Бельскія: лёс вялікай яўрэйскай сям’і

Бельскія: лёс вялікай яўрэйскай сям’і

14 сентября 2018 2996

Сваю адметную старонку ў гісторыі партызанскага руху на Беларусі займае партызанскі атрад Тувіі Бельскага. Яўрэі-партызаны не толькі мужна ваявалі з ворагам, але і выратавалі ад гібелі сотні яўрэяў – жыхароў навакольных мястэчак. З кожным годам усё больш нашчадкаў былых партызан атрада Бельскага прыязджаюць у Навагрудак. У маі гэтага года пазнаёміцца з нашым горадам вырашылі Бельскія з С.-Пецярбурга, Чарнігава і Ізраіля. Іх дзядуля Зеліг быў родным братам Давіда Бельскага з в. Станкевічы, бацькі вядомага камандзіра яўрэйскага партызанскага атрада Тувіі Бельскага.

Партызанскі атрад Бельскага – самы вялікі яўрэйскі партызанскі атрад не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ўсёй акупіраванай нацыстамі Еўропы. Заснаваны летам 1942 года Тувіем, Асаэлем і Зусем Бельскімі, у чэрвені 1943 года атрад вырас да 750 чалавек. Лагер Бельскіх у Налібоцкай пушчы ўяўляў сабой цэлы горад. Некалькі дзясяткаў зямлянак (у самых вялікіх пражывала каля 40 чалавек) былі пабудаваны ў два рады ўздоўж галоўнай вуліцы. У цэнтры знаходзіўся штаб, майстэрні, пляцоўка для агульнага збору.  Як сведчаць архіўныя дакументы, партызаны атрада Бельскага пусцілі пад адхон 6 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, узарвалі 20 чыгуначных і шашэйных мастоў, 800 метраў чыгуначнага палатна, знішчылі 16 аўтамашын, больш за 260 нямецкіх салдат, афіцэраў і іх памагатых.

 

Браты Бельскія

Да вайны родныя браты Давід і Зеліг Бельскія мелі вялікія сем’і. У Давіда было 12 дзяцей, у Зеліга – сямёра ад першай жонкі і трое ад другой. Першая жонка Шыфра Ізраэліт памерла ад тыфу, калі малодшаму сыну Юдэлю было 9 гадоў. Давід трымаў млын у в. Станкевічы, а яго брат Зеліг жыў у Навагрудку на вуліцы Карэліцкай, 36 і быў шкляром. Навагрудскія Бельскія былі гараджанамі ў поўным сэнсе слова. У 20-я гады XIX ст. многія жыхары Навагрудчыны выязджалі за мяжу ў пошуках лепшай долі. Сын Давіда і трое старэйшых сыноў Зеліга таксама паехалі ў Амерыку.

[caption id="attachment_73832" align="alignnone" width="800"]Юдэль Бельскі - крайні справа. Фота з сямейнага архіва Іегуды і Лолы Бельскіх прадастаўлена Леслі Бэлл. Юдэль Бельскі - крайні справа. Фота з сямейнага архіва Іегуды і Лолы Бельскіх прадастаўлена Леслі Бэлл.[/caption]

Юдэль аказаўся старэйшым з дзяцей Зеліга, якія засталіся ў Навагрудку. Ён скончыў школу Тарбут. Гэта была школа для яўрэйскіх дзяцей новага свецкага тыпу. Само слова “тарбут” на іўрыце азначае “культура”. Навучанне ў ёй вялося на іўрыце.  Акрамя іўрыта і ідыша, на якіх размаўлялі ў яўрэйскіх сем’ях, Юдэль ведаў рускую і польскую мовы. Ён іграў на скрыпцы і гітары ў ансамблі, быў атлетам і першакласным танцорам.

Сын Давіда – Тувія Бельскі, як і яго стрыечны брат Юдэль, служыў у польскай арміі. Тувія скончыў службу ў 1937 годзе, вярнуўся дамоў, ажаніўся, пераехаў у в. Суботнікі, а ў верасні 1939 г., – у Ліду.

У верасні 1939 года, калі Германія напала на Польшчу, Юдэль яшчэ служыў у польскай арміі ў званні лейтэнанта, быў ранены ў нагу, трапіў у шпіталь у Варшаве. Калі ў шпіталь заявіліся эсэсаўцы, шукаючы польскіх афіцэраў і яўрэяў, яму прыйшлося ўцякаць. Ён быў і тым, і другім. Уцячы дапамагла медсястра. Дабраўшыся ў Навагрудак, які яшчэ амаль два гады жыў мірным жыццём, Юдэль пачаў працаваць цырульнікам у цырульні сваёй жонкі, пабудаваў дом.

«Не плануем здавацца»

У чэрвені 1941 года вайна прыйшла і ў Навагрудак.  У лістападзе Давіда Бельскага разам з жонкай Бэлай немцы забралі ў Навагрудак. Яны і двое сыноў загінулі ў першы год акупацыі. Зеліга, яго жонку, трох дачок, двух зяцёў і пяцёра ўнукаў таксама расстралялі 8 снежня 1941 года ў Скрыдлеве.  Выратавацца змаглі Тувія з братамі. Усю першую акупацыйную зіму яны хаваліся ў знаёмых, пераходзячы з адной вёскі ў другую. Часта начавалі ў гумне альбо проста ў лесе. Як толькі пацяплела, яны збудавалі сваю першую зямлянку ў лесе паміж Станкевічамі і Малой Ізвай. Мясцовыя людзі называюць гэтае месца Пералаз. Быў чэрвень 1942 года. Іх было дваццаць чалавек – сям’я Бельскіх.

Юдэль з жонкай аказаліся ў гета на Пярэсецы. Незадоўга да другой акцыі расстрэлу, якая адбылася 7 жніўня 1942 г., калі 4000 чалавек з гета на Пярэсецы былі расстраляны на Літоўцы, Юдэль атрымаў запіску ад свайго стрыечнага брата Тувіі.

У запісцы, якую ў гета прынёс даваенны сябра Косцік Казлоўскі з вёскі Макрэц, Тувія напісаў: «Мы хаваемся ў лесе і не плануем здавацца немцам. Прыводзь жонку і пару добрых хлопцаў, і мы што-небудзь прыдумаем. Калі ласка, не сумнявайся. Спадзяюся хутка ўбачыць цябе ў лесе”.

Перажыўшы жнівеньскую акцыю расстрэлу, Юдэль з жонкай і яшчэ восем старанна падабраных маладых хлопцаў адарвалі дошкі ад плота, перарэзалі калючы дрот і ўцяклі з гета ў лес.  Праз некалькі дзён блуканняў па лесе, яны сустрэліся з Тувіем, Асаэлем і Зусем Бельскімі ў Пералазе.

«Рафінаваны» Бельскі

З прыбыццём гэтай першай групы атрад Бельскіх перастаў быць сямейным, паколькі сярод прыбыўшых не ўсе былі раднёй. Юдэль прапанаваў выбраць Тувію камандзірам. Так сямейная група Бельскіх стала атрадам, і першае імя, якое яны сабе ўзялі, было атрад імя Жукава.  Вайсковы вопыт дапамагаў Юдэлю. Ён не аднойчы пранікаў у гета, каб вывесці чарговую групу вязняў у лес. Калі ў лес прыйшла Соня Болда, Зусь Бельскі захацеў з ёй ажаніцца, але яна паставіла ўмову: спачатку ён дапаможа яе баць­кам уцячы з гета ў лес. У гета пайшоў Юдэль, і праз некалькі дзён бацькі Соні былі ў атрадзе.

І хаця жыць у лесе было няпроста, нават там ён заставаўся “гарадскім”. З-за манеры паводзін сябры па зброі называлі яго “рафінаваным Бельскім”, на ідышы –  цыдл (cydl). Юдэль у сваю чаргу ўвёў у партызанскі абіход слова “мальбуш” (malbush – той, хто не прыносіць карысці) для тых, хто не быў прыстасаваны да жыцця ў лесе і не ведаў, з якога боку прыступіцца да каня альбо як абыходзіцца са зброяй. Сам ён дзейнічаў рашуча ў самых незвычайных умовах. Аднойчы, калі яго сябра ранілі ў галаву, ён фактычна выратаваў яго жыццё, зрабіўшы аперацыю на галаве... і той дажыў да 87 гадоў.  Юдэль, як і ўсе Бельскія,  быў гатовы вая­ваць і помсціць за сваю расстраляную радню і за пралітую кроў яўрэяў. 

Раскіданыя лёсам па свеце

[caption id="attachment_73830" align="alignnone" width="300"]Самуіл Бельскі Самуіл Бельскі[/caption]

Лёс Самуіла, зводнага брата Юдэля, склаўся інакш. Калі 24 чэрвеня на Навагрудак упалі першыя нямецкія бомбы і ён на веласіпе­дзе вярнуўся дамоў, яго бацька Зеліг загадаў сыну ўцякаць. Ра­зам з сябрам спачатку на веласіпедах яны паехалі ўслед за адступаючымі чырвонаармейцамі на ўсход. Ехалі, колькі маглі. Потым – спадарожнымі эшалонамі, у таварняках, пакуль не апынуліся ў Расіі. Там яго прызвалі на флот. У 1944 г. Самуіл аказаўся ў шпіталі ў Ташкенце з цяжкай формай тыфу. Яго палічылі безнадзейным і вынеслі з палаты, паклалі разам з трупамі. Ноччу Самуіл ачуняў і, зразумеўшы, што ляжыць сярод трупаў, сабраўшы ўсе сілы, выпаўз з гэтага пекла. Яго знайшлі санітаркі і забралі назад у палату. Вайна скончылася, Самуіл ажаніўся і пасяліўся з сям’ёй у Чарнігаве. У доме, які ён сам пабудаваў, сёння жыве яго ўнук Юрый Пінскі. Гэта ён арганізаваў прыезд сваіх бацькоў, цёткі з Ізраіля і дзядзькі з С.-Пецярбурга ў Навагрудак. А яшчэ ён прывёз сваю сям’ю – жонку і дваіх дзяцей, каб яны таксама ведалі, адкуль іх род.

Зіновій Бельскі з С.-Пецярбурга аказаўся кампазітарам і выканаўцам уласных твораў у стылі рускага шансону. Да таго, як стаць кампазітарам і спеваком, ён зрабіў кар’еру ад настройшчыка музычных інструментаў да дырэктара фабрыкі музычных інструментаў. А пасля распаду Савецкага Саюза стварыў з нуля ўласны бізнес па продажы фурнітуры для швейнай вытворчасці. Ён нічога не ведаў пра ніткі і гузікі, калі пачынаў свой бізнес, але і тут дасягнуў поспехаў.  Зіновій не толькі атрымаў у спадчыну выключны музычны слых, якім валодаў яго дзядзька Юдэль, але рашучы і незалежны характар Бельскіх.

[caption id="attachment_73834" align="alignnone" width="298"]Зельда Бельская Зельда Бельская[/caption]

Пра візіт Бельскіх у Навагрудак даведалася сям’я Зінаіды (Зельды) Бельскай у Аўстраліі. Зельда, былая партызанка атрада Бельскага, была зводнай  сястрой Юдэля і стрыечнай сястрой Тувія. Пасля таго, як яе зводны брат Юдэль уцёк з гета ў лес, яна таксама вырашыла ўцякаць і шукаць партызан. Яе муж адмовіўся ісці разам, але гэта яе не спыніла. У кастрычніку 1942 г. Зельда выйшла разам з іншымі вязнямі з гета на працу ў горад. Яна была апошняй у калоне, якая расцягнулася на некалькі соцень метраў па вуліцы, што вяла ў цэнтр (сёння вул. Сечка). Перад выхадам з гета Зельда знарок накінула на плечы нейкі палавік, каб не было відаць яе жоўтай латы. Паціху адстаючы ад калоны, яна спа­дзявалася ўцячы. Гэта заўважыў паліцай, які ішоў па другім баку вуліцы. Ён пазнаў Зельду і зразумеў, што яна збіраецца ўцячы. Як Зельда расказвала дзецям і ўнукам, “ён закрыў вочы на тое, што бачыў”. Так яна сама знайшла дарогу ў атрад. Яе муж Лазар, які пазней таксама далучыўся да партызан, загінуў у ліку дзесяці партызан на хутары Белавуса. А Зельда, якую ўсё жыццё лічылі кволай і са слабым здароўем, перанесла ў лесе тыф, нара­дзіла трох дочак пасля вайны і перавезла сям’ю ў Аўстралію. У тым, што яна і яшчэ звыш тысячы яўрэяў засталіся жывымі, безумоўная заслуга Тувіі Бельскага і яго братоў Асаэля і Зуся.

«Для мяне важна, каб яўрэі засталіся жыць…»

Выратаваць яўрэя для камандзіра Тувіі Бельскага было важней, чым забіць немца.

[caption id="attachment_73831" align="alignnone" width="431"]Тувія Бельскі Тувія Бельскі[/caption]

Ён гаварыў: «Менавіта таму, што нас засталося так мала, для мяне важна, каб яўрэі засталіся жыць».

Як расказаў Дэвід Зільберкланг падчас наведвання Ляснога Іерусаліма (так мясцовыя жыхары называлі лагер Бельскіх у Налібоцкай пушчы), калі, ратуючыся ад немцаў, увесь атрад ішоў праз балота на  Чырвоную Горку, вада даходзіла па пояс, а некаторым і па шыю. Тувія ўвесь час правяраў калону, падбадзёрваючы людзей: «Кіндэрлах (“дзеткі” – ідыш), калі гэта скончыцца, мы з вамі пойдзем у кіно і ўбачым гэту гісторыю на экране». Такім памятала камандзіра маці Дэвіда Рыўка Сэндэроўская, якую ра­зам з яе 64-гадовай маці Бельскія прынялі ў атрад у лістапа­дзе 1942 года.  

Сёння ў свеце каля 25 000 нашчадкаў партызан атрада Бельскага. У наступным годзе спаўняецца 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі і Навагрудка.  Гэта доб­рая нагода сабрацца ўсім разам.        

Тамара Вяршыцкая,

навуковы супрацоўнік і куратар Музея яўрэйскага супраціўлення

Усе матэрыялы праекта газеты «Новае жыццё» «Жыць і помніць»: http://novgazeta.by/category/nashi-proekty/zhyc-i-pomnic/