Характар, загартаваны вайной

Характар,  загартаваны вайной

Характар, загартаваны вайной

15 июня 2019 2285
Нягневіцкая зямля – малая радзiма вядомых людзей, хто сваёй самаадданай працай праславiў родную зямлю, людзей з багатым жыццёвым вопытам, адказных і сумленных, якія шмат зрабілі і пакінулі адметны след на Навагрудчыне. Залатое імя Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Рыгоравіча Тура назаўсёды ўпісана ў гісторыю дасягненняў не толькі Навагрудскага раёна, але і ўсёй нашай краіны.



Пётр Рыгоравіч Тур са зброяй у руках змагаўся за незалежнасць Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён служыў тэлефаністам упраўлення 4-га дывізіёна 189-ай гаўбічнай артылерыйскай брыгады І Беларускага фронту, удзельнічаў у вызваленні Польшчы і штурме Берліна.
Узнагароджаны П.Р. Тур ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна». 
Пасля вайны ў 1947 годзе вярнуўся ў родную вёску Паплавы,  і ўсё пасляваеннае яго жыццё было звязана з сельскай гаспадаркай, працай у родным калгасе. 
Пачынаў Пётр Рыгоравіч паляводам, у хуткім часе стаў брыгадзірам паляводчай брыгады, а затым і загадчыкам вытворчага ўчастка калгаса імя Леніна.
У адным з артыкулаў «Сельскай газеты» за 16 жніўня 1984 года, які з любоўю захоўвае дачка Пятра Рыгоравіча Галіна Пятроўна Серакова, мы чытаем: «Цэнтральная брыгада, якую ўзначальвае Пётр Рыгоравіч Тур, вялікая: за ёй замацавана амаль 1000 гектараў раллі і 850 – сенажацяў і пашы. Вырошчваюць тут жыта і ячмень, лён, бульбу, буракі, кукурузу і іншыя культуры. І якім бы ні быў год – ураджаі заўсёды лепшыя. Да прыкладу, у брыгадзе Тура ў мінулым годзе ўзялі на круг з гектара па 38 цэнтнераў зерневых, 220 – бульбы, 660 – караняплодаў, 10 цэнтнераў ільновалакна. Гэтыя лічбы вышэйшыя за паказчыкі іншых брыгад.
Пётр Рыгоравіч Тур ніколі не спыняецца на дасягнутым, а таму заўсёды наперадзе, – адзначае старшыня калгаса Фама Браніслававіч Ненартовіч. – Здаецца, і землі ў брыгадах аднолькавыя, і тэхналогія, а параўнацца па ўраджаі з ветэранам рэдка каму з маладых удаецца. Характар у Пятра Рыгоравіча байцоўскі, франтавой закалкі: быць заўсёды на перадавой лініі.




  Не ўдалося Пятру Рыгоравічу Туру атрымаць спецыяльную адукацыю, закончыць тэхнікум ці інстытут. Яго мала­досць прыпала на гады вайны, а затым – праца і толькі праца. Вучобу Пётр Рыгоравіч усё адкладваў да лепшых дзён. Хлебаробскую навуку засвоіў у полі. Назіральны і кемлівы, ён спасціг усе сакрэты земляробства. Нярэдка аграномы з вузаўскімі дыпломамі звярталіся за парадай да гэтага чалавека. Многія з тых, хто прайшоў навуку ў Пятра Рыгоравіча, пазней працавалі кіраўнікамі і аграномамі гаспадарак. 
Да ранішняй нарады Пётр Рыгоравіч паспяваў заглянуць на поле, машынны двор, даведацца аб справах у дыспетчара. Раніцай нізіны засцілае туман, а ў брыга­дзіра ўжо наспеў план у адпаведнасці з надвор’ем – рабочы план дня. Карэктывы ва ўчарашні план уносяцца сур’ёзныя, і такая аператыўнасць брыгадзіра заўсёды на карысць агульнай справе.
Людзі ў брыгадзе падабраліся працавітыя, дасведчаныя. Добра працаваць з імі Пятру Рыгоравічу Туру, ёсць на каго абаперціся. І калі пасылае на дальняе поле ён групу калгаснікаў, за дзень два-тры разы загляне туды. Не для таго, каб пераканацца, што працуюць сумленна, а таму што ведае: аддачу людзей на ўвагу кіраўніка можна цэнтнерамі прадукцыі вымераць.
Калгас імя Леніна (зараз СВК «Нягневічы») – гаспадарка багатая, з мільённымі прыбыткамі. Аднак нажытае расходуецца з розумам: будуюць жыллё, вытворчыя памяшканні, новы машынны двор. Парадак на палях… Адказнасць за даручаную справу – важнейшая рыса Пятра Рыгоравіча Тура. Любы промах заўважыць і спуску не дасць», – чытаем далей у артыкуле».
У якасці транспарту ў загадчыка вытворчага ўчастка быў конь. Вярхом на ім Пётр Рыгоравіч усюды паспяваў, у кожны куточак заглядваў.


Усё сваё жыццё Пётр Рыгоравіч прысвяціў роднай зямлі і гаспадарцы, і яны шчодра аддзячылі яму за вернасць. У 1971 годзе за значныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, выкананне заданняў 8-га пяцігадовага плана па вытворчасці і продажы прадукцыі земляробства Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Таксама ўзнагароджаны Пётр Рыгоравіч ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, рашэннем агульнага сходу калгаснікаў яму прысвоена званне «Заслужаны калгаснік калгаса імя Леніна». У 2007 го­дзе імя Пятра Рыгоравіча Тура (пасмяротна) занесена ў Кнігу Славы  Навагрудскага раёна. Таксама Пётр Рыгоравіч быў дэлегатам Першага Усебеларускага Сходу ў 1996 годзе. І нездарма яго партрэт быў напісаны вядомым мастаком-графікам С. Герусам – нашым земляком.
Як таленавіты спецыяліст і арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці, нястомны працаўнік, прынцыповы, добры і чулы чалавек, Пётр Рыгоравіч заслужыў глыбокую павагу і пашану ў аднавяскоўцаў. П.Р. Тур прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Ён неаднаразова выбіраўся членам праўлення калгаса, дэпутатам сельскага савета дэпутатаў, з’яўляўся членам прэзідыума раённага Савета ветэранаў, удзельнічаў у рабоце па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, перадаваў маладым хлебаробам свой  багаты жыццёвы і працоўны вопыт.

  Вядома, не было б усіх поспехаў, калі б не было ў Пятра Рыгоравіча надзейнага сямейнага тылу. Жонка Марыя Ула­дзіміраўна ва ўсім падтрымлівала мужа, на яе плечы леглі асноўныя клопаты аб сям’і, дзе раслі дзве дачкі – Галіна і Тамара.
– Часта ўспамінаю тату. Памяць і любоў да яго захоўваем мы ў сваім сэрцы з асаблівай павагай. Расказваем дзецям, унукам. Захоўваем усе яго фотаздымкі, любую інфармацыю. І наогул я рада, што ўспомнілі пра яго. Карані таты ў Санкт-Пецярбурзе. Мой дзядуля быў дзеншчыком у цара, а бабуля падчас Першай сусветнай вайны была ў бежанстве пад Смаленскам, затым трапіла ў Пецярбург, дзе знайшла нягневіцкую суполку. Там, у Пецярбурзе, пазнаёмілася з дзядулем, выйшла замуж, – расказвае дачка Галіна Пятроўна Серакова. – Няпросты тады быў час, таму прапанавала дзеду пераехаць у Нягневічы. Двое дзяцей нарадзілася ў іх у Пецярбурзе, а тата ўжо тут, на Навагрудчыне. Такі момант запомніўся мне з расказаў таты: матуля на павозцы ў 1944 годзе прыехала ў Калодзішчы, калі яны ад’язджалі з братам на фронт, і прывезла сынам крыжыкі. Тата і яго брат вярнуліся жывымі з вайны. Такая адважная была бабуля, так любіла дзяцей, – далей дзеліцца ўспамінамі дачка Героя Сацыялістычнай Працы. – Тата ўсё жыццё жыў працай, не ўяўляў сябе без роднай гаспадаркі. Нягневіцкая зямля – гэта маляўнічы куток Навагрудчыны. У яе свая шматвяковая гісторыя, багатая працоўнымі і баявымі традыцыямі. Тут заўсёды жылі і жывуць цудоўныя, працавітыя, таленавітыя, шчодрыя на душэўную цеплыню людзі. Гэта, мне здаецца, адзіны калгас, у якім пяць Герояў Сацыялістычнай Працы, а многія заслужаныя працаўнікі адзначаны ўзнагародамі самых розных узроўняў, ордэнамі. Запомніўся мне такі выпадак: прыбегла да нас у час навальніцы звеннявая і, плачучы, расказвае, што яны з жанчынамі вынеслі прасушваць лён, а тут дождж, што рабіць – не ведае… Вось так перажывалі за працу! Матуля наша Марыя Уладзіміраўна таксама працавала ў ільнаводчым звяне. А гаворачы пра тых, хто апрацоўваў, упрыгожваў нашу зямлю, людзі заўсёды згадваюць Васіля Аляксандравіча Глебку, Праскоўю Лазараўну Калалу, Марыю Сяргееўну Каранеўскую, Марту Уладзіміраўну Кошур і тату Пятра Рыгоравіча Тура. І сёння імёны шматлiкiх заслужаных работнiкаў гаспадаркі не забыты.

Пасляваеннае пакаленне многія лічаць асаблівым. Сапраўды, у сіле духу, праца­здольнасці і жыццястойкасці ім не адмовіш. Да гэтага пакалення належыць і Пётр Рыгоравіч Тур. На вялікі жаль, не стала Героя Сацыялістычнай працы 15 сакавіка 1999 года. Сёлета яму споўнілася б 97 гадоў, але светлая памяць пра Пятра Рыгоравіча Тура, адважнага абаронцу і руплівага сейбіта ўраджайнай хлебаробскай нівы, чалавека вялікай жыццёвай мудрасці і шчырасці, жыве ў памяці родных, землякоў, навагрудчан.
Вольга Пісар, «НЖ»