Героі Навагрудчыны. Працоўны шлях старшыні калгаса «Рассвет» Васіля Глебкі

Героі Навагрудчыны. Працоўны шлях старшыні калгаса «Рассвет» Васіля Глебкі

23 марта 2019 2269
З даўніх часоў славіцца працоўнай доблесцю Навагруд­чына і яе людзі. Гэта яны аднавілі разбураныя гарады і вёскі, залячылі раны Вялікай Айчыннай, памножылі багацце не толькі малой радзімы і дабрабыт яе жыхароў, але і ўсёй Беларусі. І сярод іх лепшыя з лепшых – тыя, каго Радзіма адзначыла ганаровым званнем Героя Сацыялістычнай Працы. Адзін з іх – Герой Сацыялістычнай Працы, былы старшыня калгаса «Рассвет» Васіль Глебка. Імя Васіля Аляксандравіча штогод гучыць на раённым свяце працаўнікоў сельскай гаспадаркі «Дажынкі». Прызам імя Героя Сацыялістычнай працы Васіля Глебкі ўшаноўваюцца лепшыя гаспадаркі раёна, якія дасягнулі высокіх вынікаў у галіне раслінаводства. Аднак мала хто ведае, чым адзначаны працоўны шлях старшыні калгаса Васіля Глебкі, якім чалавекам ён быў і якое жыццё пражыў. img-190319085102-001 img-190319085132-001
Камуніст, рабочы, старшыня
Вёска Падкасоўе – малая радзіма Васіля Аляксандравіча, месца, адкуль пачынаецца яго слаўны працоўны шлях, дзе бярэ пачатак гісторыя калгаса «Рассвет». Тут у 1949 годзе ў звычайнай вясковай хаце ён пачаў арганізоўваць калгас, які праз некалькі гадоў стаў адным з лепшых не толькі ў раёне. Звычайны вясковы хлопец, ён з дзяцінства ведаў, што значыць працаваць на зямлі. Іх, траіх дзяцей, маці выхоўвала адна, таму аб адукацыі размова не ішла. Васіль скончыў чатыры класы і стаў дапамагаць па гаспадарцы. У пошуках лепшай долі паехаў у Расію, у гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў на ваенным заводзе на Урале. Пасля вайны Васіль Аляксандравіч вяртаецца на радзіму. Яму, камуністу, удзельніку рэвалюцыйнага руху, перадавому рабочаму, улады даручаюць арганізаваць калгас. – Большасць людзей у вёсцы жылі пасля вайны вельмі бедна,  – расказвае былая настаўніца Лозкаўскай школы Вера Мазалеўская. – Бацькі майго мужа Надзея (сястра Васіля Глебкі) і Павел Хвіневічы жылі да вайны заможна. І аднымі з першых пайшлі ў калгас. Канешне, прыняць такое рашэнне было складана: перш за ўсё ў калгас трэба было аддаць каня і карову. Аднак Васіль Аляксандравіч так усё растлумачыў і пераканаў, што калгасу быць. Старажылы ўспамінаюць, як людзі радаваліся, што сталі роўныя, што была работа. Грошай спачатку ніякіх не плацілі, разлічваліся тым, што вырошчваў калгас. Тут, у родным Падкасоўі, Васіль Аляксандравіч ажаніўся. Сям’я старшыні жыла вельмі сціпла: звычайны дом на краі вёскі, невялікая гаспадарка. Жонка Алена працавала ў калгасе, падрасталі двое сыноў. скан_нж.бел_0025 скан_нж.бел_40025
Праславіліся «рассветаўцы» ўраджаямі льну
Літаральна праз некалькі гадоў калгас «Рассвет» стаў атрымліваць добрыя ўра­джаі. Вырошчвалі зерневыя, лён, гародніну, тытунь, працавалі фермы. Але праславіліся «рассветаўцы» перш за ўсё ўраджаямі льну. Урадлівая зямля аддзячвала сяльчанам за гаспадарлівасць і працавітасць. У тым, што калгас быў перадавым, вялікая заслуга яго старшыні – Васіля Глебкі. – Калгас «Рассвет» на той час – гэта вёскі Харосіца, Мілушава, Падкасоўе, Задвор’е, Рос­каш, Лозкі. Зямлі было няшмат, таму, напэўна, і адносіны да яе былі асабліва беражлівыя, – працягвае Вера Мікалаеўна. – Людзі стараліся, працавалі сумленна. Ды і заробкі ў нашым калгасе былі значна большыя, чым у іншых. У гады кіраўніцтва Васіля Глебкі была пабудавана новая двухпавярховая школа ў Лозках, з’явіўся прыгожы і вялікі сельскі клуб у Харосіцы, пабудавалі свінагадоўчую ферму. Ішло асушэнне земляў, будаўніцтва меліяратыўных каналаў – адным словам, калгас жыў добра. У 1966 годзе Васіль Глебка за поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма залатымі медалямі  ВДНГ СССР. скан_нж.бел_00276
У 1966 годзе раёнка пісала, што ўраджайнасць ільну ў калгасе «Рассвет»  амаль у два разы перавышае сярэднераённы паказчык. «Высокія і ўстойлівыя ўраджаі льну калгас «Рассвет» атрымлівае кожны год, незалежна ад кліматычных умоў. Сакрэт поспеху ў строгім захаванні ўсіх правіл агратэхнікі. З ураджаю мінулага года адправілі на прыёмны пункт 116 тон. Багаты выхад і валакна. Кожны з 160 гектараў даў па 11,7 цэнтнера. Прадукцыя прынята  сярэднім нумарам 11,8».
Слова старшыні – закон
Як успамінаюць вяскоўцы, Васіль Аляксандравіч быў вельмі стрыманым чалавекам, але надзвычай патрабавальным. Ён і сам ніколі ні ў чым сабе не даваў слабіны, і ад людзей патрабаваў такіх жа адносін да справы. У калгасе быў адмысловы парадак ва ўсім: слова старшыні было законам. Вядома, не ўсім гэта падабалася, не ўсе разумелі такую строгасць і дысцыпліну. – Мой свёкар аднойчы папрасіў у старшыні саломы, а той адмовіў. Дам радні, а што мне іншыя людзі скажуць – вось такі быў чалавек, – успамінае Вера Мікалаеўна.– І яшчэ такі выпадак. Вучні рыхтавалі канцэрт для работнікаў калгаса. А сын Глебкі Саша і кажа: «Не пайду, няма чаго абуць, парваліся чаравікі». Як высветлілася, яны ў яго былі адзіныя. Беражлівы быў, лішняга ні для калгаса, ні для сям’і не патраціць. І такі Васіль Аляксандравіч быў ва ўсім.
Справа ўсяго жыцця
Брат Васіля Аляксандравіча – Мікалай, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, таксама працаваў у калгасе, займаўся пчалярствам, але памёр рана. Жонка з траімі дзецьмі засталася адна. – Мне было шэсць гадоў, як не стала бацькі, – расказвае пляменніца Васіля Глебкі Галіна Мікалаеўна Кулеш. – Васіль Аляксандравіч нам дапамагаў, але ніколі ніякіх прывілей у радні не было. Мама хадзіла ў калгас, як і многія, працавала ў ільнаводчай брыгадзе. А мы, дзеці, хадзілі ёй дапамагаць. Праца гэта была вельмі цяжкай. Спачатку збівалі насенне, потым вазілі слаць лён за Нёман,  затым сушылі, мялі ў спецыяльнай машыне, а потым уручную трапалі. І толькі потым звеннявая прымала яго па нумарах у залежнасці ад якасці. Галіна Мікалаеўна неаднаразова падкрэс­лівае, якім працавітым чалавекам быў Васіль Аляксандравіч, як аддана ставіўся да працы. Дзень і ноч ён у полі, усе свае сілы аддаваў калгасу. Як кіраўнік, быў вельмі строгі і патрабавальны  І самае галоўнае – надзвычай справядлівы. Ён нават адвучыў людзей красці: калі даведаецца пра крадзеж – адразу выганяў з калгаса. – Як чалавек, ён быў вельмі просты, стрыманы і негаваркі, – расказвае  Галіна Мікалаеўна. – Нам, пляменнікам, быў як бацька –  мы ўсе трое называлі яго «татка». Але крыху пабойваліся, такім строгім ён нам здаваўся. Памятаю, як напярэдадні ад’езду на вучобу ў меліярацыйны тэхнікум Васіль Аляксандравіч паклікаў мяне. Мы доўга размаўлялі пра маю будучыню, пра жыццё, ён гаварыў, каб я абавязкова прыходзіла да яго, звярталася па дапамогу. Але хутка яго не стала. Васіль Глебка пайшоў з жыцця зусім маладым, пражыў толькі 62 гады, сказалася цяжкая хвароба. Перад самай смерцю, успамінаюць родныя, Васіль Аляксандравіч папрасіў, каб яго павазілі і паказалі палеткі. Вельмі яму хацелася, каб справа яго жыцця працягвалася, каб людзі сумленна працавалі на зямлі, каб калгас квітнеў і багацеў. Гэта быў адзін з тых людзей, які ніколі не думаў ні пра сябе, ні пра сваю сям’ю, ні пра родных – толькі пра справу, толькі пра краіну. Хочацца, каб засталася памяць у нашых сэрцах пра такіх людзей, як Васіль Глебка, пра тых, хто праславіў родную зямлю сваімі справамі, унес значны ўклад у дабрабыт роднай зямлі. Алена Ганцэвіч, «НЖ» Варта пачытаць: Навагрудак рыхтуецца адзначыць сваё 975-годдзе И горько было, и сладко ... Участницей проекта «История Новогрудчины в старом альбоме» стала Татьяна Александровна Гирис из деревни Капащево