Дом-музей Адама Міцкевіча – справа жыцця Сафіі Анісімавай

Дом-музей Адама Міцкевіча – справа жыцця Сафіі Анісімавай

Дом-музей Адама Міцкевіча – справа жыцця Сафіі Анісімавай

17 июня 2020 3556

Пра ўзрост жанчыны гаварыць не прынята. І дзень нараджэння – гэта не падстава гаварыць пра гады, гэта – магчымасць яшчэ раз успомніць добрым словам чалавека, яшчэ раз выказаць яму сваю павагу, свае пажаданні. Сёння віншаванні з надыходзячым юбілеем адрасаваны ветэрану музейнай справы, лаўрэату прэміі А.І. Дубко, не захавальніку, а сапраўднаму анёлу-ахоўніку Дома-музея Адама Міцкевіча – прыгожай, добрай і шчырай жанчыне Сафіі Мікалаеўне Анісімавай.


Гэты артыкул – сюрпрыз і падарунак да дня нараджэння Сафіі Мікалаеўне – равесніцы Вялікай Перамогі. Заўтра, 17 чэрвеня, яна будзе прымаць віншаванні, а сёння пра яе расказваюць самыя родныя і блізкія людзі – сястра, сын з нявесткай, унукі і, зразумела, калегі, бо Дом-музей Адама Міцкевіча стаў для нашай гераіні лёсам, яе другім домам. Яе жыццё – гэта музейная справа, назаўсёды, на больш чым сорак гадоў. А засваенне музейнай справы пачалося яшчэ ў 1979 годзе, калі яна з мужам Барысам Васільевічам і сынамі Ігарам і Алегам вярнулася на малую радзіму, на Навагрудчыну, з Германіі, дзе служыў муж.



Крыніца натхнення – сям’я

– Час няўмольны, хутка ляціць, – адзначае родная сястра імянінніцы Валянціна Мікалаеўна ЗІМА. – Як сёння памятаю дзень, калі нарадзілася Соня. Яна стала трэцяй дачкой для таты і мамы і малодшай сястрой для нас з Таісай. Дзяцінства наша прайшло ў вёсцы Уселюб. Час пасляваенны, няпроста было і дарослым, і нам, дзецям. Бацькі працавалі ў лясніцтве, а мы з сёстрамі дапамагалі. Не расказаць, колькі хваёвай смалы мы сабралі – па два вядры насілі. Трэба было зарабіць грошай – бацькі будавалі дом. У школе Соня добра вучылася, дысцыплінаваная была. Яна вельмі любіла замежную мову, добрыя веды былі і па ўсіх прадметах. Сястра маладзейшая за мяне на тры гады, але ўрок англійскай мовы, на які прывялі ў наш клас Соню, я памятаю і сёння, – з усмешкаю адзначае Валянціна Мікалаеўна. – Ёй настаўніца задае пытанне, яна тут жа адказвае па-англійску. А мне так сорамна, што я, старэйшая, і не ведаю так добра. Пасля заканчэння школы яна паехала ў Мінск і паступіла ў педагагічны інстытут імя М. Горкага. Пасля замужжа пераехала з мужам – ваеннаслужачым – у Забайкалле, дзе закончыла гістарычны факультэт Чыцінскага інстытута.


Соня – вельмі добры і шчыры чалавек, заўсёды прыйдзе на дапамогу, падтрымае ў радасці і цяжкую хвіліну. Яна больш думае пра другіх – мяне, дзяцей, унукаў, чым пра сябе. А якім аўтарытэтам яна з’яўляецца для нас, родных, для сусе­дзяў, калег. Яна ніколі ні пра каго дрэннага слова не скажа, ціха і спакойна згладжвае любую сітуацыю, непаразуменне. А яшчэ яна вельмі добры кулінар. Ніколі з яе дому не выйдзеш, каб яна не накарміла. Пірагі, пячэнне і іншыя прысмакі пячэ на ўсе святы, каб парадаваць родных. Я доўга магу пералічваць станоўчыя рысы маёй сястры, не ў кожным чалавеку столькі вытрымкі і стрыманасці, душэўнай цеплыні і прыгажосці, мудрасці, а вось у Соні ўсё гэта ёсць.


Дзеці – надзейная апора

На жаль, рана не стала мужа Сафіі Мікалаеўны, сёння яе надзейная апора – сыны Ігар і Алег. Старэйшы жыве ў Мінску, а вось з Алегам мы сустрэліся напярэдадні дня нараджэння матулі.

– На маёй галаве сёння серабрыцца сівізна, у мяне ёсць свае дзеці, але для мяне няма хвілін лепшых, чым тыя, якія я праводжу побач з табой, мая любімая мама! Для цябе я і сёння той жа маленькі хлопчык, якога ты за руку вяла ў дзіцячы сад, затым у школу. Ты радавалася ўсімі маімі поспехамі і засмучалася няўдачамі. Мы разам вывучалі англійскую мову – любоў да замежных моў у мяне ад цябе, – прызнаецца ў любві матулі сын Алег АНІСІМАЎ. – З такой жа шчырасцю ты сёння радуешся поспехамі маіх дзяцей – тваіх унукаў Ганначкі і Усевалада. Поспехамі яшчэ аднаго ўнука Дзяніса – сына Ігара. Гады не змянілі цябе, ты  такая ж прыгожая, з добрай усмешкай і іскрынкай у вачах. Ты для мяне заўсёды была і застаешся прыкладам для пераймання, аўтарытэтам. З днём нараджэння, мая любімая і дарагая мама! Будзь шчаслівай, няхай яшчэ доўгія гады цябе нязменна суправаджае поспех, моцнае здароўе і добры настрой!



Музей – гэта яе жыццё

Імя Сафіі Мікалаеўны Анісімавай вядома не толькі навагрудчанам. Добра ведаюць імянінніцу госці нашага горада. Уражанне пра наш горад складаецца ў першую чаргу ад убачанага і ад пачутага. З якім захапленнем Сафія Мікалаеўна расказвае падчас экскурсіі пра жыццёвы і творчы лёс нашага знакамітага земляка Адама Міцкевіча! Як цудоўна чытае творы паэта ў арыгінале, на мове Міцкевіча, а таксама на беларускай і рускай мовах! Здаецца, яна ведае на памяць усяго Міцкевіча, і гэта не пакідае раўнадушным ні аднаго наведвальніка музея. Хто хоць адзін раз пабываў на экскурсіі Сафіі Мікалаеўны, застаецца ў захапленні на ўсё жыццё.

Кожны, хто ведае С.М. Анісімаву, пацвердзіць: гэта вельмі прывабная, інтэлігентная, добразычлівая і камунікабельная жанчына. Яна ўдала спалучае выдатныя чалавечыя і прафесійныя якасці.


– Першапачаткова мы з Сафіяй Мікалаеўнай працавалі паралельна – я ў гістарычна-краязнаўчым музеі, а яна ў музеі Адама Міцкевіча. А вось апошнія дваццаць гадоў мы працавалі разам. Зараз Сафія Мікалаеўна на заслужаным адпачынку, але яна не перастае дзяліцца з намі сваім вопытам. Пры магчымасці праводзіць экскурсіі для замежных турыстаў і суайчыннікаў, – расказвае дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай ГАЙБА. – Сафія Мікалаеўна з’яўляецца адным з аўтараў канцэпцыі і дзеючай зараз экспазіцыі музея, а таксама яна аўтар экспазіцыі-выстаўкі «Свет кухні. Малюнкі сялянскага жыцця». Пасля наведвання гэтай выстаўкі задаволенымі застаюцца не толькі дзеці, але і дарослыя. А колькі падзячных слоў у кнізе водгукаў адрасавана старшаму навуковаму супрацоўніку С.М. Анісімавай!  Разам з тым Сафія Мікалаеўна з’яўлялася адным з арганізатараў літаратурна-музычных салонаў, распрацавала дзясяткі лекцый. Самымі цікавымі і запатрабаванымі і сёння з’яўляюцца  лекцыі «Лёс нашчадкаў Адама Міцкевіча» і «Жанчыны ў жыцці паэта».


Сафія Мікалаеўна займалася актыўнай грамадскай дзейнасцю, была дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Узнагароджана граматамі раённага, абласнога ўпраўленняў культуры. У 2003 г. стала лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва».

Паважаная Сафія Мікалаеўна, прыміце самыя шчырыя віншаванні і пажаданні ў гэты знакавы для Вас дзень. Асабіста я і калектыў Дома-музея жадаем Вам моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, дабрабыту ў сям’і,  – выказаў пажаданні Мікалай Паўлавіч.


Дарагая Сафія Мікалаеўна, я не магу не далучыцца да шчырых віншаванняў у Ваш адрас. Мне пашчасціла разам з Вамі працаваць на працягу дзесяці гадоў. І хачу сказаць, што такога шчырага, добрага, памяркоўнага, сардэчнага і адданага справе чалавека даводзіцца сустрэць не так часта ў сваім жыцці. Дзякуй Вам за падтрымку, разуменне і Вашу мудрасць. Моцнага здароўя, радасці і натхнення.

Вольга Пісар, «НЖ»