Франтавыя дарогі Івана Сцяпанавіча Нямеры

Франтавыя дарогі Івана Сцяпанавіча Нямеры

25 февраля 2020 2781

На парадным пінжаку Івана Сцяпанавіча Нямеры наўрад ці пералічыш усе воінскія ўзнагароды. Але галоўнай сваёй заслугай Іван Сцяпанавіч лічыць не медалі «За Перамогу над Польшчай», «За Перамогу над Германіяй», а тое, што хоць і быў цяжка паранены, але сустрэў Дзень Перамогі.

IMG_1096.JPG

Дату пачатку вайны Іван Сцяпанавіч, як і большасць жыхароў нашай краіны, не забудзе ніколі. З гэтага дня пачалося новае жыццё ў сямнаццацігадовага юнака – дарослае, самастойнае і небяспечнае, пераадоленне голаду, холаду, страху смерці і доўгі шлях дадому. Але нават прайшоўшы праз усе жахі вайны, ён выстаяў.

На фронт Іван Сцяпанавіч трапіў толькі ў 1944 годзе. З Баранавіч адразу быў накіраваны на Брэст, а затым быў фронт. Першы бой развеяў рамантыку юнака – гінулі сябры, знаёмыя. Радавы Іван Сцяпанавіч са сваім 80-м стралковым палком пайшоў на Варшаву, дайшоў да Германіі. За некалькі месяцаў знаходжання на перадавой не аднойчы прыйшлося глядзець смерці ў вочы.

– На заключным этапе Вялікай Айчыннай вайны я быў удзельнікам 1-га Беларускага фронту, – гаворыць Іван Сцяпанавіч Нямера. – Вызваляў Беларусь, Польшчу, прымаў вырашальны ўдзел у Бітве за Берлін. Летам 1944 года Жукаў каардынаваў дзеянні 1-га і 2-га Беларускіх франтоў у ходзе правядзення аперацыі «Баграціён». Я асабіста бачыў маршала Георгія Жукава. Здавалася вось яна, Перамога... Аднак 2 мая 1945 года я быў цяжка паранены ў галаву і нагу. Не адзін раз над галавой свісталі кулі, але дзве з іх усё ж не прамінулі мяне. Разам са многімі іншымі параненымі накіравалі ў шпіталь, у якім знаходзіўся каля дзевяці месяцаў, – з сумам у вачах гаворыць Іван Сцяпанавіч. – Аднак ніколі не забуду, як мы радаваліся перамозе, свабодзе, міру без выбухаў і стрэлаў. Праўда, дома бацькі страцілі надзею на тое, што я вярнуся. Ім хтосьці перадаў, што мяне цяжка параніла і хутчэй за ўсё не выжыву. Аднак мне пашчасціла выжыць!

З часам Іван Сцяпанавіч вярнуўся ў родныя Мукінічы. Пасля вайны патрэбна было прыкласці ўсе намаганні, каб аднавіць вёску, гаспадарку. Патрэбна было дапамагаць бацькам – так я застаўся ў роднай вёсцы. Працаваў ў родным калгасе кавалём, аднак здароўе, украдзенае вайной, давала паступова аб сабе знаць.

Тут сустрэў сваю адзіную каханую Анастасію Якаўлеўну. Разам мы пражылі 61 год. У нас добрыя дзеці – дачка і два сыны. Мы багатыя на ўнукаў і праўнукаў. Вельмі радасна, калі яны ўсе прыязджаюць да нас на святы. Сёлета прыязджалі на мой 95-гадовы юбілей.

Вольга Пісар, "НЖ"