каманду, здольную вырашаць любыя пытанні навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Пад яго кіраўніцтвам працавалася заўсёды лёгка, бо гэта чалавек высокаінтэлігентны, адданы працы і школе. Я вельмі рада, што мне давялося працаваць пад кіраўніцтвам такога выдатнага чалавека.


– У кожнага з нас ёсць чалавек, чый уплыў адчуваеш на працягу ўсяго жыцця. І нават будучы дарослымі і самастойнымі людзьмі, мы вучымся ў такіх лю­дзей. Для большасці з нас, настаўнікаў Любчанскай сярэдняй школы, такім узорам быў і застаецца наш паважаны і любімы Міхаіл Міхайлавіч Карповіч, – адзначаюць настаўнікі Таццяна Талака, Ніна Ярмац, Святлана Бушміч, Марына Ляўша. – Яго жыццё заўсёды было напоўнена самымі рознымі падзеямі і багата разнастайнымі дасягненнямі. Пра Міхаіла Міхайлавіча можна гаварыць вельмі доўга, шмат і толькі добрае. Мы прыйшлі працаваць у школу ў розныя гады, але вельмі ўдзячны лёсу, які нас звязаў з апантаным сваёй справай чалавекам. Нас заўсёды здзіўлялі яго энергія, запал, уменне разумець людзей, заўважаць у кожным лепшае, падтрымліваць словам і справай. Ён быў не толькі настаўнікам, дырэктарам, хапала часу выконваць грамадскія абавязкі. 


Захоплены ідэямі турызму і краязнаўства, не страціўшы маладога задору нават у сталым узросце, усё сваё жыццё аддаваў збіранню і захаванню скарбаў роднай зямлі. За кожным экспанатам – часцінка жыцця, сустрэчы, паездкі… Народны музей Любчанскага краю – гэта крыніца натхнення, аб’ект агульнай працы М.М. Карповіча, педагогаў і вучняў школы. Без перабольшання – сёння гэта гістарычна-краязнаўчы цэнтр нашага пасёлка. Штогод музей прымае каля тысячы наведвальнікаў не толькі з Навагрудчыны, Беларусі, а таксама з блізкага замежжа. Ёсць у музеі кніга водгукаў, дзе не сотні, а тысячы падзячных слоў за памяць і гонар за сваю малую радзіму.


Міхаіл Міхайлавіч штогод з вучнямі школы арганізоўваў паходы, а таксама велапаходы і велапрабегі. Нават у свае 75 гадоў ён з намі ездзіў у велапаход на Чарэшлю, а вярталіся мы заўсёды праз яго малую радзіму, праз в. Антонаўку (зараз Вераб’евіцкі сельсавет).

Нягледзячы на ўзрост, жыццесцвярджальная жыццёвая пазіцыя нашага паважанага дырэктара не змянілася. Загараюцца вочы радасцю і маладым задорам, калі яго наведваюць вучні, якім па 70 гадоў. А вось самая найвышэйшая ўзнагарода для Міхаіла Міхайлавіча – удзячнасць вучняў, якія ў любым узросце застануцца для яго хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якіх ён вучыў слухаць і думаць, «ціха хадзіць па калідорах».


Разам з жонкай, паважанай Сафіяй Ільінічнай, яны крочаць па жыцці. Гонар, надзейная падтрымка і апора – іх дзеці, унукі.

Паважаны, Міхаіл Міхайлавіч! Ад усіх настаўнікаў і былых калег, работнікаў  школы прыміце самыя добрыя і шчырыя віншаванні з юбілейным днём нараджэння! Здароўя вам, дабра, шчасця! Мы вас любім!


– Любчанская школа – родная школа, яна займае важнае месца ў жыцці ўчарашніх яе выпускнікоў, а сёння – настаўнікаў. А дырэктар школы Міхаіл Міхайлавіч заўсёды быў і застаецца прыкладам для пераймання, – з гонарам гавораць былыя вучні Разалія Літвін, Людміла Разумава, Святлана Карпейка, Жанна Бедункевіч, Анатолій Каржанеўскі. – За сваю гісторыю наша школа дала пуцёўку ў жыццё тысячам выпускнікоў, якія сталі ўрачамі, настаўнікамі, ваеннаслужачымі і проста добрымі людзьмі.


Юбілей – важная дата ў жыцці кожнага чалавека. Гэта свята мудрасці і багатага жыццёвага вопыту. Паважаны Міхаіл Міхайлавіч, прыміце шчырыя віншаванні і пажаданні ўсяго найлепшага: моцнага здароўя, даўгалецця, аптымізму і дабрабыту ад калектыву рэдакцыі газеты «Новае жыццё» і ад мяне асабіста, вашай выпускніцы.

Вольга Пісар, “НЖ”