Людзі зямлі Навагрудскай: “Квітней і слаўся родны край!”

Людзі зямлі Навагрудскай: “Квітней і слаўся родны край!”

Людзі зямлі Навагрудскай: “Квітней і слаўся родны край!”

07 октября 2019 3822

Шмат слаўных людзей узгадавала Навагрудчына. Яны дабіліся поспеху ў самых розных сферах, сталі вядомымі далёка за межамі роднага горада і тым праславілі сваю малую радзіму. З нагоды 975-годдзя першага летапіснага ўпамінання Навагрудка нашы вядомыя землякі адрасавалі навагрудчанам і роднаму гораду словы віншаванняў, удзячнасці і пашаны.

Ігар БУЗОЎСКІ, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь:


– Навагрудак – гэта месца, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва. Край родны, непаўторны, прыгожы і дарагі сэрцу. Руіны старажытнага замка, музей Адама Міцкевіча, дзівосныя азёры Свіцязь і Літоўка, куды мы прыязджалі дзецьмі, – каларыт гэтых гістарычных месц не мог не ўплываць на маё станаўленне. Кожны раз, калі пад’язджаю да горада і здалёк адкрываецца велічны від на Замкавую гару, адчуваю хваляванне, радасць сустрэчы з роднымі, знаёмымі, сябрамі. Успаміны аб гадах, якія прайшлі на Навагрудчыне, самыя лепшыя. І хаця былі складаныя 90-я гады, навагрудчане, якіх заўсёды адрознівала ўменне быць гаспадарамі на сваёй зямлі, стваралі дабрабыт і прыгажосць роднага горада. Служба ва Узброеных Сілах, праца сацыяльным педагогам, псіхолагам у розных навучальных установах, грамадская дзейнасць, работа ў саюзе моладзі Навагрудчыны – для мяне гэта была сур’ёзная прастора для назапашвання вопыту: добра ведаў многія калектывы, прыходзілася мець шмат зносін з дзецьмі, бацькамі, калегамі. Хочацца адзначыць, што нават у тыя няпростыя часы на Навагрудчыне знаходзілі магчымасць падтрымліваць ініцыятыву, творчасць, працавітасць. Вельмі памятна яркая падзея – 200-годдзе А. Міцкевіча, калі ўся краіна звярнула ўвагу і на гэту дату, і на намаганні жыхароў Навагрудчыны, накіраваныя на тое, каб зрабіць яе адной з ключавых для развіцця, у тым ліку і турыстычнай сферы. Усё было зроблена з вялікай пашанай і любоўю. І гэта вялікая работа навучальных устаноў, устаноў культуры, працоўных калектываў стала кансалідуючай сілай для напісання новых старонак гісторыі, заснаваных на захаванні і прымнажэнні здабыткаў мінулага. Наведваючы родны горад, у чарговы раз пераконваюся, што тыя ініцыятывы і напрацоўкі не толькі не згублены, а прымнажаюцца. Кіраўніцтва і жыхары раёна разумеюць унікальнасць горада, якая ў апошнія гады стала прырастаць новымі старонкамі гісторыі, якія звязаны ў тым ліку з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, навагрудскім гета і мужнасцю нашых землякоў у гады цяжкіх выпрабаванняў. Хачу сказаць вялікі дзякуй людзям, якія праз эканамічныя, сацыяльныя, культурныя праекты не толькі ствараюць дабрабыт зямлі, на якой жывуць і працуюць, але і робяць горад своеасаблівым цэнтрам духоўнасці і культуры. Напярэдадні юбілею хочацца пажадаць навагрудчанам здароўя, унутранага камфорту і дабрабыту. Няхай захаваецца мудрасць, цеплыня і працавітасць, якія ёсць у маіх землякоў, а людзі на Навагрудскай зямлі і ва ўсёй нашай краіне жывуць у міры і згодзе.

Генадзь ПАЛЬЧЫК, доктар педагагічных навук, прафесар, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:


– Навагрудак – мая малая радзіма, месца, з якім звязаны мае самыя лепшыя ўспаміны. Гэта горад майго дзяцінства, тут я вырас. Сорак гадоў таму я закончыў сярэднюю школу №4 і прыехаў паступаць у Мінск у БДУ. За гэты час, канешне, успаміны трансфарміраваліся, і гэта заканамерна, аднак яны толькі пазітыўныя, шчырыя і добрыя. Скразной лініяй праходзіць успамін пра мой родны дом па вуліцы Чырвонаармейскай, зімовы пейзаж, снежныя сумёты і яркае сонечнае святло з боку школы. І «псігуркі»... Такая прыгажосць, такое натхненне, такі ўздым… Калі б я быў мастаком, то напісаў бы менавіта гэты дзіўны момант з успаміну. Толькі з часам пачынаеш разумець сэнс слоў «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем» з вядомага верша Р. Барадуліна. Жыццё такое імклівае, што не заўсёды атрымлівалася своечасова прыехаць дадому, наведаць родных, сустрэцца з сябрамі, аднакласнікамі. Але як толькі выдаецца магчымасць, канешне, імкнуся прыехаць сюды. Адчуваю пэўную адказнасць перад навагрудчанамі, родным горадам.

У мяне толькі цёплыя ўспаміны пра маю родную школу, настаўнікаў. Для мяне гэта ўзор фарміравання выкладчыцкага асяроддзя, прыклад культуры, узаемаадносін – гэта тое, што я бачыў у роднай школе. І мне заўсёды шанцавала на такія адносіны ў калектывах, дзе працаваў. Яшчэ ў студэнцкія гады зразумеў, што Навагрудак не проста горад майго дзяцінства, гэта горад з багатай гісторыяй, якая сёння ўдала спалучаецца з сучаснасцю. Мяне заўсёды перапаўняла пачуццё гонару за сваю малую радзіму.

А сапраўдны гонар Навагрудчыны – гэта людзі, тыя, хто ствараў гісторыю, хто працягвае яе пісаць. Усё, што сёння робіцца ў родным горадзе, – вынік стараннай працы гараджан, якія сваім талентам і энергіяй уносяць неацэнны ўклад ва ўмацаванне матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу горада, спрыяюць дынамічнаму развіццю. Радуе тое, што захаваліся прадпрыемствы, адкрываюцца новыя, іх прадукцыя запатрабаваная і якасная. Вядзецца будаўніцтва, тут цудоўны прыватны сектар, а калі ідзе будаўніцтва – гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Сваім дарагім землякам напярэдадні юбілею хачу пажадаць добрага здароўя, поспехаў і новых здзяйсненняў, а таксама дабрабыту родных і блізкіх. І вельмі хацелася б сустрэцца разам на 1000-м юбілеі роднага горада.

Міхаіл Батура, доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы:


– Я вельмі люблю сваю малую радзіму – Навагрудчыну, родную вёску Клюкавічы. Мне здаецца, у кожнага чалавека на малой радзіме ёсць нейкія знакавыя месцы, якія для яго практычна святыя, дзе можна набірацца сілы. З узростам гэта набыло для мяне філасофскі сэнс. Побач з маёй вёскай ёсць крыніца, якая б’е так, што праз 80 метраў – гэта рака, на якой у свой час нават пабудавалі вадзяны млын. Калі прыязджаю на радзіму, абавязкова наведваю крыніцу, гляджу на яе і дзіўлюся такому цуду – яна струменіць у любую пару года. Яшчэ імкнуся пагаварыць з мясцовымі жыхарамі, старажыламі, на жаль, такіх людзей у вёсцы становіцца ўсё менш... Мы вяртаемся да агульных успамінаў, уражанняў дзяцінства і юнацтва. Гэта настолькі дапамагае, падсілкоўвае і дазваляе лепш разумець жыццё.

Навагрудчане – людзі асаблівыя. Гаспадарлівасць, добразычлівасць, адказнасць, вялікая павага да кожнага чалавека – якасці, якія тут закладваюцца з дзяцінства. Памятаю, як бацькі прывучалі да ветлівасці і павагі да людзей, асабліва пажылых, і як моцна гэта запала ў сэрца. Дзякуючы ім, у мяне сфарміравалася ўсведамленне: я з цудоўнага краю – Навагрудчыны. Я пабываў у розных рэгіёнах рэспублікі, іншых краінах свету і магу з упэўненасцю сказаць, што Навагрудская зямля – асаблівая. Гэта не толькі старажытны і прыгожы край, але і шчырыя і адкрытыя людзі. Гісторыя Навагрудчыны мяне заўсёды захоплівае, узрушае. У некаторых публікацыях я сустракаў цікавую думку пра тое, што Навагрудчыне пашанцавала: яна не падвяргалася рэзкім зменам і здолела захаваць свае выдатныя рысы. Сёння гэты край застаецца нязменнай, ганаровай і цікавай часткай нашай краіны. Навагрудак – унікальны горад. 975 гадоў – вельмі прыгожая лічба. Наперадзе – 1000-годдзе, да якога трэба вельмі добра падрыхтавацца. У навагрудан ёсць увесь патэнцыял для гэтага.

Жадаю сваім землякам пачуцця аптымізму – на яго падставе і можна будаваць далейшыя планы, стратэгіі і прыйсці да такой важнай даты квітнеючым краем, якім мы хочам Навагрудчыну бачыць заўсёды!

Навагрудская зямля здаўна славіцца сваім галоўным багаццем – добрымі людзьмі, якія любяць і шануюць сваю малую радзіму, памнажаюць славу і дабрабыт свайго краю. Галоўнае, што яднае жыхароў Навагрудчыны, – гэта жаданне бачыць свой горад квітнеючым і сучасным. Любоўю да роднага горада, людзей, якія жывуць на гэтай зямлі, гонарам за свой край пранікнуты жыццё і праца многіх навагрудчан.

Анатолій Кулак, старшыня СВК «Прынёманскі» з 1996 па 2005 год, старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта з 2005 па 2010 год:


– Навагрудчына – мая радзіма, з горадам звязана вялікая частка жыцця. Навагрудак мае багатую гісторыю, але галоўнае яго багацце – людзі, якія любяць сваю маленькую радзіму і працуюць так, што слава пра Навагрудскі край ідзе па усёй краіне. У складаныя часы давялося кіраваць раёнам. У 2005 годзе пачалося будаўніцтва аграгарадкоў: за пяць гадоў шмат новых дамоў з’явілася ў сельскай мясцовасці, вялося будаўніцтва і мадэрнізацыя ферм. А ў 2006 годзе раён увайшоў у лік пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў на жніве і быў узнагароджаны на «Дажынках». Быў пабудаваны практычна новы масларобчы завод, новы сучасны цэх з’явіўся на заводзе газавай апаратуры, змянілася вытворчасць на хлебазаводзе, пачало сваю дзейнасць ТАА «Правіт». Раён займаў чацвёртае месца ў вобласці па аб’ёмах экспарту. Актыўна ішло будаўніцтва – штогод здавалася па 3-4 дамы. Быў пабудаваны новы радзільны дом, спартыўны комплекс «Сялец», ажыццявілі рэканструкцыю музычнай школы, будынка райвыканкама. І гэта дало свае вынікі.

Навагрудак сёння – гэта горад з сучаснай вытворчасцю і дастойнай інфраструктурай, камфортным жыллём і прывабнымі аб’ектамі добраўпарадкавання. Наш край будуецца, развіваецца, прыгажэе, мае сваё адметнае аблічча, вызначаецца чысцінёй і парадкам. Я патрыёт свайго горада, ведаю яго патэнцыял, людзей, якія жывуць тут, і, вядома, я ўпэўнены, што Навагрудак будзе развівацца ва ўсіх напрамках, будзе сучасным і квітнеючым. Хочацца пажадаць Навагрудку квітнець і прыгажэць штогод, а яго жыхарам – светлага лёсу, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

Протаіерэй Анатолій ГЕРАСІМУК, сакратар Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення, благачынны цэркваў Навагрудскай акругі, настаяцель Свята-Мікольскага кафедральнага сабора г. Навагрудка, магістр багаслоўя:


– Навагрудак – унікальны горад, які, акрамя амаль тысячагадовай гісторыі і багатай культуры, вызначаецца вялікім духоўным багаццем. Будучы сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, Навагрудак стаў цэнтрам царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі. З XII ст. тут існаваў праваслаўны храм, а з 1317 г. у горад пераносіцца цэнтр Кіеўскай мітраполіі. Каля 1225 г. у ваколіцах Навагрудка прападобным Елісеем Лаўрышаўскім быў заснаваны манастыр, які з часам стаў лаўрай. Да XIII ст. манастыр быў апорай Праваслаўя і цэнтрам летапісання ў Беларусі.

Я штодня радуюся таму, што мы жывём у міры і згодзе. Асабліва цешыць тое, што сёння дзяржаўная ўлада і духавенства аб’ядналіся ў адной з важных спраў – духоўна-маральным выхаванні грамадства. І гэтае супрацоўніцтва на Навагрудчыне асабліва плённае і дзейснае. Я сам з Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, але больш за 20 гадоў жыцця ў гэтым надзвычай духоўным краі прыкіпеў да яго ўсёй душой. Са снежня 2002 г. па сённяшні дзень з’яўляюся благачынным і ўсе гэтыя гады разам з іншымі праваслаўнымі свяшчэннаслужыцелямі імкнуся, каб Навагрудскі край аднавіў званне цэнтра духоўнасці не толькі нашай епархіі, але і ўсёй Белай Русі.

Навагрудак – мой дом. Прыгожы, утульны, гасцінны, шчыры… І з Божай дапамогай такім ён будзе заўсёды. Гэтага я і жадаю роднаму гораду з нагоды юбілею. А навагрудчанам хачу сказаць: якое б паслушэнства ні даў вам Гасподзь, трэба старацца выконваць яго і жыць толькі з любоўю ў сэрцы.

Тамара ВЯРШЫЦКАЯ,музеязнавец, перакладчык, краязнавец, дырэктар Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея з 1989 па 2013 год, а сёння яго навуковы супрацоўнік і куратар экспазіцыі «Музей яўрэйскага супраціўлення»:


– У Навагрудку жыву з 1988 года. Выдатна помню, як пасля доўгай дарогі з Мазыра, нарэшце, прыбылі на плошчу імя Леніна. Я папрасіла мужа спыніцца, каб агледзець горад, у якім я раней ніколі не была. Выйшла з машыны і зрабіла глыбокі ўдых… Мне здалося, што паветра тут нейкае асаблівае. Зрэшты, і ўся атмасфера горада такая ж унікальная. І ў іншым мяне ніхто не пераканае.

Усё самае цікавае, што са мной адбывалася ў Навагрудку, – справа выпадку. Спачатку назначэнне на пасаду дырэктара музея, потым мая сустрэча з Джэкам Каганам (была перакладчыкам падчас яго першага візіту ў гарвыканкам). Але менавіта з гэтага ўсё і пачалося. Я маю на ўвазе вывучэнне гісторыі яўрэйскага супраціўлення на Навагрудчыне ў гады Халакосту. Даведалася сама і патрэбна было расказаць іншым. У першую чаргу – самім навагрудчанам. Вядома, нічога не было б, каб не дапамога аднадумцаў і падтрымка мясцовай улады. Музей, Сцяна памяці, Сад міласэрнасці сёння складаюць сапраўдны мемарыял еўрапейскага ўзроўню. Аб Навагрудку гавораць далёка за межамі Беларусі. І, паверце, не ў негатыўным сэнсе. Людзі, чые лёсы так ці інакш звязаны з Халакостам, з болем у душы расказваюць пра той час, але адначасова са шчырай любоўю да нашага горада.

Слава і росквіт, выпрабаванні і пакуты, адраджэнне і сучаснасць… Навагрудак прайшоў складаны, але слаўны шлях. Наш горад сапраўды ўнікальны, і гэта павінен разумець кожны яго жыхар. Толькі аднаго не хапае Навагрудку – ажыўленасці. Але хто ведае, можа тады ён стане зусім іншым...

Са святам, родны горад! Мірнага неба, развіцця і яркага жыцця!

Аляксандр ГРАБОВІК, барэц грэка-рымскага стылю, шматразовы чэмпіён Беларусі, пераможца і прызёр еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў, сярэбраны прызёр II Еўрапейскіх гульняў, майстар спорту міжнароднага класа:


– Навагрудак заўсёды быў і застанецца для мяне асаблівым горадам. Не толькі як малая радзіма, але і як месца, дзе пачаўся мой шлях у вялікі спорт. Дзякуючы выдатным трэнерам Гродзенскай міжраённай СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт» (у той час ДЮСШ прафсаюзаў па зімовых відах спорту) Д.У. Ягоўдзіку і А.А. Крынскаму, я не проста палюбіў грэка-рымскую барацьбу – яна стала справай майго жыцця. Хто ведае, як склаўся б мой лёс, калі б не гэтыя людзі – сапраўдныя прафесіяналы і трэнеры ад Бога. Ды і наогул, у нашай школе заўсёды быў і застаецца выдатны калектыў – дружны і згуртаваны. Сваіх выхаванцаў тут ніколі не забываюць і заўсёды рады бачыць.

Я ўжо шмат гадоў не жыву ў Навагрудку і ў сілу занятасці бываю тут усяго некалькі разоў на год. Але заўсёды прыязджаю з вялікім задавальненнем і кожны раз адзначаю для сябе, што горад мяняецца ў лепшы бок: становіцца больш сучасным і захоўвае сваю ўнікальную архітэктуру. З нагоды такога значнага юбілею хачу пажадаць нашаму гораду толькі росквіту.

Таксама жадаю пастаяннага развіцця спартыўнай сферы Навагрудчыны, асабліва дзіцяча-юнацкага спорту. Інвестыцыі ў маладое пакаленне – гэта гарантыя таго, што тытулаваных спартсменаў, якія на міжнароднай арэне будуць праслаўляць родны край і краіну, будзе яшчэ больш. І калі ўжо ў горада свята, то, напэўна, трэба дарыць падарункі. Мне здаецца, што асабіста ад мяне самым лепшым падарункам будуць медалі прэстыжных сусветных спаборніцтваў. Ніколі не загадваю, але абяцаю, што прыкладу ўсе намаганні для таго, каб падарунак не прымусіў сябе доўга чакаць.

Усіх навагрудчан са святам, з юбілеем горада!

Падрыхтавалі Алена Ганцэвіч, Вольга Пісар, Анастасія Пятрова, “НЖ”