Іван Качан. Прафесія і прызванне - настаўнік

Іван Качан. Прафесія і прызванне - настаўнік

06 мая 2019 1871
«Кожны настаўнік павінен у нас быць пастаўлены на такую вышыню, на якой ён ніколі не стаяў, не стаіць і не можа стаяць у буржуазным грамадстве» - з гэтай ленінскай фармуліроўкі пачаў размову  Іван Мікалаевіч КАЧАН, былы загадчык раённага аддзела адукацыі. На ленінскіх ідэалах яго пакаленне выхоўвалася, іх увасабляла ў жыццё, імі кіравалася ў працы.

Успаміны дзяцінства

- Я нарадзіўся ў вёсцы Лаўрышава ў 1939 годзе, - расказвае Іван Мікалаевіч. – Мае бацькі былі звычайнымі сялянамі. Трымалі сваю гаспадарку, шмат працавалі на зямлі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька, як і многія яго аднавяскоўцы, быў мабілізаваны і ваяваў на 1-ым Балтыйскім фронце. Да Берліна не дайшоў: быў паранены пад Кенігсбергам і там, у Заходняй Прусіі, сустрэў Перамогу. - Нашай сям’і пашанцавала: бацька вярнуўся з вайны жывым, хоць і параненым, - кажа І.М. Качан. – Памятаю, як радаваліся яго вяртанню мы, дзеці… У 1946 годзе хлопчык пайшоў у першы клас. А ў 1948 годзе на Навагрудчыне пачалі арганізоўвацца калгасы. У калгас Звязда імя 50-годдзя СССР у ліку іншых сяльчан уступіў і бацька Івана. - Бацька працаваў конюхам. Мне падабалася яму дапамагаць і я літаральна прападаў у канюшні, - прыгадвае ён. А праз некалькі гадоў бацька цяжка захварэў і неўзабаве памёр. Маці засталася маладой удавой – адна з чатырмя дзецьмі. Цяжкая сялянская праца легла на кволыя жаночыя плечы. Пэўную частку хатніх клопатаў давялося ўзяць на сябе Івану, як старэйшаму сыну.

Шлях у прафесію

Лаўрышаўскую сямігодку Іван Качан закончыў на выдатна і адразу ж паступіў у Навагрудскае педвучылішча. Выбар быў абумоўлены двума вызначальнымі для юнака фактарамі: па-першае, да горада было недалёка, па-другое, яму хацелася быць настаўнікам. З усмешкай ён прызнаецца, як правяраў сшыткі ў сваіх малодшых брата і сястры. На выбар прафесіі паўплывалі і школьныя педагогі – класны кіраўнік Ніна Лявонцьеўна Ханажэнка, дырэктар школы Іван Феліксавіч Каралевіч. Перыяд, праведзены ў вучылішчы, ён лічыць важным этапам для свайго станаўлення як асобы, так і педагога. - Ужо тады мы разумелі, наколькі нам пашанцавала з выкладчыкамі, - разважае Іван Мікалаевіч. – У педвучылішчы склаўся выдатны калектыў спецыялістаў, якія маглі даць нам, учарашнім школьнікам, не толькі веды па прадметах, але і ўрокі жыццёвай мудрасці. Матэматыку вёў Іван Андрэевіч Агароднікаў, рускую мову – Ціхан Рыгоравіч Петрашкевіч, беларускую мову – Лідзія Дзмітрыеўна Зелянеўская… Вельмі моцнай была кафедра музычнай падрыхтоўкі. Тут працавалі Леанід Мікалаевіч Дыдышка, Леанід Мартынавіч Гарляускас, а таксама Іван Васільевіч Фандыбок – кіраўнік духавога аркестра. Удзельнікам гэтага музычнага калектыва стаў і Іван Качан. - Мы выступалі на шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў раёне і за яго межамі, - працягвае І.М. Качан. – Я іграў на кларнэце. Вучоба, практыка, пазакласная работа, мастацкая самадзейнасць – студэнцкае жыццё было цікавым і насычаным. А ў вольны ад заняткаў час хлопец спяшаўся на вёску, да маці, якой патрэбна было дапамагаць. Маці працавала ў калгасе – спачатку ў льнаводстве, потым цялятніцай, трымала дамашнюю гаспадарку. Іван і касіў, і араў, і нарыхтоўваў для жывёлы сена і салому… Педвучылішча ён закончыў з дыпломам з адзнакай і з лёгкасцю паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Гады вучобы запомніліся цікавымі практычнымі заняткамі і экскурсіямі. Мы разглядваем пажаўцелыя ад часу фотаздымкі, якія адлюстроўваюць колішнія маршруты. Масква, Арджанікідзэ, Тбілісі, Батумі, Сухумі – геаграфія паездак не абмяжоўвалася толькі Беларуссю.

Настаўнік, танкіст, дырэктар

Сённяшняя моладзь у большасці сваёй па размеркаванні імкнецца трапіць у буйны горад, а найлепш – застацца ў сталіцы. А ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя для выпускнікоў педагагічных ВНУ лічылася справай гонару паехаць на працу ў вёску. Вучыць менавіта сельскіх дзяцей імкнуўся і малады настаўнік Іван Качан. Яго працоўны шлях пачаўся ў вёсцы Суднікі Вілейскага раёна. - Там я адпрацаваў толькі адну вучэбную чвэрць, а потым прыйшла павестка ў армію, - працягвае ўспаміны ён. Служыць давялося ў танкавых войсках. На памяць пра армію засталіся фатаграфіі сяброў, а таксама фота каля сцяга часці як узнагарода «за выдатныя поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы, прыкладнасць у воінскай дысцыпліне» - напісана на здымку. Настаўнік з вышэйшай адукацыяй, які прайшоў суровую армейскую школу – спецыялісты такога ўзроўню былі каштоўнымі і запатрабаванымі. Таму, калі ў 1964 годзе пасля дэмабілізацыі І.М. Качан прыйшоў уладкоўвацца на працу, загадчык Навагрудскага раённага аддзела народнай адукацыі Павел Трафімавіч Марчанка ўзрадаваўся і выдаў накіраванне ў Навінскую васьмігадовую школу - дырэктарам. - Еду туды, а дарога пясчаная, лес кругом, прыгожа, - прыгадвае Іван Мікалаевіч першыя ўражанні ад наведвання Навін. – Хваляваўся: як складуцца адносіны з людзьмі, з працай?.. Як аказалася, хваляванні былі дарэмнымі. Маладога дырэктара калектыў школы прыняў добра. Спадабалася і сама вёска. - У Навінах мелася не толькі школа, але і ўчастковая бальніца з амбулаторыяй, клуб, магазін. Словам, вялікая вёска, - Іван Мікалаевіч на хвілінку задумваецца і працягвае. – Самае галоўнае – людзі цудоўныя. У школе займалася 102 дзіцяці, працавала 12 настаўнікаў. Дырэктару даводзілася вырашаць многія гаспадарчыя пытанні. У вёску электрычнае святло правялі толькі ў 1967 годзе. А да гэтага ў класах карысталіся газавымі лямпамі. Часта дырэктар сам прыносіў з магазіна газу. Калектыў Навінскай васьмігодкі быў маладым, таму ім разам было цікава і не сумна. У мастацкай самадзейнасці разам з настаўнікамі  ўдзельнічалі работнікі бальніцы і праўлення калгаса.

Лёс па імені Шура

Тут, у Навінскай школе, сустрэў Іван Мікалаевіч сваё каханне, свой лёс, сваю Шурачку. IMG_7207 Аляксандра Аляксандраўна родам з Поўберага. Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт прыкладной матэматыкі. - Па спецыяльнасці я інжынер, а ўвесь час працавала настаўніцай, - усміхаецца яна. – Спачатку ў Бердаўскай школе, потым перавялі ў Навіны. Выкладала матэматыку. Іван усё стараўся загрузіць мяне справамі: вясці піянерскую работу, афармляць наглядную агітацыю. А потым пачалі сустракацца, у 1965 годзе пажаніліся. У Навінах маладыя жылі на кватэры, сваёй хаты не мелі. Тут нарадзілася старэйшая дачка Тамара. Сваё жыллё сям’я Качан атрымала амаль праз дзесяць гадоў – у Лаўрышаве, куды Іван Мікалаевіч быў прызначаны дырэктарам школы. - Школа ў вёсцы была старая, пабудаваная яшчэ пры польскім часе, - удакладняе ён. – Таму вялося будаўніцтва новага будынка школы на 180-200 вучняў. Калі я прыйшоў сюды працаваць, у памяшканні былі ўзведзены толькі сцены. Будаваўся чатырохкватэрны дом для настаўнікаў, у якім атрымалі кватэру і мы. Шмат дапамагаў мясцовы калгас, старшынёй якога тады быў Сямён Георгіевіч Шарэцкі. У той перыяд у Лаўрышаве многае было зроблена з дапамогай гаспадаркі: узведзены клуб, пакладзены асфальт, добраўпарадкавана вёска. А ў сям’і Качан нарадзілася другая дачка – Ірына.

Галоўны педагог раёна

1973 год для Івана Мікалаевіча аказаўся знакавым. Ён быў прызначаны  загадчыкам раённага аддзела народнай адукацыі. - Да мяне на гэтай пасадзе працаваў Леанід Фёдаравіч Пашынскі, які многае ўклаў у развіццё сістэмы адукацыі Навагрудскага раёна, - адзначае І.М. Качан. - Яго напрацоўкі былі вельмі каштоўнымі і дапамагалі ў рабоце. Сямідзесятыя гады былі перыядам сур’ёзных перамен у сістэме адукацыі. Ажыццяўляўся пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю, адным з патрабаваннем якога была арганізацыя абавязковага школьнага харчавання, дзеліцца Іван Мікалаевіч. Неабходна было абуладкоўваць, а ў некаторых выпадках і будаваць  харчблокі, пракладваць вадаправодныя і каналізацыйныя трубы, падключаць праточную халодную і гарачую ваду і выконваць іншыя работы. Грошы на гэтыя мэты выдзяляліся, аднак цяжкасці заключаліся ў іншым: у перыяд татальнага дэфіцыту складана было дастаць патрэбныя матэрыялы. Вялікая нагрузка ўскладалася на дырэктараў школ, удакладняе І.М. Качан. Мяняўся падыход да арганізацыі вучэбнага працэсу. - Не хапала раздатачнага матэрыялу, - разводзіць рукамі Іван Мікалаевіч. – Настаўнікам даводзілася праяўляць цуды фантазіі, каб кожны ўрок не быў падобным на іншыя. Дзяліліся набыткамі, дапамагалі адзін аднаму. Адным з тых, чый вопыт ахвотна пераймалі калегі, быў Аляксандр Ануфрыевіч Стома з Гагарынскай школы. Мелі чым падзяліцца настаўнікі з Вераскаўскай, Вераб’евіцкай, Валеўскай, Шчорсаўскай школ. Усяго ж у раёне ў той час налічвалася больш за 100 школ, з якіх 18 сярэдніх, 22 васьмігодкі. А пачатковыя школы меліся амаль у кожнай вёсцы. У 1973 годзе ў школах Навагрудчыны займалася 10252 вучні. Новыя тыпавыя будынкі школ былі пабудаваны ў Любчы, Уселюбе, Валеўцы, Лаўрышаве, СШ №4 у горадзе.

Кадры і яшчэ раз – кадры

- Працаваць было складана, але меліся і вынікі. Амаль кожная сярэдняя школа штогод выпускала залатых і сярэбраных медалістаў. Каб замацаваць атрыманыя на ўроках веды, праводзіліся дадатковыя заняткі па прадметах. Пра рэпетытарства яшчэ і не ведалі, - канстатуе І.М. Качан. Школа з’яўлялася той установай, дзе вучні маглі развіваць свае здольнасці, праяўляць актыўную пазіцыю. Развіваліся традыцыі патрятычнага выхавання. Дзеці ахвотна сустракаліся з ветэранамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, хадзілі ў паходы, праводзілі экскурсіі. У многіх школах працавалі музеі і музейныя пакоі, куткі баявой і працоўнай славы, краязнаўчыя і прыродазнаўчыя. Ствараліся калектывы мастацкай самадзейнасці, у якіх удзельнічалі і вучні, і педагогі. - Вялікі аб’ём работы даводзілася выконваць раённаму аддзелу народнай адукацыі, - звяртае ўвагу Іван Мікалаевіч. – Трэба сказаць, што калектыў у нас быў стабільны, усе спецыялісты граматныя і вопытныя:  Вячаслаў Іосіфавіч Хвайніцкі, Міхаіл Іосіфавіч Радзюк, Маргарыта Уладзіміраўна Былінкіна, Наталля Віктараўна Багацішчава, Галіна Напалеонаўна Казакевіч, Галіна Міхайлаўна Нагулевіч, Лідзія Канстанцінаўна Бузоўская, Марыя Васільеўна Гаўрош, Раіса Пятроўна Казловіч, Галіна Іванаўна Клок, Ядвіга Станіславаўна Лябецкая, Ірына Міхайлаўна Зубкова і іншыя. У 1997 годзе горад Навагрудак і Навагрудскі раён былі аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. А праз два гады І.М. Качан пайшоў на заслужаны адпачынак. Аляксандра Аляксандраўна доўгі час працавала ў СШ№3 у горадзе. Педагагічную дынастыю сям’і Качан прадоўжыла малодшая дачка Ірына. Яна – дырэктар ліцэя ў г. Лідзе. Неяк Ірына падлічыла, што агульны педагагічны стаж іх сям’і складае 320 гадоў. Старэйшая дачка Тамара – урач, працуе ў Мінску. У Івана Мікалаевіча і Аляксандры Аляксандраўны дзве ўнучкі і дзве праўнучкі.   [quote]Гэты матэрыял быў надрукаваны ў газеце, а праз некаторы час Іван Мікалаевіч пайшоў з жыцця. Але памяць пра яго жывая – у дзецях, унуках і ва ўдзячных вучнях і калегах.[/quote] Вольга Навагран, «НЖ» Варта пачытаць: Мастацтва танца – мастацтва жыцця Таццяны Кавалько Іван Котляр. Права быть самім сабою