Марыя Піліпаўна Хвасько: «Мірнае жыццё – вялікае шчасце»

Марыя Піліпаўна Хвасько: «Мірнае жыццё – вялікае шчасце»

Марыя Піліпаўна Хвасько: «Мірнае жыццё – вялікае шчасце»

09 Июля 2019 867




Кожны чалавек нараджаецца для шчасця, кожнае дзіця мае права на дзяцінства, якое ў будучым будзе для яго эталонам усяго: радасці і пытлівасці, яркіх фарбаў і ўражанняў, зялёнай травы і яснага сонца. Кожны з нас родам з дзяцінства, і мы прывыклі чуць захапляльныя расказы пра сямейныя радасці і пазнанне свету, пра школьных сяброў і першае каханне – усе тыя падзеі, якія прыпадаюць на дзяцінства, а тое, што давялося пачуць з вуснаў чалавека,які ведае пра вайну не з кніг, а з уласнага вопыту, у аснову якога ляглі падзеі, сведкамі якіх стала ў маленстве дзяўчынка, перавярнулі наша ўяўленне пра дзяцінства.

 Марыя Піліпаўна Хвасько нарадзілася ў кастрычніку 1932 года ў в. Сухоўчыцы Копыльскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і малаграматных сялян Жогла Піліпа Фёдаравіча і Вольгі Рыгораўны. У сям’і, акрамя Марыі, было яшчэ трое дзяцей: брат Фёдар, сёстры Ганна і Надзея.


У 1959 годзе Марыя скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага, набыўшы прафесію настаўніка рускай мовы, літаратуры і гісторыі. У хуткім часе настаўніца выйшла замуж за Хвасько Яўгена. Сумеснае жыццё маладая сям’я пачала на Навагрудчыне.

Марыя Піліпаўна ўладкавалася на працу ў школу-інтэрнат №1 г. Навагрудка, якая толькі што адкрылася ў 1960 годзе. Гэтай установе Марыя Піліпаўна аддала 16 гадоў свайго жыцця, а пазней, пасля перайменавання навучальнай установы ў спецшколу-інтэрнат, Марыя Піліпаўна працавала выхавальнікам на працягу 26 гадоў. За сваю шчырую і адданую працу педагог неаднаразова была ўзнагароджана абласнымі і раённымі граматамі і падзячнымі пісьмамі. Разам з мужам Марыя Піліпаўна выгадавала трое дзяцей, мае шасцёра ўнукаў і двух праўнукаў, якія складаюць яе цяперашняе шчасце. Але час ад часу ўспаміны пра цяжкае ваеннае дзяцінства вярэдзяць яе сэрца і душу.

– Я помню немцаў. Яны прыйшлі ў нашу вёску ў ліпені сорак першага года. Перад іх прыходам нас, дзяцей,выставілі ўздоўж дарогі, што вяла ў вёску з боку лесу. А яны, немцы, ганарыстыя, з пагардай, ехалі на матацыклах… Толькі пасля мы зразумелі, што немцы намі прыкрываліся, баючыся нападу. Вёска сцішылася, прытаілася ў жудасным чаканні, – успамінае Марыя Піліпаўна. – Новыя парадкі, устаноўленыя фашыстамі, былі напоўнены пахам крыві і страху. Вайна забрала майго брата, які загінуў пры вызваленні Варшавы. Усё жыццё бацькі хацелі пабыць на магіле сына, а знайсці месца яго апошняга спачыну ўдалося нам, сёстрам, толькі ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Вайна – гэта вельмі страшна, жахліва.


Цяжкім было і пасляваеннае жыцце. Але вялікая прага да ведаў, высокая чалавечнасць, жаданне быць карысным людзям дапамагалі нам ў гэты складаны час.

Сотні вучняў, добрасумленных людзей, якіх раскідаў лёс па ўсёй зямлі, сталі вынікам нястомнай працы настаўніцы Марыі Піліпаўны Хвасько. Для педагогаў малодшых пакаленняў Марыя Піліпаўна з’яўляецца прыкладам адданасці сваёй педагагічнай прафесіі, узорам патрыятызму, чалавечай годнасці, міласэрнасці і дабрыні – усіх тых якасцей, якіх так часта не хапае.  Марыя Піліпаўна часты госць у сваёй роднай школе. Шчыры аповед Марыі Піліпаўны аб сваім нялёгкім жыцці падчас гэтых сустрэч не пакідае абыякавымі ўсіх прысутных. У вачах дзяцей з’яўляецца неабыякавасць, зацікаўленасць тымі падзеямі і лёсам людзей, на долю якіх выпала цяжкае ваеннае дзяцінства.


Семдзесят пяць гадоў мірнага жыцця – гэта вялікае шчасце, якое неабходна берагчы і шанаваць кожнаму. Але нельга адмяраць мірны час толькі лічбамі, нам неабходна захаваць памяць пра тыя страшныя гады для таго, каб наступныя пакаленні дзяцей ведалі пра іх толькі з кніг і кінафільмаў, а выраз «дзеці вайны» ўжываўся толькі ў прошлым часе.                              

Алег Анікевіч,

дырэктар спецшколы-інтэрната