Дарога сумлення Пятра Мазуры

Дарога сумлення Пятра Мазуры

07 марта 2020 2018
Шмат каму з вучняў сярэдняй школы №4 пашанцавала: на іх шляху сустрэўся сапраўдны чалавек і выдатны настаўнік – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, дырэктар школы Пётр Аляксеевіч Мазура. Увасабляючы ў сабе лепшыя чалавечыя якасці, ён абуджаў ў сэрцах вучняў шчырае імкненне да ведаў, а скупыя радкі падручнікаў дапаўняў уласнымі расказамі-ўспамінамі. Перад вучнямі быў не проста настаўнік, а відавочца і ўдзельнік тых гераічных ваенных гадоў. І ў класах у гэты час стаяла абсалютная цішыня. Тысячы выпускнікоў і сёння захоў­ваюць у сваіх сэрцах удзячную памяць пра настаўніка, чый жыццёвы шлях з’ўляецца прыкладам мужнасці, міласэрнасці, высокага педагагічнага таленту і самаадданай любві да Радзімы.

Ваявалі ўсёй сям’ёй

Малая радзіма Пятра Аляксеевіча Мазуры – вёска Дубатоўка Дзятлаў¬скага раёна. Тут да вайны жылі Аляксей Пятровіч і Соф’я Аляксандраўна Мазуры і іх пяцёра дзяцей. Пётр нарадзіўся 14 кастрычніка 1924 года, у роднай вёсцы закончыў пачатковую школу. Жылі звычайна: працавалі ў калгасе, абраблялі зямлю. Сям’я была беднай, і бацькі марылі, што дзеці атрымаюць адукацыю і змогуць «выбіцца ў людзі». Усе надзеі перакрэсліла вайна. Старэйшы брат Пятра Аляксеевіча Васіль пайшоў у партызаны, быў камандзірам коннай разведкі. Вядома, многія ў наваколлі ведалі, што ён у партызанскім атрадзе. У любы момант сям’ю магла чакаць смерць. Пакінуўшы дом, гаспадарку, бацькі вырашаюць ісці ў партызанскі атрад. Бацька з двума сынамі Пятром і Іванам увайшлі ў склад баявой групы партызанскага атрада «Кастрычніцкі» брыгады імя Кірава. Маці была ў партызанскім атрадзе поварам, дочкі дапамагалі ёй. Да вызвалення Навагрудчыны яны знаходзіліся ў партызанскім атразе. У маі 1943 года сям’я атрымала страшную вестку – старэйшы сын Васіль загінуў у барацьбе з ворагамі. Пётр разам з братам Іванам быў разведчыкам, прымаў удзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На рахунку атрада «Кастрычніцкі» 36 пушчаных пад адхон эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, разбітыя варожыя гарнізоны, аперацыі па выратаванні насельніцтва ад знішчэння, высылкі ў Германію. За мужнасць і гераізм Пётр Мазура быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. img-190315121531-0014 img-190315121442-0011 img-190315121720-0011 img-190315121627-0015

Чужых праблем не бывае

Пасля вайны сям’я Мазура пераязджае жыць у горад. Бацька ўладкоўваецца на працу ў Навагрудскі лясгас, Пётр служыць у гарадскім аддзеле органаў дзяржаўнай бяспекі, заканчвае сямігодку рабочай моладзі. 31 жніўня 1948 года па асабістай просьбе ён быў звольнены са службы ў званні старшага сяржанта спецслужбы. Наступныя два гады вучыцца ў Навагрудскім педвучылішчы, а з трэцяга курса яго адзываюць на работу ў апарат Навагрудскага РК ЛКСМБ. 28 жніўня 1950 года быў абраны другім сакратаром, а пазней стаў працаваць у Навагрудскім РК КПБ. Вучобу Пётр Аляксеевіч працягвае на літаратурным факультэце завочнага аддзялення Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, дзе знаёміцца з будучай жонкай Верай Максімаўнай, якая вучылася на матэматычным факультэце. У 1956 годзе маладыя пажаніліся. Спачатку жылі ў інтэрнаце, дзверы іх пакоя былі адчынены для любога. [quote]«Ён быў прыгожы, статны, інтэлігентны, з лёгкасцю звяртаў на сябе ўвагу, быў актыўным у размове, умеў выслухаць, даць мудрую параду, – успамінала Вера Максімаўна Мазура, – Калі патрэбна была дапамога, парада ці падтрымка – усе чамусьці прыходзілі да яго. Здаралася, збіраліся самыя розныя людзі – і з усімі ён быў аднолькава ветлівым, нікому не аддаваў перавагі. Ён быў нераўнадушным да сваіх сяброў, таварышаў, саслужыўцаў. Яго хвалявала чужое гора. Пётр гаварыў, што гора, няхай нават чужое, вучыць дабрыні.»[/quote] Асабліва любіў і паважаў Пётр Аляксеевіч сваіх бацькоў. Маці, якая выхавала і выгадавала дзяцей, не апусціла рукі ў цяжкія часы. Бацьку, мэтай жыцця якога было імкненне «вывесці дзяцей у людзі». Знаёмыя адзначалі, што сіла волі, бясстраш¬насць, інтэлігентнасць Пятру перадаліся ад бацькі, які, да слова, быў граматным, скончыў школу. Падкрэсліваючы, што іх, дзяцей, бацькі любілі аднолькава пяшчотна і цёпла, Пётр Аляксеевіч і сам вельмі любіў сваіх сясцёр і брата. Ніколі не забываў і сваіх баявых таварышаў, на Дзень Перамогі яны абавязкова збіраліся разам. У хатнім архіве Пётр Аляксеевіч беражліва захоўваў звесткі пра байцоў свайго партызанскага атрада, каб у любы момант можна было з імі звязацца. Родныя ўспаміналі такі выпадак. Разам з Пятром Аляксеевічам у атрадзе ваяваў баец Тамашэўскі, які загінуў у гады вайны. Яго дзеці жылі ў Вінніцкай вобласці на Украіне і ніякіх звестак пра бацьку не мелі. Тамашэўскага лічылі без вестак прапаўшым. Адзін з баявых таварышаў даведаўся пра пошукі і паведаміў аб гэтым Пятру Аляксеевічу, які звязаўся з сям’ёй Тамашэўскага. З таго часу кожны год дзеці Тамашэйскага прыяз¬джалі ў Навагрудак, наведвалі магілу бацькі і сустракаліся з Пятром Мазурай.

img-190315121811-0011

Настаўнік па прызванні

Дырэктар Куравіцкай школы, сакратар Воранаўскага РК КПБ, дырэктар Уселюбскай школы – на любой пасадзе Пётр Аляксеевіч праяўляў сябе як мудры кіраўнік і граматны арганізатар, сумленна адносіўся да сваіх абавязкаў, карыстаўся аўтарытэтам сярод калег і павагай вучняў. У 1965 годзе ў гораде адкрылася сярэдняя школа №4, якую з першых дзён на працягу дваццаці гадоў узначальваў Пётр Аляксеевіч Мазура. Гісторыю Пётр Аляксеевіч лічыў самым цікавым і займальным прадметам, каштоўнай спадчынай, якую патрэбна зберагчы. А галоўнай узнагародай для яго была павага калег і любоў вучняў. Ён быў перакананы, што неадораных вучняў не бывае, а калегам часта паўтараў: «Вырашаеце лёс дзіцяці – падумайце, а калі б гэта быў ваш сын ці дачка». Для яго прафесія ніколі не была працай – гэта было прызванне, а родную школу ён лічыў другім домам. [quote] Крысціна Станіславаўна КАРАЛЬКО, намеснік дырэктара СШ №4 з 1980 па 2002 гг.: – Чалавека больш гуманнага, справядлівага і тактоўнага, чым Пётр Аляксеевіч, я ў сваім жыцці не сустракала. Мы працавалі разам, і я заўсёды адчувала яго падтрымку і павагу. Як кіраўнік і чалавек, ён многаму мяне навучыў. У школу дырэктар прыходзіў раней за ўсіх, абавязкова сустракаў вучняў і настаўнікаў, вітаючы кожнага. Так што спазніцца было проста немагчыма. Яго паважалі калегі і вельмі любілі вучні. Ён ніколі не прыніжаў людзей, нікому прылюдна не даваў заўваг, быў надзвычай добразычлівым і справядлівым, але ж і патрабавальным. Не мог прымірыцца з абыякавым стаўленнем да работы, хутка адрозніваў праўду ад хлусні і не любіў, калі яго спрабавалі падмануць. [/quote] Заўсёды перажываў за сваіх настаўнікаў, стараўся даць мудрую параду, дапамагаў знайсці выйсце ў няпростай сітуацыі. Любую справу Пётр Аляксеевіч даводзіў да канца, быў сапраўдным гаспадаром у школе. Аднак на першым месцы ў яго абавязкова быў чалавек, дарослы ці маленькі, яго адносіны да работы, да вучобы. Паважаў людзей адказных, граматных, шчырых, дапамагаў кожнаму, каму патрэбна была дапамога: атрымаць кватэру, знайсці ўрача, пабудаваць гараж. Гэта быў чалавек рэдкіх душэўных якасцей: высакародны, далікатны, шчыры і просты ў зносінах. Вельмі любіў сваю жонку і дачку, быў добрым сем’янінам. Напэўна, не было такога чалавека, хто б ні паважаў Пятра Аляксеевіча. У 1988 годзе Пятра Аляксеевіча Мазуры не стала. Аднак пасля сябе ён пакінуў добрыя справы, светлыя ўспаміны і часцінку сваёй душы ў сэрцы кожнага, хто яго ведаў. Ён часта гаварыў, што ў жыцці чалавеку даецца бязмежная магчымасць рабіць дабро людзям. І якой бы сціплай ні была зробленая вамі добрая справа, яна пакіне прыемны след перш за ўсё ў вашай душы і прынясе вам ні з чым не параўнальнае пачуццё маральнай задаволенасці – такім быў галоўны ўрок настаўніка з вялікай літары. Упэўнена, што і сёння дарогай сумлення Пятра Мазуры ідуць многія яго вучні. Алена Ганцэвіч, «НЖ» Варта пачытаць: Урокі жыцця і мудрасці педагога-ветэрана Канстанціна Вінаграда