Маці Марыя. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 5)

Маці Марыя. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 5)

Маці Марыя. З серыі нарысаў ветэрана вайны М.І. Грабёнкіна, удзельніка партызанскага руху на Беларусі (частка 5)

03 Мая 2020 340
Хутар Андрэя і Марыі Гурыных, заціснуты далонямі лесу, нагадваў куточак зямлі, дзе панавалі спрадвечная цішыня і спакой. Быў пачатак мая 1942 года. У вясновыя дні прырода падаравала для травы і дрэў самыя пяшчотныя фарбы.

– А ну, дагані, – крычаў сваёй старэйшай сястры Сцешы Федзік Гурын, збочыўшы напрасткі да лесу.

– Мне цябе ўжо не дагнаць, – сказала Сцеша, – ты ўжо падрос і бегаеш хутчэй. Пачакай, пой­дзем разам.

Федзік прыпыніўся, і яны пайшлі, каб нарваць пралесак. Іх было шмат, з-пад кожнага дрэва пазіралі блакітныя вочы. Калі мінулі ўзлесак, то сутыкнуліся з групай узброеных людзей. Сцеша Гурына, разгубіўшыся, не ведала што рабіць, толькі ўсё хавалася за спіну брата.

– Не бойся нас, дзяўчынка, – сказаў адзін з мужчын. – Мы хочам з вамі пагутарыць.

Партызан цікавіла становішча ў суседняй весцы, ці часта з’яўляюцца там паліцаі і гітлераўцы. Сцеша, што ведала, расказала. Затым дзеці хуценька прыбеглі дамоў і наперабой пачалі расказваць маці з бацькам аб сустрэчы.

Маці Марыя Іванаўна Гурына, прыгразіўшы дзецям, строга сказала:

– Аб гэтым нікому ні слова. Калі хто даведаецца – нам смерць.

А мужу Андрэю міргнула і паклікала ў сені.

– На, хуценька ім аднясі, – сказала яна і дастала некалькі боханаў хлеба, кавалак сала.

Аднак Андрэй партызан ужо там не застаў. Праз некалькі дзён яны самі наведалі хату Гурына. З гаспадаром дома гутарыў аб навакольных падзеях партызан у скураной куртцы і ваеннай фуражцы, з-пад якой выбіваўся непаслухмяны чорны чуб. Гэта быў камандзір атрада Міхаіл Чайкоўскі. Пасля гэтай сустрэчы Марыя і Андрэй Гурыны сталі першымі з ліку сувязных атрада імя Катоўскага.


Летам таго ж года партызаны з Сянежыцкага лесу перадыслацыраваліся ў Налібацкую пушчу для ўстанаўлення кантактаў з іншымі атрадамі. Сувязь з Гурынымі ў гэты час ужо не падтрымлівалася. Але нямецкая разведка мела ў вёсках сваіх канфідэнтаў. Яны сачылі за сялянамі, даносілі на людзей. У жандармерыю Навагрудка паступіў данос і на Гурыных.

Сям’я позна заўважыла машыны з карнікамі. Уцякаць не было куды. Немцы ўжо акружылі ўсё наваколле. У хату ўвайшоў гітлеравец. Ён загадаў ім узняцца з лаўкі, паставіў каля сцяны і накіраваў на іх аўтамат. Марыя, ведаючы мяккі характар мужа, павярнулася да Андрэя і шапнула, каб ён трымаўся. Кат заўважыў гэта і сцебануў адзін, другі раз нагайкай па галаве. Па разбітым твары пацякла кроў. Яна, сцяўшы зубы, цярпела. Нічога не знайшоўшы, карнікі паехалі, прыхапіўшы з сабой Андрэя. Дадому той ужо не вярнуўся, быў, безумоўна, закатаваны.

Раніцай праз тры дні другі карны атрад зноў наведаўся ў Сянежыцы і Мацёшыцы. На хутары ў Гурыных тады нікога не было. Марыя яшчэ мінулага дня не вярнулася з Навагрудка, куды пайшла, каб даведацца пра мужа. Але на запыт пра Андрэя ёй нічога не адказалі. Яна вярталася з горада менавіта ў той час, калі з хутара паехалі карнікі. Каля вёскі яна сустрэла вясковых мужчын, якія збеглі пры з’яўленні гітлераўцаў у лес, а зараз вярталіся дамоў.

– Немцы ў вас былі, – сказаў дзядзька, – усё забралі з хаты і паехалі. Твая свякруха і дзеці ўцалелі, бо начавалі ў весцы, а цяпер пайшлі на хутар.

Ён не ведаў, што немцы, зрабіўшы ад’езд «на паказ», пакінулі на хутары засаду.

Падышоўшы да дома, Марыя ўбачыла адчыненыя дзверы гаспадарчых пабудоў. «Усё парабавалі», – падумала і зазірнула ў хлеў. Дула аўтамата адкінула яе назад, і гітлеравец загадаў ёй ісці ў хату. У кутку, тварам да сцяны, стаяла Сцеша. Марыя кінулася да дачкі.

– Дачушка, родная...


 


Акупант адцягнуў яе назад і, прыгразіўшы аўтаматам, загадаў не размаўляць з дачкой.

Суседзі, сваякі таксама не ведалі, што адбываецца на хутары і ішлі па адным, каб паспачуваць Марыі, суцешыць з выпадку няшчасця. Гітлераўцы іх адразу ж заганялі ў гумно, загадвалі класціся на зямлю і ўсё пыталі:

– Дзе знаходзяцца партызаны, да каго прыходзяць, калі прыйдуць?

Усе маўчалі. Толькі чуваць быў плач меншых дзяцей – Федзіка і Раі. Бязгучна плакала і Марыя ад бяссілля чым-небудзь дапамагчы і супакоіць іх. Яна, як заведзеная, на ўсе пытанні гітлераўцаў адказвала:

– Не ведаю, не ведаю...

Ноч правялі ў трывозе. Яна з дзецьмі ў хаце, астатнія – у гумне. Марыя думала аб адным: толькі б у гэты момант не з’явіліся партызаны. Яна не ведала, што атрад перайшоў далёка ў Налібацкую пушчу.

Світанак пачаўся з крыку гітлераўца, які загадаў усім паднімацца. Пісталетам ён паказаў Марыі ісці ў гумно. Адчыніўшы дзверы, яна адразу ж убачыла сваю свякроў. Тая ляжала, распасцёршы рукі, і Марыя здагадалася: забіта. Ззаду грымнуў выстрал. Яна спачатку не зразумела, што з ёй здарылася. Пахіснуўшыся, учапілася за сцяну. Хацелася павярнуцца, паглядзець. Не паспела, штосьці зноў балюча апякло рот, выперла язык, пацякла кроў. Марыя спаўзла па сцяне, аднак свядомасці не страціла.

Вораг выйшаў і вярнуўся са Сцешай. Марыя хацела падняцца, кінуцца да дачкі, засланіць яе сваім целам. Але не змагла рухацца. Яна зноў пачула стрэл. Сцеша не ўпала, толькі здзіўлена аглянулася. Карнік выстраліў другі раз. Дзяўчына павольна апусцілася на зямлю і папаўзла да маці. Яна нібы хацела ў яе прасіць дапамогі. Але Марыя страціла прытомносць. Сцеша памерла, не дацянуўшыся да роднай матчынай рукі.

У хаце ішла расправа з астатнімі дзецьмі. Гітлеравец падышоў да ложка, на якім ляжалі Рая і Федзік. Маленькая спалохана плакала, пазіраючы ворагу ў вочы. Федзік прыціскаў яе да сябе, адсоўваючы да сцяны. Кат узняў пісталет і выстраліў. Дзяўчынка замоўкла, а Федзік, адчуваючы апошнія перадсмяротныя канвульсіі цельца, узняўся, хацеў штосьці сказаць, але куля скасіла і яго.

Падпалілі хату. Затым увайшлі ў гумно. Праверыўшы, ці ўсе мёртвыя, гутлераўцы на кожнае цела накідалі саломы і падпалілі. Марыя апрытомнела ад страшнага болю. Гарэла яе адзенне, хустка на галаве, гарэлі сцены і страха. Гумно напаўнялася дымам, дыхаць станавілася ўсе цяжэй і цяжэй. І яна ўспомніла, што ў сцяне на вышыні метра было акно. Можа, думка, што ёсць хоць нейкая надзея вырвацца з пекла, і надала ей сілы. Яна папаўзла, пераадольваючы боль, метр за метрам. Да акна. Але яно было забіта дошкай. Крычучы ад болю, адарвала яе. Прыўзнялася і вывалілася на двор, а потым папаўзла ў лес.

Яна бачыла, як ад дома ад’ехалі гітлераўцы. На фурманцы з нарабаваным дабром сядзеў звязаны іх сусед Юзік Яхант, які потым дамоў ужо не вярнуўся. А полымя знішчала дом, гумно, дзе гарэлі яе дзеці. Марыя плакала, слёзы цяклі па яе твары, змешваліся з крывёй. Тры дні праляжала яна ў лесе, але смерць і на гэты раз адступіла. Знясіленую, знайшлі і выхадзілі яе аднавяскоўцы. Павольна вярталася яна да жыцця. Толькі праз увесь твар пралёг глыбокі шрам ад нямецкай нагайкі.

Праз некаторы час пасля гэтай жудаснай расправы акупанты зрабілі ў сянежыцкім маёнтку паліцэйскі ўчастак, на чале якога быў пастаўлены той самы кат, які знішчыў сям’ю Гурыных. Ён даведаўся, што расстраляная і падпаленая Марыя засталася жывой. І загадаў паліцаям знайсці і прывесці яе. Можа, такім чынам ён хацеў «рэабілітаваць» сябе ў яе вачах. Аднак хутчэй за ўсе яго штурхаў на гэта страх перад чалавекам, якога не ўзялі ні куля, ні агонь. Марыя ведала пра гэта і збіралася ісці. Перанёсшы такія пакуты, яна не мела ўжо страху і ёй хацелася аднаго: плюнуць кату ў вочы і памерці. Аднак сваякі не пусцілі, хавалі і сцераглі яе ў лесе.

У пасляваенныя гады ў вёсцы Сянежыцы, непадалёку ад школы, быў пастаўлены помнік ахвярам фашызму. На яго адкрыцці прысутнічала ўдава Марыя Іванаўна Гурына. Сярод многіх прозвішчаў на абеліску можна было прачытаць і такія:

Андрэй Гурын, 45 гадоў;

Наталля Гурына – маці
Андрэя, 65 гадоў;

Сцефаніда Гурына – дачка, 16 гадоў;

Федзік Гурын – сын, 13 гадоў;

Рая Гурына – дачка, 4 гады.

У адным са сваіх твораў беларускі літаратар Валянцін Таўлай напісаў аб расправе карнікаў над сям’ёй Гурыных наступныя радкі: «Закатаваныя пяцёра з іх сям’і – гэта ўсяго пяць кропель у моры пралітай народнай крыві, і ў кожнай кроплі мы бачым яркі адбітак твару бязлітасных забойцаў, фашысцкае зверства. Калі чалавецтва, перамогшае фашызм, будзе судзіць гэтых вырадкаў, наш беларускі народ, які панёс вялікія ахвяры, прадставіць акты аб забойствах у Трасцянцы, Калдычове і сотнях іншых масавых магіл. Народ не забудзе прывесці на вялікі суд сваю сведку – маці-пакутніцу Марыю са шрамам на твары».

Паводле ўспамінаў бацькі запісаў Мікалай Грабёнкін.

Працяг будзе.

Мы в Telegram. Подписывайтесь!

Частка 1   Частка 2   Частка 3   Частка 4